Лукаш Бэндэ або Лука Апанасавіч Бэндэ () — беларускі савецкі літаратурны крытык і літаратуразнавец.

Біяграфія

Раннія гады Нарадзіўся ў Шчакоцку (цяпер Іванаўскі раён) у сялянскай сям’і. У анкеце 1949 года запісаўся беларусам-палешуком, аднак, у анкеце 1933 года — украінцам, але мовай якой піша пазначыў беларускую. З 1915 года разам з бацькамі ў бежанстве, спачатку ў Пензенскай, затым у Арэнбургскай губерні (напэўна паблізу Чалябінска), быў батраком у памешчыкаў. У Чалябінску ўступіў у РКП(б).

У 1920—1922 гадах служыў кавалерыстам у Чырвонай Арміі на Урале і ў Сібіры. У 1922 годзе пераведзены ў Беларускую ССР, летам 1923 года ўдзельнічаў «у ліквідацыі бандытызму» на Барысаўшчыне, быў паранены.

Праца ў БССР

У 1926 годзе скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі імя У. І. Леніна ў Менску. Пасля вучобы працаваў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, выкладаў у Вайсковай школе імя ЦВК БССР. Займаў пасады ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, адначасова працаваў адказным рэдактарам часопісаў «Напагатове» і «Комунiстычнае выхаваньне», быў членам рэдкалегіі маскоўскага часопіса «Пролетарская литература». Загадваў сектарам мастацкай літаратуры і быў намеснікам дырэктара Белдзяржвыдавецтва. Член БелАПП. Працаваў палітычным рэдактарам (цэнзарам) Галоўліта БССР, быў членам камісій па рэформе беларускага правапісу (1933), па вылучэнні (выманні) варожай літаратуры з бібліятэк БССР, па выданні твораў класікаў марксізму-ленінізму. Быў членам аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР (СП БССР) у 1934 годзе. На пачатку 1930-х гадоў лічыўся «генеральным крытыкам» БССР, верным афіцыйнай лініі партыі.

У Менску жыў спачатку па вуліцы Карла Маркса, 30, потым — па вуліцы Савецкай, 35, кв. 10, у доме НКУС.

Ленінград і ваенны час У 1934 годзе пераехаў у Ленінград. Займаў пасаду намесніка дырэктара па мастацкай частцы кінафабрыкі «Савецкая Беларусь» (1934—1935). З 19 мая 1934 года членам Саюза савецкіх пісьменнікаў (СПП). У 1935—1938 гадах працаваў у Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскім Доме) АН СССР, Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, выдавецтве «Вучпедвыд» (Учпедгиз), выкладаў у Ленінградскім абласным педагагічным інстытуце (Настаўніцкім інстытуце) і Ленінградскім тэатральным інстытуце.

У студзені 1937 года выключаны з партыі, а ў 1938 годзе — з СП БССР за «грубае вульгарызатарства» і з абвінавачаннем у трацкізме. Паводле звестак Галоўліта, на працягу двух гадоў лічыўся «ворагам народа».

Падчас Другой сусветнай вайны запісаўся ў народнае апалчэнне. 16 верасня 1941 года ў раёне Стрэльны атрымаў множнае асколачнае раненне. Блакаду пражыў у Ленінградзе, служыў у архіўным упраўленні НКУС («органах НКУС»). Адначасова, паводле ўласнага сведчання, працаваў над кнігай.

Пасляваенныя гады З 1945 года займаўся пераважна літаратурнай і выкладчыцкай працай. У 1946 годзе з падтрымкай сакратара ЦК КПБ Цімафея Гарбунова вярнуцца ў літаратурнае жыццё БССР, але ў 1947 годзе зноў з’ехаў у Ленінград. Чытаў лекцыі ў Гродзенскім педінстытуце, Ленінградскім педінстытуце імя М. М. Пакроўскага, іншых навучальных установах Даўгаўпілса, Ленінграда, Выбарга, Жытоміра. Працаваў рэдактарам Ленінградскага аддзялення Дзяржлітвыдавецтва.

Жыў у Ленінградзе па Неўскім праспекце 40-42, кв. 29.

У лістападзе 1947 года па даручэнні Ленінградскага аддзялення ССП (ЛА ССП) накіраваны ў БССР для нарыхтоўкі прадуктаў для пісьменнікаў Ленінграда, дапусціў пры гэтым злоўжыванні і ў 1949 годзе, паводле вызначэння суда, абвінавачаны ў выкарыстанні даверу ў асабістых мэтах (прысваенні прадуктаў па ніжэйшых цэнах і празмерныя камандзіровачныя выдаткі), суд паведаміў ЛА ССП пра гэта і арганізацыя разглядала пытанне выключэння Бэндэ.

У 1953 годзе зноў разглядалася выключэнне Бэндэ з ССП, бо з 1932 года ён не публікаваўся. У 1956 годзе пытанне выключэння зноў разглядалася ЛА ССП, бо «цягам шэрагу гадоў творча сябе не праявіў, і працяглы час адсутны». Аднак, Бэндэ так і не выключылі.

Членства ў партыі адноўлена ў 1957 годзе.

Пахаваны на Шувалаўскіх могілках у Ленінградзе.

Творчасць і дзейнасць Дэбютаваў у друку ў 1925 годзе. Быў адным з актыўных прадстаўнікоў «аглабельнай крытыкі» 1930-х гадоў, яго метады характарызуюць як сервілізм і палітычнае цкаванне пісьменнікаў-«нацдэмаў».

Крытычны метад Бэндэ фарміраваўся пад уплывам канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» Уладзіміра Фрычэ, якую ён значна вульгарызаваў і спрашчаў. Мастацкі вобраз у інтэрпрэтацыі Бэндэ выступаў выключна як ілюстрацыя класавай ідэалогіі і палітычнага светапогляду, што суправаджалася поўным ігнараваннем мастацкай своеасаблівасці твора і індывідуальнасці мастацкага пазнання рэчаіснасці. Трымаўся ідэалагічнай устаноўкі на стварэнне «новай пралетарскай культуры», адмаўляў каштоўнасць культурных набыткаў мінулага і абвяшчаў дарэвалюцыйную беларускую літаратуру контррэвалюцыйнай з’явай, прасякнутай «буржуазна-ліберальнай ідэалогіяй». Значная частка яго дзейнасці прысвечана палітычнай і літаратурнай дыскрэдытацыі нацыянальных класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама абвінавачванню прадстаўнікоў літаратурных аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў прыхільнасці ідэям буржуазнага нацыяналізму.

Аўтар пагромных артыкулаў супраць Янкі Купалы, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Зарэцкага. Імя Бэндэ стала сінонімам рэпрэсіўнай крытыкі («бэндаўская дубіна»).

Сучаснікі і даследчыкі вінавацілі Бэндэ ў прысваенні рукапісаў рэпрэсаваных аўтараў падчас вобыскаў і пасля іх гібелі. Ёсць звесткі, што пасля Другой сусветнай вайны Бэндэ прадаваў пісьменнікам, што выжылі, магчымасць перапісаць іх уласныя творы (напрыклад, паэму Уладзіміра Дубоўкі «Штурмуйце будучыні аванпосты!»). Таксама Бэндэ абвінавачвалі ў плагіяце прац акадэміка Івана Замоціна.

Аўтар манаграфій «Янка Купала: Крытычны нарыс» (1932) і «Андрэй Александровіч» (1932), якія, на думку Ірыны Багдановіч, не вызначаліся ні навуковай, ні эстэтычнай глыбінёй. Склаў шэраг чытанак і хрэстаматый па беларускай літаратуры для сярэдніх школ. Падрыхтаваў некалькі рукапісаў, якія не апублікаваны.

Станам на студзень 1948 года, паводле Бэндэ, у Белдзяржвыдаце ляжалі яго рукапісы «Творчество Янки Купалы и фольклор» (20 др.арк., напісаны падчас блакады), «Якуб Колас: жизнь и творчество» (25 др.арк.), «Цётка. Очерк жизни и творчества» (7 др.арк.), тым самым часам ён працаваў над кнігамі «Очерки истории белорусской литературы» і «Белорусская литература и царская цензура», меў рукапіс пра творчасць Петруся Броўкі (4 др.арк.).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў