Міхаіл Мікалаевіч Піятуховіч (, в. Алексінічы Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Сенненскі р-н Віцебскай вобл. — , Менск, НКУС) — беларускі літаратуразнавец, крытык, педагог.
Біяграфія Нарадзіўся 23 лютага 1891 года ў вёсцы Алексінічы Сенненскага павета Магілёўскай губерніі ў сям’і вясковага праваслаўнага святара. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1917 скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. Быў накіраваны ў Петраградскі ўніверсітэт для падрыхтоўкі да прафесарскага звання па кафедры рускай мовы і славеснасці. З-за недохопу матэрыяльных сродкаў на пачатку 1920 вымушаны быў пераехаць у Адэсу. З 1921 у БССР. Публікавацца пачаў у 1921. Актыўна выступаў у друку як крытык і даследчык беларускай літаратуры. З верасня 1921 з’яўляўся членам навукова-тэрміналагічнай камісіі, з лютага 1922 — навуковым супрацоўнікам, а з 1925 — правадзейным членам Інбелкульта; з 1929 — правадзейны член БелАН. Да 1936 г. працаваў у Інстытуце літаратуры БелАНВозвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. — Мн., 1992. — С. 86—87..
У 1921—1926 выкладаў беларускую літаратуру ў МБПТ. З лютага 1922 працаваў у БДУ: дацэнт, з кастрычніка 1926 — прафесар. У маі 1926 г. стаў дэканам педагагічнага факультэта.
У пачатку 1930-х над М. Піятуховічам навісла пагроза рэпрэсій з-за «непралетарскага паходжання» (у дакладной запісцы камісіі Мінскага гаркама КП(б)Б у 1933 годзе ён характарызаваўся як «былы нацдэм, сын пана»). Літаратурна-крытычныя выступленні М. Піятуховіча заўсёды мелі апанентаў, аднак у сярэдзіне 1930-х палеміка выйшла за межы літаратурнай дыскусіі і прыняла характар грубых палітычных абвінавачванняў. М. Піятуховіч вырашыў выехаць з сям’ёй за межы Беларусі (у 1934 ці 1936 г.). Жыў у Арджанікідзэ; працаваў выкладчыкам-славістам у Паўночна-Каўказскім і Паўночна-Асецінскім педагагічных інстытутах. 9 студзеня 1937 г. ён быў арыштаваны і перавезены ў Мінск. 19 снежня 1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 20 снежня 1937 года. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 27.12.1957.
Літаратуразнаўчая дзейнасць Яшчэ да пачатку сваёй дзейнасці на ніве беларускай навукі М. Піятуховіч спецыялізаваўся па заходнееўрапейскіх літаратурах, у прыватнасці французскіх рамантыках. Шэраг прац прысвяціў творчасці паэта Альфрэда дэ Віньі («Дэ Віньі як мысліцель»). Як крытык і даследчык беларускай літаратуры выступіў у друку ў 1921 годзе з артыкуламі, прысвечанымі творчасці Якуба Коласа. У 1926 годзе на акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі М. Піятуховіч з гонарам адзначаў сваю ролю піянера ў стварэнні першага ўніверсітэцкага курса гісторыі беларускай літаратуры.
Універсітэцкі курс М. Піятуховіча лёг у аснову яго знакавай манаграфіі «Нарысы гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.)» (1928, тыраж 3000 экз.), якая мела станоўчае значэнне ў тагачасных метадалагічных пошуках. Гэты твор быў высока ацэнены сучаснікамі, напрыклад, М. Мушынскім і Я. Карскім, аднак не пазбег сацыялагічнага схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, Ядвігіна Ш., М. Чарота, К. Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літаратурнай хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П. Труса (1934, 1935). Праца М. Піятуховіча «Рукапісы А. Рыпінскага» апублікавана ў 1990 В. Скалабанам.
Крытыка і ідэалагічны пераслед Пачынаючы з 1929 года «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» падвергліся жорсткай крытыцы з боку вульгарызатараў і прыхільнікаў марксісцка-ленінскай метадалогіі. Крытыкі абвінавачвалі Піятуховіча ў буржуазным нацыяналізме, ідэалізацыі мінулага, ігнараванні класавай барацьбы і адсутнасці марксісцкага падыходу.
У часопісе «Узвышша» (1929, № 5) з’явілася рэцэнзія У. Дзяржынскага, у якой метадалогія Піятуховіча называлася «ненавуковай», а яго ацэнкі творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча крытыкаваліся за «сацыялагічны метад». У 1929 годзе ў часопісе «Маладняк» У. Бухаркін абвінаваціў прафесара ў эклектыцы, ідэалізме і ігнараванні марксізму. У 1930 годзе ў часопісе «Большэвік Беларусі» У. Гесэн ахарактарызаваў кнігу як «нацыянал-дэмакратычную», якая «стаіць на пазіцыях контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму».
Кульмінацыяй кампаніі па дыскрэдытацыі стаў артыкул студэнта БДУ Алеся Кучара «Сістэма буржуазна-нацыяналістычных поглядаў прафесара Піятуховіча» (часопіс «Пролетарская литература», Масква, 1931). А. Кучар заклеймаваў Піятуховіча як «добрага нацыяналіста» і «прафесарскага невука», абвінаваціў яго ў скажэнні гісторыі і прапагандаванні варожых класавых поглядаў. У 1931 годзе С. Васілёнак прапанаваў выкарыстоўваць кнігу ў школах толькі для таго, каб паказваць яе «адмоўныя бакі».
М. Піятуховіч быў вымушаны апраўдвацца перад ДПУ ў 1930 годзе па справе «Саюз вызвалення Беларусі», адхрышчваючыся ад нацыянал-дэмакратаў (напрыклад, А. Бабарэкі). У выніку ідэалагічнага цкавання ён страціў пасады ў БДУ і Акадэміі навук, а яго манаграфія ў 1937 годзе загадам Галоўліта БССР была забаронена і падлягала знішчэнню.
Бібліяграфія Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926; Апавяданне «У палескай глушы» як новы этап беларускай мастацкай прозы. Мн., 1927; Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927; Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927; Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928; Лірыка і проза Ц. Гартнага. Мн., 1928; Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і XX ст. Мн., 1928; Рукапісы А. Рыпінскага / Публ. В. Скалабана // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990.
Літаратура
Карабан С. Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20—30 гадоў. — Мн., 1971. Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. — Мн., 1975. — С. 90—101. Киселев Г. Разыскивается классик… — Мн., 1989. — С. 356—376.
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Сенненскім раёне Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі БДУ Катэгорыя:Дэканы БДУ Катэгорыя:Крытыкі Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР