Крыжо́выя пахо́ды — агульная назва ваенна-палітычных кампаній, якія праводзіліся заходнееўрапейскімі феадаламі ў XI—XV стагоддзях пад рэлігійнымі лозунгамі з санкцыі папскага прастолу. У вузкім сэнсе — серыя такіх паходаў на Блізкі Усход (1096—1270; прынята разлічаць 8 крыжовых паходаў), першасна з мэтай вызвалення тэрыторый, на якіх узнікла хрысціянства, з-пад улады «няверных», а фактычна і ў інтарэсах феадалаў Заходняй Еўропы, якія імкнуліся да набыцця новых земляў і прыгонных, новых прадметаў раскошы, і ў інтарэсах эканамічна развітых гарадоў Паўночнай Італіі, якія ўступілі ў фазу перадкапіталістычнага развіцця і былі зацікаўлены ў развіцці гандлёвых сувязяў з краінамі Усходу. Перад пачаткам першага крыжовага паходу, на саборы ў горадзе Клермон (Францыя), у 1095 годзе, яго ўдзельнікі пакляліся вызваліць магілу гасподнюю ў Іерусаліме, у знак чаго нашылі на сваіх строях чырвоны крыж, адкуль паходзіць назва ўдзельнікаў усіх крыжовых паходаў — крыжакі. Папы дакляравалі ім адпушчэнне ўсіх грахоў, здзейсненых пад час крыжовых паходаў. Найбольш важныя з паходаў на Блізкі Усход: першы (1096—1099), самы паспяховы, у ходзе якога былі адваяваны ў мусульман Палесціна з Іерусалімам (ізноў страчаны хрысціянамі ў 1187 годзе), Сірыя і частка Малой Азіі і створаныя першыя дзяржавы крыжакоў; і чацвёрты (1202—1204), які скончыўся разгромам і разрабаваннем Канстанцінопаля і стварэннем крыжацкіх дзяржаў на тэрыторыі Візантыйскай імперыі. З падзеннем крэпасці Ака (1291) крыжакі страцілі ўсе іх тэрытарыяльныя набыткі на Блізкім Усходзе, апроч астравоў Усходняга Міжземнамор’я, захопленых асманамі ў XVI стагоддзі. Нягледзячы на заваёўніцкі і рабаўніцкі характар гэтых крыжовых паходаў і іх канчатковую няўдачу, яны паспрыялі паскарэнню эканамічнага і сацыяльнага развіцця краін Заходняй Еўропы, ідэйнай і культурнай кансалідацыі еўрапейскіх народаў, мадэрнізацыі іх побыту і светапогляду, азнаёмілі еўрапейцаў з навуковымі і тэхнічнымі дасягненнямі мусульманскіх краін, а таксама старажытнагрэчаскай спадчынай.
Крыжовыя паходы
Першы крыжовы паход
Першы крыжовы паход быў аб’яўлены Папам Рымскім Урбанам II (1095) з мэтай адваявання свяшчэннага горада Іерусаліма і Свяшчэнай Зямлі ў мусульман. Пачынаўся як заклік аб дапамозе, і хутка ператварыўся план заваёўвання тэрыторый Блізкага ўсходу. Рыцары і сяляне, ад розных краін Заходняй Еўропы, адправіліся ў паход да Іерусаліма. У 1099 г. горад быў узяты, на яго падставе крыжаносцы ўтварылі дзяржаву Іерусалімскае каралеўства. Паход паказаў моц аб’яднанай Еўропы і стаў адзіным паходам, у адрозненні ад астатніх, які выканаў усе пастаўленыя мэты. Папства разглядала паход, як сродак навязвання каталіцызма, ператвараючы вайну ў хрысціянскую місію.
Першы крыжовы паход паспрыяў утварэнню дзяржаў-крыжакоў у Палесціне і Сірыі: Эдэскае графства, Антыёхскае княства, Іерусалімскае каралеўства і Графства Трыпалі. У Заходняй Еўропе ўдзельнікі паходу лічыліся за героеў. З цягам часу даўленне на масульман з боку крыжаносцаў і Візантыі аслабла. Первапачатковая палітычная няўстойлівасць вымушала ісламскія дзяржавы абараняцца ад агрэсіўных лацінскіх дзяржаў. Адносіны паміж імі заставаліся цяжкімі яшчэ на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, але Сірыя і Егіпет не збіраліся мірыцца з паражэннем ад крыжакоў, яны аб’ядналіся і пад кіраўніцтвам Саладзіна вярнулі сабе Іерусалім, што стала прычынай да наступных крыжовых паходаў.
Другі крыжовы паход
Пачаты (1147—1149) у адказ на захоп мусульманамі Эдэскага Графства, быў абвешчаны рымскім папам Яўгенам III, і быў першы з крыжовых паходаў, які ўзначальвалі кіраўнікі дзяржаў, а менавіта Людовік VII ад Францыі і Конрад III ад Германіі. Яшчэ ў Еўропе, войска падзялілася на дзве часткі, мінуўшы Візантыю і аказаўшыся ў Малой Азіі, яно было разбіта паасобку сельджукамі. Людовік і Конрад і астаткі іх войск дасягнулі Іерусаліма і ў 1148 г., удзельнічалі ў безвыніковым нападзе на Дамаск. Крыжовы паход на ўсходзе быў няўдалы для ўдзельнікаў еўрапейскай кампаніі і вялікай перамогай для мусульман. Гэта ў канчатковым выніку прывяло да падзення Іерусаліма і пачатку трэцяга крыжовага паходу ў канцы 12-ага ст. Тым часам, ва Усходняй Еўропе, пачаўся першы з Паўночных крыжовых паходаў з мэтай гвалтоўнага хрышчэння язычніцкіх плямён.
Паўночныя крыжовыя паходы
Крыжовымі паходамі абвяшчаліся і ўсе ваенныя акцыі «ў абарону каталіцкай веры» з афіцыйнай санкцыі Рымскага Папы. Масіраваныя царкоўная і свецкая прапаганда стваралі атмасферу рэлігійнай, расавай і этнічнай нецярпімасці да ўсіх некаталікоў: яўрэяў і мусульман Іспаніі і Паўночнай Афрыкі, паганскіх заходнеславянскіх, фінскіх і балцкіх народаў, i нават праваслаўных грэкаў і ўсходніх славян і г.д., якія часта аб’ядноўваліся штучным тэрмінам сарацыны. «Ворагамі веры» адвольна абвяшчаліся і носьбіты сапраўдных ці ўяўных ерасяў (альбігойцы, гусіты і іншыя), часам палітычныя ворагі папства ці яго саюзнікаў. У XII стагоддзі на Блізкім Усходзе і на Пірэнейскім паўвостраве сфарміраваліся асобыя духоўна-рыцарскія каталіцкія ордэны, якія вялі рэй у арганізацыі крыжовых паходаў, у тым ліку Тэўтонскі ордэн (з 1198 г.). Пасля няўдачы пятага крыжовага паходу (1217—1221) Тэўтонскі ордэн перанёс сваю дзейнасць спачатку на плато Бырса на тэрыторыі сучаснай Румыніі, дзе мусіў бараніць Венгерскае каралеўства ад полаўцаў, а затым у Прусію (1226), дзе з ініцыятывы ўдзельных польскіх князёў і першага біскупа Прусіі Хрысціяна Дабжынскім ордэнам з 1217 года вяліся крыжовыя паходы супраць прусаў. Толькі з 1217 па 1265 год было абвешчана каля 114 крыжовых паходаў ва ўсходняй Прыбалтыцы. Але пачаліся крыжовыя паходы супраць народаў Усходняй Еўропы, якія часам абазначаюць тэрмінам «Паўночныя крыжовыя паходы», значна раней: з 1147 г. нямецкія рыцары з блаславення Папы пачалі наступ на палабскіх славян, з 1155 г. шведы на фінаў, з апошняй трэці XII стагоддзя датчане, немцы і іншыя на эстаў і ліваў. Карныя дзеянні супраць гэтых народаў апраўдваліся неабходнасцю выратавання іх душ, магчымае нібыта толькі пры хрышчэнні па каталіцкім абрадзе. Да ўласна крыжакоў Прусіі і Інфлянтаў, прафесіяналаў захопніцкіх войнаў, далучаліся гэтак званыя памочнікі, якія давалі воту часовага ўдзелу ў вайне з «нявернымі», што лічылася маральным абавязкам заходнееўрапейскага рыцара. У XIV стагоддзі Усходняя Прыбалтыка, разам з Гранадай, Кіпрам, Балканамі і іншымі месцамі, дзе рэгулярна адбываліся крыжовыя паходы, уваходзіла ў своеасаблівы «вялікі тур», прайсці выпрабаванне якім лічылася за гонар кожнаму высакароднаму феадалу. Сярод найбольш славутых «памочнікаў» былі чэшскія каралі Пржэмысл Отакар II (заснавальнік Кёнігсберга ў 1255 г.), Ян Люксембург (1329), будучы імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл IV; венгерскі кароль Людвік I Вялікі (1345); Генрых Дэрбі, будучы англійскі кароль Генрых IV Ланкастэр (1390—1392) і інш.
Страта Іерусаліма
Саладзін (уласна Салах-ад-дзін Юсуф ібн-Аюб) па смерці халіфа правіў краінай неабмежавана, прызнаючы толькі намінальна вярхоўную ўладу атабека Нур ад-Дзіна. Па смерці апошняга (1174) Саладзін падпарадкаваў сабе Дамаск, усю мусульманскую Сірыю, большую частку Месапатаміі і прыняў тытул султана.
У гэты час ва Іерусаліме валадарыў малады кароль Балдуін IV. Нягледзячы на цяжкую хваробу — праказу — ён паспеў паказаць сябе мудрым і дальнабачным палкаводцам і дыпламатам. Пры ім усталявалася некаторая раўнавага паміж Іерусалімам і Дамаскам. І Балдуін, і Саладзін стараліся пазбягаць рашучых бітваў. Аднак, прадбачачы хуткую смерць караля, пры двары Балдуіна нарасталі інтрыгі магутных баронаў, самымі ўплывовымі з якіх былі Гі дэ Лузіньян і Рэно дэ Шатыльён. Яны прадстаўлялі радыкальную партыю, якая патрабавала абавязкова скончыць з Саладзінам. Шатыльён, акрамя таго, бясчынстваваў на караванных шляхах ў ваколіцах свайго апірышча Керака Мааўскага.
У 1185 годзе Балдуін памёр. Гі дэ Лузіньян ажаніўся з ягой сястрой Сібілай і стаў каралём Іерусаліма. Цяпер пры садзейнічанні Рэно дэ Шатыльёна ён пачаў адкрыта правакаваць Саладзіна на генеральную бітву. Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення Саладзіна, стаў напад Рэно на караван, у якім ехала сястра Саладзіна. Гэта прывяло да абвастрэння адносін і пераходу мусульман у наступ.
У ліпені 1187 года Саладзін узяў Тыверыяду і нанёс хрысціянам, якія занялі вышыні Хатына (каля Тыверыяды), страшную паразу.
Кароль Іерусалімскі Гі дэ Лузіньян, яго брат Амарыі, Рэно дэ Шатыльён і мноства рыцараў патрапілі ў палон. Саладзін авалодаў затым Акрай, Бейрутам, Сідонам, Кесарыяй, Аскалонам і іншымі гарадамі. 2 кастрычніка 1187 года яго войскі ўступілі ў Іерусалім. Толькі пад Цірам, які абараняў Конрад Манферацкі, Саладзін пацярпеў няўдачу. Ва ўладзе крыжакоў засталіся толькі Цір, Трыпалі і Антыёхія. Між тым кароль Гі, вызваліўшыся з палону, рушыў на заваёву Акры. Поспехі Саладзіна выклікалі новы рух на Захадзе, які прывёў да 3-га вялікага крыжовага пахода. Перш іншых рушылі флаты ламбардцаў, тасканцаў і генуэзцаў. Імператар Фрыдрых I Барбароса павёў вялікую армію. Паміж крыжакамі і грэкамі не абышлося і цяпер без варожых дзеянняў: грэкі нават заключылі саюз з Саладзінам.
Трэці крыжовы паход
У 1187 султан Саладзін разбіў крыжаносцаў і захапіў Іерусалім. Вызваляць Святую зямлю ў Трэцім крыжовым паходзе рушылі разам са сваімі войскамі кароль Францыі Філіп II Аўгуст, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрых Барбароса і кароль Англіі Рычард Львінае Сэрца.
Паход закончыўся падпісаннем мірнага пагаднення з Саладзінам, паводле якога Іерусалім застаўся пад кантролем арабаў, з правам наведвання яго еўрапейскімі паломнікамі. Адзіным з поспехаў было заваяванне Кіпру, які быў прададзены тампліерам.
Чацвёрты крыжовы паход
Арганізаваны супраць Егіпту (1201—1204), каб пазбавіць Святую зямлю ад мусульманскай пагрозы.
Венецыя, якая мусіла вылучыць свае караблі дзеля транспартавання войск, баялася за свае наладжаныя трывалыя гандлёвыя сувязі з Егіптам, і яго спусташэнне прынесла б ёй вялікія страты, прытым, што на той час Канстанцінопаль з’яўляўся яе галоўным гандлёвым канкурэнтам. Таму венецыянцы, калі перавозілі рыцараў на сваіх караблях, прапанавалі ім адправіцца ў Канстанцінопаль.
У 1204 г. крыжаносцы ўзялі Канстанцінопаль. Падчас штурму і рабавання былі беззваротна страчаныя найвялікшыя каштоўнасці сусветнай культуры, таму што пачынаючы з падзення Рымскай імперыі менавіта Канстанцінопаль з’яўляўся адзіным злучальным звяном паміж культурай антычнасці і сучаснасцю, а пасля галоўным культурным цэнтрам хрысціянства. Тэрыторыі Візантыйскай імперыі былі падзелены паміж еўрапейскімі феадаламі на некалькі дзяржаў, у т.л. Лацінская імперыя, якая праіснавала да 1261 г., калі грэкі вярнулі сабе Канстанцінопаль.
Такім чынам, замест збавення Святой зямлі ад пагрозы з боку мусульман, гэты крыжовы паход з’явіўся каталізатарам пашырэння мусульманскага ўплыву ў Міжземнамор’і, таму што Візантыя з’яўлялася наймацнейшым фактарам, які стрымліваў іх.
Крыжовы паход дзяцей
У 1212 годзе адбыўся так званы Крыжовы паход дзяцей, экспедыцыя пад правадырствам юнага празорцы па імені Стэфан, які ўдыхнуў ў французскіх і нямецкіх дзяцей веру ў тое, што з яго дапамогай, як бедныя і адданыя слугі Госпада, яны змогуць вярнуць хрысціянству Іерусалім. Дзеці адправіліся на поўдзень Еўропы, але многія з іх не дасягнулі нават берагоў Міжземнага мора, а загінулі ў дарозе. Некаторыя гісторыкі лічаць, што Крыжовы паход дзяцей быў правакацыяй, наладжанай гандлярамі рабамі з мэтай прадаць удзельнікаў паходу ў рабства.
У маі 1212 года, калі нямецкае народнае войска прайшло праз Кёльн, у яго шэрагах налічвалася каля дваццаці пяці тысяч дзяцей і падлеткаў, якія накіроўваюцца ў Італію, каб адтуль морам дасягнуць Палесціны. У хроніках XIII стагоддзя больш за пяцьдзясят разоў згадваецца гэты паход, які атрымаў назву «крыжовага паходу дзяцей».