«Лабіры́нт фа́ўна» () — іспанска-мексіканскі фільм у жанры цёмнага фэнтэзі, зняты ў 2006 годзе мексіканскім кінарэжысёрам Гільерма дэль Тора па ўласным сцэнарыі. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Івана Бакера, Сержы Лопес, Марыбэль Верду, Даг Джонс, Арыядна Хіль і Алекс Ангула.

Дзеянне фільма адбываецца ў Іспаніі ў маі — чэрвені 1944 года, праз пяць гадоў пасля Грамадзянскай вайны, у пачатку франкісцкага перыяду. Змрочная рэальнасць пераплятаецца з не менш змрочным і небяспечным чароўным светам. Гісторыя разварочваецца вакол зарослага закінутага лабірынта і загадкавага фаўна, якога сустракае галоўная гераіня фільма — Афелія. Тым часам як яе айчым палюе на іспанскіх партызан, што змагаюцца супраць рэжыму, а цяжарная маці ўсё больш жорстка пакутуе з-за хваробы, Афелія сустракае дзіўных міфічных істот, якія праводзяць яе праз шэраг выпрабаванняў.

Прэм’ера карціны адбылася 27 мая 2006 года ў межах конкурснай праграмы 59-га Канскага кінафестывалю, дзе фільм быў ушанаваны 22-хвіліннай авацыяй стоячы, адной з самых працяглых авацый у гісторыі кінафестывалю. У шырокі пракат фільм упершыню выйшаў 11 кастрычніка 2006 года ў Іспаніі, пасля чаго 20 кастрычніка — у Мексіцы. Амерыканская прэм’ера адбылася 29 снежня 2006 года. Пры бюджэце ў 19 млн. долараў фільм сабраў 83,8 млн. у сусветным пракаце.

«Лабірынт фаўна» атрымаў шырокае прызнанне крытыкаў, якія ўсхвалялі рэжысёра за майстарскае змяшанне жанраў ваеннай драмы і цёмнага фэнтэзі, а таксама за тонкае перапляценне рэальнага і казачнага светаў. Высокай ацэнкі ўдастоілася акцёрская ігра, праца кампазітара, аператара і мастака-пастаноўшчыка, а таксама спецыялістаў па візуальных эфектах. Фільм быў адзначаны больш чым сотняй узнагарод, сярод якіх дзевяць мексіканскіх прэмій «Арыэль», сем іспанскіх прэмій «Гоя», тры прэміі «Оскар» і тры прэміі «BAFTA».

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Гільерма дэль Тора сцвярджае, што ён лічыць гэтую гісторыю прытчай, якая ўзнікла пад уплывам казак. Паводле каментарыяў Дэль Тора «Лабірынт фаўна» тэматычна звязаны з яго ранейшым фільмам «Хрыбет д’ябла» (2001) і з’яўляецца яго духоўным пераемнікам.

У 2019 годзе выйшла навелізацыя фільма за аўтарствам Карнеліі Функе і Гільерма дэль Тора.

Сюжэт Cлоган фільма: «Нявіннасць мае сілу, якую зло не можа нават уявіць». Паданне сцвярджае, што здавён-даўна ў падземным царстве, дзе не было ні хлусі, ні болю, жыла прынцэса Маана, якая марыла патрапіць у свет людзей. Яна марыла аб блакіце нябёсаў, лёгкім ветрыку і сонечным святле. Аднойчы, уцёкшы ад аховы, прынцэса збегла. Выйшаўшы на паверхню, яна была аслеплена сонцам, якое сцерла з яе памяці ўсе ўспаміны. Прынцэса забылася, хто яна і адкуль прыйшла. Яе цела пакутавала ад холаду, хвароб і болю, і ўрэшце рэшт яна памерла. Аднак яе Айцец кароль заўжды ведаў, што душа прынцэсы вернецца, магчыма ў іншым целе, у іншым месцы і ў іншы час.

1944 год. Пасляваенная Іспанія пад уладай Франсіска Франка. Тым не менш, асобныя групы партызан працягваюць барацьбу з дыктатурай. Для іх ліквідацыі ўлады ствараюць спецыяльныя карныя атрады. Адзін з такіх атрадаў узначальвае капітан Відаль. Ён і яго людзі размясціліся на старым млыне ў правінцыяльнай глыбінцы. Відаль заўзяты фалангіст — жорсткі і бязлітасны, ён ставіць перад сабой мэту любой цаной знайсці і вынішчыць партызан, што хаваюцца ў гарах.

Па патрабаванні Відаля да яго едзе цяжарная жонка Кармэн са сваёй дачкой Афеліяй, бацька якой загінуў на вайне. Дарогай Афелія заўважае вялікае насякомае, якое яна прымае за фею. Па прыездзе Афелія зноў сустракае фею і, ідучы за ёй, апынаецца ля ўваходу ў старадаўні каменны лабірынт. Там яе пераймае Мерсэдэс, дамашняя прыслужніца Відаля, і папярэджвае, што хадзіць у лабірынт небяспечна, бо можна заблукаць. Той жа ноччу насякомае з’яўляецца ў спальні Афеліі, дзе прымае выгляд феі, і кліча дзяўчынку за сабой у лабірынт. У цэнтры лабірынта Афелія сустракае старога фаўна, які абвяшчае ёй, што яна — прынцэса Маана. Яна можа вярнуцца да свайго Айца ў падземнае царства, але каб упэўніцца, што яна не стала звычайнай смяротнай, яна мусіць прайсці тры выпрабаванні да наступлення поўні. Фаўн дае ёй чароўную кнігу, якая мусіць накіроўваць яе.

Першае выпрабаванне — уратаваць зачахлую смакоўніцу ад велізарнай жабы, што пасялілася ў яе каранях. Для гэтага Афелія павінна скарміць жабе тры чароўныя каменьчыкі. На наступны дзень на млыне плануецца сустрэча важных гасцей. Пакуль свецкае грамадства святкуе, Афелія тайком збягае з дому. Чароўная кніга паказвае ёй шлях да смакоўніцы. Прабраўшыся праз трэшчыну ў ствале, Афелія патрапляе да каранёў дрэва, дзе сутыкаецца з велізарнай жабай, і, перахітрыўшы яе, дае ёй з’есці каменьчыкі. Тады жабу літаральна выварочвае і яна памірае. Афелія здабывае ключ, які быў у жабы ў жываце.

Капітан Відаль, праследуючы партызан, знаходзіць ампулу з антыбіётыкамі і пачынае падазраваць, што паўстанцам дапамагае нехта з яго людзей. Тым часам маці Афеліі становіцца горш, і дзяўчынка адмаўляецца выконваць наступнае заданне. Каб супакоіць яе, Фаўн дае Афеліі корань мандрагоры. Яна мусіць пакласці яго ў місу з малаком пад ложкам у маці і штодня капаць туды дзве кроплі крыві. Нечакана Кармэн становіцца значна лепей. Доктар Ферэйра, які лечыць Кармэн, не можа знайсці тлумачэння такому хуткаму выздараўленню.

Надыходзіць час другога задання. Фаўн дае Афеліі чароўную крэйду і адпраўляе яе ў надзвычай небяспечнае месца, дзе жыве «не чалавек». Фаўн дае ў дапамогу Афеліі трох фей. Афелія малюе крэйдай на сцяне дзверы і ўваходзіць у калідор, у канцы якога знаходзіцца зала з доўгім сталом, поўным ежы. У галаве стала́ сядзіць страшэнная бледная істота без вачэй, а вочы ляжаць перад ёй на блюдзе. На сценах залы адлюстраваны сцэны, дзе Бледны чалавек забівае дзяцей. Збоку ляжыць гара дзіцячых пантофляў. Феі нагадваюць Афеліі пра заданне. Яны ўказваюць ёй на адну з трох дзверцаў у сцяне — сярэднюю. Дзяўчынка дастае ключ, аднак адчыняе іншую дзверцу — левую. Там Афелія знаходзіць кінжал. Не гледзячы на папярэджанне Фаўна нічога не піць і не есці, яна спакушаецца і з’ядае некалькі вінаградзін, што ўмомант абуджае Бледнага Чалавека. Ён зжырае дзвюх фей і кіруецца ўдагонку за Афеліяй, і ёй ледзьве ўдаецца ўцячы. Раззлаваўшыся на яе непаслушэнства, Фаўн адмаўляецца даць Афеліі трэцяе заданне.

На наступны дзень паўстанцы пускаюць пад адхон цягнік, і пакуль капітан Відаль даследуе справу з цягніком, рабуюць яго склад. Вярнуўшыся, Відаль знаходзіць склад разрабаваным, але дзверы — непашкоджанымі. Ён канчаткова ўпэўніваецца, што побач з ім здраднік. Між тым, яму ўдаецца ўзяць у палон аднаго паўстанца. Відаль катуе палоннага мяцежніка, пасля чаго выклікае доктара Ферэйра, каб той прывёў таго да прытомнасці, але доктар робіць палоннаму смяротную ін’екцыю. Відаль забівае доктара Ферэйра як здрадніка. У той жа дзень Відаль знаходзіць Афелію, якая клапоціцца пра корань мандрагоры пад ложкам у маці. Кармэн не верыць тлумачэнням Афеліі і выкідае мандрагору ў агонь, дзе тая выгінаецца і курчыцца ў агоніі. Знянацку Кармэн апаноўвае моцны боль, і яна памірае, нараджаючы сына. Неўзабаве пасля гэтага, Відаль выяўляе, што яго прыслужніца Мерсэдэс заадно з паўстанцамі, і што праз яе паўстанцы атрымалі ключ ад склада. Ён вядзе Мерсэдэс на катаванне. Аднак, як толькі яны застаюцца адзін на адзін, Мерсэдэс удаецца вызваліцца, ударыць Відаля нажом і ўцячы. Яна далучаецца да атрада паўстанцаў.

Нечакана за дзень да поўні Фаўн вяртаецца да Афеліі, замкнёнай у пакоі, і дае ёй яшчэ адзін шанец. Трэцяе выпрабаванне заключаецца ў тым, што Афелія мусіць прынесці свайго маленькага брата ў лабірынт. Афелія выбіраецца з замкнёнага пакою пры дапамозе чароўнай крэйды і выкрадае немаўля, але Відаль заўважае гэта і праследуе яе да цэнтра лабірынта. У цэнтры лабірынта Афелію сустракае Фаўн і гаворыць ёй, што адкрыццё партала ў іншы свет патрабуе крыві нявіннага. Фаўн дастае кінжал, здабыты Афеліяй у логаве Бледнага Чалавека, і прапануе ўзяць кроў яе малодшага брата. Афелія ж катэгарычна адмаўляецца пашкодзіць брату; калі яна не падпарадкоўваецца яго загаду, Фаўн адмаўляецца дапамагаць ёй.

Відаль даганяе Афелію і бачыць, што тая размаўляе з кімсьці, але нікога апроч Афеліі не бачыць. Ён забірае немаўля і страляе ў Афелію. На выхадзе з лабірынта яго акружаюць паўстанцы. Ведаючы, што будзе забіты, ён аддае дзіця на рукі Мерсэдэс, патрабуючы, каб яна сказала яго сыну дакладны час смерці бацькі. Мерсэдэс жа адказвае, што дзіця і імя яго не даведаецца. Яе брат Пэдра забівае Відаля.

Мерсэдэс уваходзіць у лабірынт і суцяшае дзяўчыну пры смерці, спяваючы ёй калыханку. Кроплі крыві Афеліі падаюць у цэнтр каменнай вінтавой лесвіцы на алтар. Нечакана Афелія знаходзіць сябе ў залатым тронным зале. Кароль падземнага свету кажа, што яна прайшла апошняе, трэцяе выпрабаванне, праліўшы сваю кроў замест крыві свайго маленькага брата. Фаўн, які стаіць побач з тронам, ухваляе яе ўчынак і звяртаецца да яе са словамі «ваша вялікасць». Каралева падземнага свету запрашае дачку Маану сесці побач з Айцом. Паміраючы ў каменным лабірынце, Афелія ўсміхаецца.

Паданне сцвярджае, што прынцэса Маана вярнулася ў сваё каралеўства і кіравала ім доўга і з мудрасцю, і што на зямлі засталіся непрыкметныя сляды яе жыцця, якія могуць убачыць тыя, хто ведае, куды глядзець. На старой смакоўніцы распускаецца кветка.

Акцёрскі склад

Вытворчасць

Перадгісторыя

«Лабірынт фаўна» — другі фільм Гільерма дэль Тора, дзеянне якога адбываецца на гістарычным фоне Грамадзянскай вайны ў Іспаніі (1936—1939). Вайна пачалася, калі група правых ваенных генералаў паспрабавала зрынуць нядаўна абраны левы ўрад, які, сярод іншага, імкнуўся правесці значную зямельную рэформу для сялян-фермераў краіны. Паўстанцы пад камандаваннем Франсіска Франка былі падтрыманы іерархіяй каталіцкай царквы і іспанскай землеўладальніцкай элітай, а таксама атрымалі матэрыяльную дапамогу і ўзброеную падтрымку ад урадаў Гітлера і Мусаліні. Многія простыя іспанцы разам з камуністамі і анархістамі далучыліся да ўрадавай рэспубліканскай арміі; рэспубліканцы таксама атрымалі людскія рэсурсы і падтрымку ад прагрэсіўных інтэрнацыянальных брыгад, Савецкага Саюза і Мексікі. Ацэнкі ахвяраў вайны вар’іруюцца ад 250 000 да 1 мільёна чалавек.

Інтарэс Дэль Тора да вайны і рэжыму Франка ўзыходзіць да яго дзяцінства ў Мексіцы, дзе многія іспанскія выгнаннікі шукалі прытулку. Гэтыя экспатрыянты моцна паўплывалі на мексіканскую культуру і кінематограф. Дэль Тора адзначае: «Некаторыя з іх сталі ключавымі настаўнікамі майго сталення. Яны апавядалі гісторыі, як дзяцьмі пакінулі Іспанію. Гэтыя расказы моцна паўплывалі на мяне». Дэль Тора ўпершыню даследаваў гэты перыяд у сваёй гісторыі пра прывідаў «Хрыбет д’ябла» (2001), дзеянне якой адбывалася ў прытулку для хлопчыкаў у апошнія дні вайны. Першапачаткова ён задумваў «Лабірынт фаўна» як працяг гэтага фільма, але ў выніку адкінуў ідэю. Пасля «Хрыбта д’ябла» ён заняўся рэжысурай «» (2002), а затым зняў адаптацыю серыі коміксаў «» (2004).

Калі ў 2003 годзе Дэль Тора змог вярнуцца да працы над «Лабірынтам фаўна», у яго была іншая ідэя для фільма: зрабіць яго ў форме казкі. Дэль Тора мяркуе, што казкі мелі адзін з найбольш ранніх уплываў на яго. Створаныя на аснове вусных народных гісторый, якія перадаюцца з глыбіні стагоддзяў, пісьмовыя казкі XVII—XIX стагоддзяў былі напоўнены крывёй і гвалтам, а таксама прыгажосцю і чараўніцтвам. Якімі б фантастычнымі яны ні былі, гісторыі апавядалі пра страхі і трывогі, з якімі сутыкалася іх аўдыторыя, як дарослыя, так і дзеці. «Я быў зачараваны казкамі і механікай, якая ў іх працуе, з ранняга дзяцінства», — кажа Дэль Тора. — «Мне падабалася чытаць арыгінальныя версіі казак братоў Грым, і я заўсёды выяўляў, што сама форма лёгка стварае глыбока трывожныя вобразы. У Ханса Крысціяна Андэрсена і Оскара Уайльда насамрэч ёсць некалькі гісторый аб тонка завуаляваным , што былі поўныя жудасных і жорсткіх момантаў».