Ву́ліца Саве́цкая, былая Ві́ленская, Сабо́рная, Дамініка́нская, Hildenburg (Tannenberg) str. — адна з самых старых вуліц у гістарычным цэнтры горада Гродна. Вуліца з’яўляецца пешаходнай. Працягласць каля 500 м, ад Савецкай плошчы да вуліцы Ажэшкі. Вуліца вызначаецца цэнтральнай роллю ў жыцці горада. Тут знаходзяцца шматлікія адміністрацыйныя, гандлёвыя, культурныя і забаўляльныя ўстановы. Вуліца мае вялікую гістарычную каштоўнасць, за невялікім выключеннем захавалася амаль уся забудова XIX — пач. XX стагоддзя. На вуліцы жылі і дзейнічалі многія ўздзельнікі паўстанняў 1830—1831 і 1864-1865 гадоў, таму яна можа разглядацца як своеасаблівы мемарыял названым паўстанням.

Гісторыя

У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай Пачала фарміравацца разам з пераносам Рынку ў раён сучаснай плошчы. Вядома з 14 ст.(хутчэй за ўсё пачала фарміравацца раней) як гандлёвая магістраль, у другой палове 15 ст. стала адной з галоўных вуліц правабярэжнай частцы Гродна. Вяла ад гарадзенскага Рынка на Віленскі гасцінец (галоўную гандлёвую дарогу). Першапачатковая назва — Віленская. У канцы 15 ст. на вуліцы існавала даволі шчыльная забудова, як драўляная, так і фахверкавая. Да канца 18 ст. заставалася ўласна гандлёвым шляхам.

Аднак на думку даследчыка Ю. Н. Кішыка, сучасны напрамак вуліца набыла ў другой чвэрці 16 стагоддзя ў выніку так званай лакацыі. Паводле Кішыку, вялікая княгіня ВКЛ Бона Сфорца паміж 1533 і 1541 правяла перапланіроўку горада паводле сучасных на той час дасягненняў горадабудаўніцтва. Дата 1533 связана з набыццём каралевай Гродзенскага староства, а 1541 — з яе ж пастановай аб добраўладкаванні горада. У выніку лакацыі адбылася заметная геаметрызацыя вулічнай сеткі і, як след, шматлікія вуліцы змянілі свой абрыс. Лакацыя паводле аўтара звязваецца з валочнай памерай 1560, зямельнай рэформай па паляпшэнні землекарыстання. Да лакацыі вуліца Савецкая пачыналася ад Савецкай плошчы ў месцы дома № 1 і ішла да ўпадзення ў вуліцу Калючынскую на месцы сучаснага кінатэатра «Гродна». У выніку перапланіроўкі вуліца стала больш-менш прамой і набыла перасячэнне з вуліцай Калючынскай у месцы сучаснага скрыжавання з вуліцай Ажэшкі. Калі прытрымлівацца пункту погляду згаданага аўтара, то праз два дзесяцігодзі вуліца можа адзначыць сваё 500-годзе.

У сярэдзіне 16 ст. на заходнім баку вуліцы ляжала 32 пляцы і шпіталь Св. Духа, а на ўсходнім баку было 23 вучасткі. Па звестках валочнай памеры 1560—1561 гадоў, асноўную масу жыхароў вуліцы складалі мяшчане і толькі некалькі асоб са шляхты. Па дадзеных рэвізіі 1680 года колькасць вучасткаў на заходнім баку было 16, на ўсходнім — 9, таксама 4 пляцы належалі ваяводу Яну Казіміру Сапегі.

У пачатку 17 ст. на вуліцы былі пабудаваны палац князёў Сангушак (Савецкая, 1), палацы Сапегаў — адзін на месцы Дома прафсаюзаў, другі на скрыжаванні вуліц Савецкай і Дамініканскай, а на рагу вуліц Савецкай і Ажэшкі — палац князёў Массальскіх. Архітэктурны стыль характэрызавалі манастыры Св. Духа, пабудаваны каралевай Бонай Сфорцай у сярэдзіне 16 ст., і дамініканскі касцел і манастыр. Першы з іх некалькі разоў так быў перабудаваны, што толькі спецыяліст можа вызначыць захаваўшуюся частку фасада касцёла, і зараз з’яўляецца будынкам Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна; другі быў разабраны ў 1873 г.

Па меркаваннях даследчыкаў, найбольш рэспектабельны від вуліца атрымала ў 17 стагоддзі менавіта пасля таго, як на сродкі Фрэдэрыка і Крысціны Сапег тут былі пабудаваны касцёл і кляштар ордэна прапаведнікаў-дамініканцаў. Падобна езуітам яны развярнулі шырокую грамацка-культурную дзейнасць у цэнтры горада. касцёл быў пабудаваны ў стылі ранняга барока. Праз дзесяць год пасля паўстання 1863—1864 гг. па загаду расійскіх улад ён быў разабраны. На думку Ю. У. Нямцэвіча, дамініканскі касцёл быў адным з самых прыгожых у Гродна. З помнікаў архітэктуры 18 ст. захаваўся будынак былой мужчынскай гімназіі ў стылі класіцызму.

У 17 ст. сядзібы на Віленскім гасцінцу ахвотна набывалі мясцовыя ўраднікі, павятовая шляхта і магнаты, дадзеная тэндэнцыя ўзмацнілася пасля таго, як у Гродна пачалі праводзіцца соймы Рэчы Паспалітай.

У складзе Расійскай імперыі У расійскі час вуліца была перайменавана ў Сафійскую (1864). У 1860 годзе (па іншых звестках, у 1876 годзе) па вуліцы быў пракладзены водаправод Вуліца інтэнсіўнымі тэмпамі забудоўваецца пасля пракладкі ў 1862 чыгункі Пецярбург-Варшава; згодна плану Гур’ева рэканструкцыі Гродна 1874 на ёй будаваліся толькі каменныя 2-3 павярховыя дамы, пераважна купцамі і прадпрымальнікамі. Многія будынкі неаднаразова рамантаваліся і перабудоўваліся. Сучасны выгляд вуліца атрымала пасля страшэннага пажару 1885 года, пасля якога было знішчана ці сур’ёзна пашкоджана больш за палову будынкаў на вуліцы. Дапажарную Савецкую вуліцу адлюстроўвае алоўкавы малюнак Н. Орды 1865 года У помніках архітэктуры 19-20 стст. адлюстраваліся разнастайныя канструкцыйныя і стылявыя прынцыпы і будаўнічыя прыёмы таго часу. Тут знаходзіліся кнігарні, тыпаграфіі, гасцініцы, страхавыя агенствы і інш.

У 1907 дамамі па вуліцы валодалі: № 1 — Левінсон, № 2 — Голберг, № 3 — Тарлоўскі, № 4 і № 6 — Бергман, № 5 — Шарашэўскі, № 7 — Допельман, № 8 — Закгейм, № 9 — Фукс, № 10 — Мужчынская гімназія, № — Шмітэльскі, № 12 — уласнасць горада, № 13 — Залускі, № 14 — Хвелявінскі, № 15 — Фрумкін, № 16 — Франк, № 17 — Пік, № 18 — Хозе, № 19 — Левандоўскі, № 20 — Чандок, № 21 — Фін, № 22 і 26 — Баркоўскі, № 23 — Чарток, № 25 — Рыман, № 27 — Федэр, № 27 — Ратнер, № 29 — Салавейчык, № 31 — Фрумкін

У 19-20 стст. яна насіла назву Саборная, а ў гады Першай Сусветнай вайны — Domstr., у міжваенны перыяд — Дамініканская. У гады фашысцкай акупацыі — Hinderburgstr. У 1940 г. атрымала назву Савецкая, якая засталася пасля вызвалення горада.

У савецкі час Забудова вуліцы Савецкай амаль не пашкоджана падчас ваенных дзеянняў 1915, 1920, 1939, 1941 гадоў Падчас Другой сусветнай вайны часткова разбурана, але не так моцна, як, напрыклад, Савецкая плошча.

19 сакавіка 1945 года гарвыканкам прыняў пастанову, згодна з якой планавалася разабраць будынкі № 2-4-6-8 для ўзнаўлення пашкоджаннага вакзала. Аднак рашэнне было выканана толькі часткова: былі разабраны толькі дамы № 2 і 4, а 6 і 8 ацалелі. У 1949 г. быў зацверджаны распрацаваны першы генеральны план рэканструкцыі і развіцця горада Гродна. Згодна з планам, вуліца Савецкая павінна была ператварыцца ў праспект шырынёй у 30 метраў. Зносу падлягала ўся гістарычная забудова цотнага боку. Збудаваныя на гэтым баку вуліцы Дом прафсаюзаў і ўнівермаг даюць уяўленне аб тым, як павінна была выглядаць «чырвоная лінія» новага праспекта.

Яшчэ далей пайшлі распрацоўшчыкі другога генплана 1963 г., згодна з якім Савецкая вуліца павінна была ператварыцца ў бульвар з дзвюма паасобнымі палосамі руху. Зносу падлягалі ўсе пабудовы на 150 метраў у кожны бок. Згодна з планам горад губляў большасць гістарычнай забудовы цэнтральнай часткіСаяпин Виктор."Новостройки" улицы Советской . Але праекты былі выкананы толькі часткова. Напярэдадні пабудовы ўнівермага быў знесены будынак кінатэатра канца 19 ст., пазней аднапавярховая прыбудова кафэ ля дома № 20. Частка забудовы на няцотным баку была знесена для пабудовы кінатэатра «Гродна» ў 1961 годзе і крамы «Дзіцячы свет» у 1977 годзе

25 красавіка 1964 года гарвыканкам прымае рашэнне, па якому вуліца пераўтвараецца ў пешую, гэтым жа рашэннем былі знесены ўсе агарожы вакол будынкаў. У 1960—1970 гадах была знесена вялікая колькасць дваравых флігеляў, некаторыя фасады былі значна зменены.

Сёння з’яўляецца толькі пешай у мэтах захавання гістарычнай забудовы. Значэнне вуліцы ў грамадскім жыцці горада вызначае месцазнаходжанне шматлікіх культурных і адміністрацыйных устаноў.

Транспарт Савецкая — адзіная ў Гродне пешаходная вуліца. Рух усіх катэгорый транспарту па ёй забаранілі ў 1972 годзе.

На грамадскім транспарце лепш за ўсё дабрацца тралейбусамі № 1, 2, 3, 6, 7, 9, 11, а таксама аўтобусамі № 1, 3, 4, 8, 12, 14, 21, 22, 27, 29 з прыпынку Савецкая плошча; ці тралейбусамі № 2, 3, 6, 7, 9, 11, і аўтобусамі № 4, 6, 8, 15, 17, 20, 26, з прыпынку Вячэрняя школа № 1План руху гарадскога транспарту г. Гродна.

Будынкі

На няцотным баку

Дамы № 1-3-5-7 утвараюць адзіную забудову і выдавочна амаль не адрозніваюцца адзін ад другога.

№ 1: Двух і трохпавярховы будынак. Помнік архітэктуры. Пабудаваны ў 16 ст. — 1742 г., пасля неаднаразова перабудоўваўся. Уяўляе сабой двухпавярховы, П-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам. Першапачаткова складаўся з 2 аб’ёмаў. Кампазіцыя фасаду ярусная, другі паверх адзелены ад першага карнізам. Галоўны фасад, што выходзіць на вуліцу Савецкую, завершаны высокім двух’ярусным франтонам. У верхней частцы франтона — круглае дахавае акно, у ніжняй — мансардавае памяшканне з прамавугольнымі вокнамі.

Будынак вядомы ў розныя часы як «Дом мейскі гасцінны», мураваная гарадская карчма, камяніца Зелянугі, палац князёў Сангушак, гродзенскі кадэцкі корпус, аптэка на Дамініканcкай, дом Кацанэнбогена, дом Левінсона, фотамайстэрня Л. Гельгора, дыетычная сталоўка, крама «Цацкі», крама «Ратушная» (у наш час).

Дом, вядомы як «Палац Сангушак», мае даўнюю гісторыю. Лічыцца, што гарадская карчма — «Дом мейскі гасцінны» была пабудавана ў 16 ст., аднак качма магла існаваць на гэтым месцы значна раней. Згодна прывілегія Стэфана Баторыя ад 1579 года, карчма была вызвалена ад выплаты падаткаў на рэалізацыю алкагольных напояў. Уласна палац Сангушак быў пабудаваны ў 1742 г. на месцы гарадской карчмы 16 ст. Уласнікамі камяніцы, карчмы і драўлянага дома былі вялікі літоўскі маршалак Павел Караль Сангушка, яго сыны: надворны літоўскі маршалак Януш Аляксандр (-1775) і маршалак вялікі літоўскі Юзаф Паўлін. У 1773 годзе будынак арэндаваў надворны літоўскі падскарбій (міністр фінансаў ВКЛ) Антоній Тызенгаўз для размяшчэння ў ім кадэцкага корпуса, які пасля быў перанесены ў будынак па вуліцы Скалімаўская (цяпер Сацыялістычная, 19). У 1778 сядзібу набыў сам А. Тызенгаўз, а затым пасля ўрэгулявання даўгоў былога падскарбія будынкам валодалі яго спадчыннікі. У 19 стагоддзі будынкам валодалі Кацэнэленбогены, пасля Левінсоны. У 1886 годзе маёмасць ацэньвалася ў 8400 рублёў, а ў 1910 годзе ўжо ў 47 750 руб., пры гэтым нерухомасць прыносіла прыбытак у 5 000 расійскіх рублёў. Будынак выкарыстоўваўся самым разнастайным чынам: гэта і здача памяшканняў пад кватэры, і пад розныя крамы (абутку, пушніны, бакалеі, канцылярскіх прылад і інш.), і пад майстэрню, і пад аптэку, і пад склады, і нават пад банкаўскую кантору У 20 ст. у доме знаходзіліся: майстэрня гарадзенскага фотамайстра Гельгора, аптэка, крама канцтавараў, крама Лінніка па продажы швейных машын, веласіпедаў, матацыклаў, радыё-фотатавараў. Пасля вайны размяшчаліся прамтаварныя і харчовыя крамы, піўны ларок. У 1937 годзе ў будынку знаходзілася ў тым ліку і турыстычнае бюро «Орбіус». Так, у чэрвені 1947 года ў будынку пачалі працаваць прамтаварная крама «Главособунивермаг», а таксама харчовыя крамы. У 1962 г. адкрылася дыетычная сталовая. Пасля закрыцця сталовай там некаторы час размяшчалася крама «Цацкі». У 70-80 г.г. ў будынку працавалі цырульня і крама «Саюздрук». З 1977 — «Аблбытпракат».

У 1996—2002 гадах праведзена рэканструкцыя з рэстаўрацыяй фасадаў (арх. А. У. Шымбарэцкі, А. Хамко). Цяпер з боку вуліцы Савецкая знаходзяцца крама «Ратушная», цырульня, вінная крама «Штопар».

№ 3: Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Так званы дом Тарлоўскага.

Г-падобны ў плане будынак з двухсхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада ярусная сіметрычная. Паверхі падзелены гарызантальнай цягай, цэнтральная і флангавыя часткі вылучаны рызалітамі. На другім паверсе — тры балконы з чыгуначнымі агарожамі. Аконныя і балконныя праёмы другога паверха, а таксама праезд — лучковай канфірурацыі. Эклектычная пабудова спалучае аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю класіцызму і дэкаратыўныя элементы барока.