Міхал Вінцэнт Балінскі, у расійскай традыцыі Міхаіл Ігнатавіч Балі́нскі (псеўданімы: Auszławis, Usztaritois, Mokitinis, Аушлавис; ) — гісторык, краязнавец, публіцыст, рэдактар. Магістр філасофіі (1818).
Біяграфія З роду Балінскіх герба «Ястрабец». Сын Ігнацыя Балінскага і Ганны з Корсакаў. Брат Станіслава Балінскага.
Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1818). Вывучаў літаратуру і гісторыю ў Іаахіма Лялевеля і права ў Ігната Даніловіча. У 1816—1822 і 1829—1830 гадах супрацоўнік часопіса «Dziennik Wileński». З 1818 года разам з Лялевелем рэдагаваў часопіс «Tygodnik Wileński». Належаў да Таварыства шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газеты «Wiadomości brukowe». У 1818—1822 гадах сакратар Віленскага друкарскага таварыства. У 1831 гадах арыштаваны за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830—1831 гадоў. З 1836 года жыў у Варшаве, працаваў ва ўстановах асветы, займаўся навукай. У 1841 годзе ініцыятар стварэння і адзін з рэдактараў навукова-літаратурнага часопіса «Biblioteka Warszawska». З 1847 года канчаткова пасяліўся ў сваім маёнтку Яшуны каля Вільні, займаўся даследаваннем мясцовых археалагічных помнікаў. Друкаваўся ў газеце «Kurier Wileński». У 1855—1862 гадах віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі, з 1856 года член Рускага геаграфічнага таварыства.
Навуковая дзейнасць Аўтар прац па гісторыі ВКЛ, Вільні і Віленскага ўніверсітэта. Супольна з Тыматэўшам Ліпінскім выдаў працу «Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym…» (t. 1-3, 1843-46; 2-е выданне: t. 1-4, 1885-86), трэці том якой, падрыхтаваны Балінскім, прысвечаны населеным пунктам Беларусі. Упершыню даў апісанне старажытнасцей Лоска (Валожынскі раён), Ружан (Пружанскі раён), Смаргоні, Быхава, Пінска, Слуцка, Гродна і іншых, рэшткаў замка на возеры Мястра, датаваў час закладкі Ніжняга замка ў Полацку.
Сям’я З 1820 года ў шлюбе з Зоф’яй, дачкой Анджэя Снядэцкага. Мелі сына Яна.
Крыніцы
Літаратура
Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. — Мн., 1984. — С. 42—43.
Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Балінскія герба «Ястрабец»