Іван Сямёнавіч Козіч (1920—2000) — савецкі лётчык-знішчальнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1943).

Біяграфія Іван Козіч нарадзіўся 3 сакавіка 1920 года ў вёсцы Старыя Маргі (цяпер — Уздзенскі раён Мінскай вобласці Беларусі). Скончыў няпоўную сярэднюю школу, два курсы індустрыяльнага тэхнікума і аэраклуб. У 1938 годзе Козіч быў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. У 1941 годзе ён скончыў Чугуеўскую ваенную авіяцыйную школу пілотаў. З кастрычніка таго ж года — на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускім франтах.

Да лютага 1943 года старшына Іван Козіч быў намеснікам камандзіра эскадрыллі 721-га знішчальнага авіяпалка Бранскага фронту. Да таго часу ён здзейсніў 210 баявых вылетаў, прыняў удзел у 31 паветраным баі, збіў 9 варожых самалётаў асабіста і яшчэ 4 — у складзе групы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавіка 1943 года за «ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм» старшына Іван Козіч быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка» за нумарам 918.

У верасні 1944 года Козіч атрымаў цяжкае раненне і на фронт больш не вярнуўся. За час свайго ўдзелу ў баях ён здзейсніў 423 баявыя вылеты, збіў 16 варожых самалётаў асабіста і яшчэ 4 — у складзе групы. Пасля заканчэння вайны Козіч працягнуў службу ў Савецкай Арміі. У 1950 годзе ў званні маёра ён быў звольнены ў запас. Пражываў у пасёлку Сюзьва Юрлінскага раёна Пермскай вобласці, працаваў на лесанарыхтоўках. Памёр 1 кастрычніка 2000 года.

Быў таксама узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Аляксандра Неўскага, трыма ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, шэрагам медалёў.

Літаратура

Золотые Звёзды Прикамья. 3-е изд. — Пермь, 1974. Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и испр. — Минск, 1984.

Катэгорыя:Ваенныя лётчыкі СССР Катэгорыя:Лётчыкі Вялікай Айчыннай вайны