Польска-савецкая вайна, вайна Польшчы з Савецкай дзяржавай у 1919—1920. Баявыя дзеянні адбываліся сярод іншага на тэрыторыі Беларусі. У выніку вайны Беларусь была падзелена на 2 часткі: Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, а на падкантрольнай бальшавікам тэрыторыі створана БССР.
Напярэдадні вайны У перыяд адраджэння Польскай дзяржавы (1918-19) было створана Войска Польскае. Урад Польшчы выступіў супраць абвяшчэння ССРБ, а пасля і Літбел. Сілы Самаабароны Літвы і Беларусі ў 1918-19 спрабавалі супрацьстаяць усталенню савецкай улады на гэтых тэрыторыях. Да пачатку 1919 фарміраванні Самаабароны ўліліся ў рэгулярныя польскія войскі.
Кіраўніцтва Польшчы на чале з Юзафам Пілсудскім не жадала абмяжоўвацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі, імкнулася далучыць беларускія, літоўскія, украінскія землі да сваёй дзяржавы. У снежні 1918 дэкрэтамі польскага ўрада да Польшчы былі далучаны Бельскі павет Гродзенскай і Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерняў. Пачынаючы з 14 лютага 1919 паўночная група польскіх войскаў пад камандаваннем генерала Вацлава Івашкевіча заняла большую частку Гродзенскай губерні, павяла наступленне ў напрамку Баранавічы — Мінск і Кобрын — Пінск.
Палітыка польскіх уладаў на пачатку вайны
Першыя польска-савецкія сутычкі адбыліся на Беларусі 17 лютага 1919. У сакавіку польскае войска апынулася на лініі рэк Піна — Ясельда. 21 красавіка пасля трохдзённых баёў была занята Вільня. На другі дзень была абвешчана адозва начальніка польскага войска Юзафа Пілсудскага «Да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага». «Польскае войска нясе Вам усім вольнасць і свабоду», — запэўніваў Пілсудскі. Ён даклараваў таксама, што створыць магчымасці развязваць нацыянальныя і канфесійныя пытанні без гвалту і націску з боку Польшчы. Апрача Ю. Пілсудскага свае адозвы і загады на польскай і беларускай мовах выдалі генералы Эдвард Рыдз-Сміглы і Станіслаў Шаптыцкі. 3 загаду Э. Рыдз-Сміглага вынікала, што афіцыйнай мовай мелася быць польская, а ўсе распараджэнні ўладаў трэба перакладаць на беларускую мову. У кантактах з уладамі дапускалася ўжыванне беларускай мовы. У сітуацыі далейшай канфрантацыі з Савецкай Расіяй польскія ўлады імкнуліся здабыць прыхільнасць беларусаў. Для часткі палітыкаў, якія стваралі структуры БНР, Юзаф Пілсудскі, прыхільнік федэралізму, уяўляўся магчымым прыяцелем беларускай незалежнасці.
8 жніўня польскія войскі занялі Мінск, у верасні апанавалі лінію Любань — Барысаў — Полацк — Дзвінск. Большасць беларускіх зямель апынулася пад польскім кантролем. Беларускі друк у Мінску і Вільні пісаў аб гістарычнай супольнасці палякаў і беларусаў, дзякаваў за вызваленне Беларусі з-пад расійскага імперыялізму, выказваў спадзяванні на дапамогу Ю. Пілсудскага ў пабудове незалежнай беларускай дзяржавы. Старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэта Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун), вітаючы начальніка польскай дзяржавы і дзякуючы яму за вызваленне Гродна, Вільні і Мінска, прыгадаў, што ў няволі застаюцца прыналежныя Беларускай Народнай Рэспубліцы гарады Віцебск, Магілёў, Смаленск. Пілсудскі ў Мінску, як раней у Вільні, запэўніваў, што "зямлі гэтай нічога гвалтам навязана не будзе".
20 верасня 1919 Канвент старэйшын Рады БНР паслаў ліст Ю. Пілсудскаму, у якім інфармаваў пра аднаўленне дзейнасці органаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад ліпеня ў Вільні дзейнічала Беларуская вайсковая камісія, якая чакала дазволу польскага камандавання на стварэнне беларускага войска.
У Парыжы 1 ліпеня 1919 г. прэм'ер урада БНР Антон Луцкевіч і прэм'ер польскага ўрада Ігнацы Падарэўскі ўзгаднілі новы праект федэрацыйнага пагаднення абедзвюх дзяржаў, які прадугледжваў супольную замежную палітыку і супольнае камандаванне ўзброенымі сіламі.
Палітыка бальшавікоў на пачатку вайны Поспехі польскага войска ўлетку 1919, асабліва федэрацыйныя дэкларацыі Пілсудскага, якія аптымістычна ўспрымаліся ў Мінску і Вільні, занепакоілі савецкі ўрад. Выклікана гэта было рэальным шансам узнікнення федэрацыі народаў пад эгідай Польшчы.
Бальшавікі фактычна ліквідавалі Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і прапанавалі палякам мір "з вечнай граніцай на Дзвіне, Вуле і Бярэзіне". Яны аддавалі амаль усю Беларусь узамен спынення ваенных дзеянняў. Прапановы гэтыя не раз выносіліся пад час мірных перамоў восенню 1919 ў Мікашэвічах. Адначасова савецкія ўлады падтрымоўвалі ўсялякія дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў тылах польскага войска. Увосень 1919 ў Смаленску была падпісана дамова паміж Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Расійскай камуністычнай партыяй (бальшавікоў) у справе арганізацыі беларускіх паўстанцкіх атрадаў на занятых палякамі тэрыторыях. Дамова прадугледжвала, што ў выпадку апанавання Беларусі Чырвонай Арміяй будзе створана беларуская савецкая дзяржава, а ўлада перададзена эсэрам і мясцовым камуністам.
Дзеянні польскага войска і адміністрацыі на акупаваных землях
Энтузіязм, выкліканы дэкларацыямі Юзафа Пілсудскага, хутка патух з прычыны дзеянняў польскага войска і адміністрацыі Грамадзянскай ўправы ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich). Сацыяльнай апорай Пілсудскага ў Беларусі стала мясцовае польскае насельніцтва: заможныя землеўласнікі, каталіцкае духавенства, інтэлігенцыя.
Камісар Грамадзянскай ўправы ўсходніх зямель Ежы Асмалоўскі (1872—1952) на пасады ва ўсіх установах прызначыў мясцовых памешчыкаў, якія лічылі сябе палякамі. Тыя выкарыстоўвалі ўладу для расправы з сялянамі, рэагуючы на вынікі савецкай акупацыі. Павятовымі старастамі прынцыпова ставілі памешчыкаў, войтамі ў гмінах прызначалі толькі палякаў і каталікоў. Гвалт і рэквізіцыі з боку ваенных падраздзяленняў, жандармерыі і паліцыі згладжвалі адмоўныя ўражанні, набытыя за час савецкага панавання. Рабаванне, тэрор і расстрэлы падазроных у прыхільнасці да камунізму надавалі польскай прысутнасці рысы акупацыйнай улады. Асяродкамі камунізму лічыліся праваслаўныя цэрквы і яўрэйскія сінагогі. Паспешліва перадавалі каталікам многія праваслаўныя храмы. Адбывалася гэта і ў тых мясцінах, дзе палякі складалі нязначны працэнт агульнага ліку жыхароў. Беларускую інтэлігенцыю адштурхоўвала нішчэнне праяў нацыянальнага жыцця. Пад рэквізіцыі і суды траплялі незалежныя беларускія газеты, у Мінску забаронена было ставіць п'есы Янкі Купалы і Каруся Каганца. Прапаганда на старонках часопіса «Straż Kresowa», якой займаўся Камітэт абароны крэсаў (Komitet Obrony Kresów), развеяла ілюзіі прыхільнікаў хаўрусу з Польшчай.
Палітыка тэрору, рэквізіцый, рабаўніцтва супраць беларускага насельніцтва, гвалтоўная паланізацыя павярнула большасць беларускіх палітыкаў у апазіцыю да польскага рэжыму. Рост узброеннай барацьбы ў тыле польскай арміі выклікаў лавіраванне палітыкі Ю. Пілсудскага. Так, у жніўні 1919 года ён запрасіў з Парыжа на перагаворы А. Луцкевіча, даў дазвол на вызваленне з турмы ўсіх беларускіх палітычных зняволенных, абяцаў даць сродкі на адкрыццё беларускіх школ і культурных устаноў. Гэтыя ўступкі восенню 1919 ізноў выклікалі ажыўленне сярод нацыянальна-дэмакратычных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. На старонках легальных беларускіх газет разгарнулася агітацыя за далучэнне Беларусі да Польшчы. Ю. Пілсудскі даў дазвол А. Луцкевічу на правядзенне чарговай сесіі Рады БНР у снежні 1919, спадзеючыся, што яна выкажацца за інкарпарацыю Беларусі ў склад Польшчы.
Палітыка дзеячаў БНР Стаўленне да Польшчы і палякаў раз'яднала беларускіх палітыкаў. Паводзіны войска і адміністрацыі ажыўлялі ідэю супрацоўніцтва з Савецкай Расіяй. У Радзе БНР рашучыя антыпольскія пазіцыі займалі дзеячы БПСР і БПСФ. Частка палітыкаў гэтых партый, асабліва федэралісты, не былі прыхільнікамі паразумення з саветамі, але бачылі ў дзеяннях кожнага з варагуючых бакоў імперыялісцкія памкненні. Паразумення з палякамі шукалі дзеячы, згуртаваныя вакол Антона Луцкевіча. Яны не давяралі бальшавікам і спадзяваліся ў выпадку перамогі Польшчы на выкананне абяцанняў кіраўніка польскай дзяржавы. 20 лістапада ў час сустрэчы А. Луцкевіча з Ю. Пілсудскім было ўзгоднена, што Рада БНР пераўтворыцца ў Нацыянальную беларускую раду, што абазначала б замену яе статусу з дзяржаўнага прадстаўніцтва на нацыянальнае.
Падчас сесіі Рады БНР, якая праходзіла ў снежні 1919, большасць членаў Рады асудзіла каланізатарскую палітыку Польшчы, выказала недавер дзеянням старшыні Рады БНР Язэпа Лёсіка і старшыні Кабінета Міністраў Антона Луцкевіча, якія па іх меркаванні праводзілі згодніцкую палітыку. Беларускія эсэры прызвалі да адкрытай барацьбы з польскімі акупантамі.
Адбыўся раскол Рады БНР. Прыхільнікі захавання незалежнасці Беларусі — Вацлаў Ластоўскі, Пётр Крэчэўскі, Васіль Захарка, Аляксандр Цвікевіч, Тамаш Грыб — намерыліся адклікаць Антона Луцкевіча з пасады прэм'ер-міністра і такім чынам пазбавіць яго паўнамоцтваў выступаць ад імя Рады БНР. Прыхільнікі Луцкевіча на чале з Паўлам Алексюком прапанавалі стварыць «дырэкторыю», якая выконвала б ролю нацыянальнага прадстаўніцтва і вяла далейшыя перамовы з палякамі. 13 снежня 1919 бальшыня сяброў Рады абрала новым прэм'ер-міністрам Вацлава Ластоўскага і абвясціла сябе Народнай Радай БНР, старшынёй якой стаў Пётр Крэчэўскі. Астатнія, прыхільнікі супрацоўніцтва з Польшчай, абвясцілі сябе Найвышэйшай Радай БНР і на пасадзе прэм'ер-міністра пакінулі Антона Луцкевіча. Старшынёй Найвышэйшай Рады стаў Іван Серада.
Некалькі дзён у Мінску існавалі два беларускія ўрады і дзве рады, якія выступалі ад імя беларускага народа. Неўзабаве ўрад В. Ластоўскага і частка членаў Народнай Рады былі арыштаваныя палякамі. Пасля вызвалення з турмы бальшыня іх падалася ў Коўна, дзе яны атрымалі статус эміграцыйнага ўрада і сродкі на вядзенне нелегальнай дзейнасці на тэрыторыі Польшчы. Антон Луцкевіч і сябры Найвышэйшай Рады пераехалі ў Вільню.
24 сакавіка 1920 Вацлаў Іваноўскі, у якога былі паўнамоцтвы Найвышэйшай Рады, заключыў з Леанам Васілеўскім, які прадстаўляў кіраўніка польскай дзяржавы, пагадненне ў справе ўрэгулявання польска-беларускага жыцця на Міншчыне, але ўжо не было адпаведнай атмасферы і — як высветлілася — часу на ажыццяўленне падпісаных абавязацельстваў.
Савецкае наступленне, абвяшчэнне БССР У ліпені 1920 года Беларусь зноў была занята Чырвонай Арміяй. Разам з польскім войскам адышлі ў Лодзь Беларуская вайсковая камісія і падначаленыя ёй падраздзяленні.
12 ліпеня бальшавікі падпісалі пагадненне з літоўскім урадам, у адпаведнасці з якім Віленшчына і Гродзеншчына былі перададзены Літве. Пагадненне гарантавала нейтралітэт Літвы на час савецка-польскай вайны, а ў выніку — бяспеку правага фланга войск Заходняга фронту, якія наступалі ў кірунку Варшавы. Адначасова амаль мільённая маса беларусаў у межах Літвы стварала Савецкай Расіі перспектыву ўплываць на ўнутраную сітуацыю ў гэтай краіне.
31 ліпеня ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі паўторна абвясціў незалежнасць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Утвораны ў гэты ж час Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (у складзе Аляксандра Чарвякова, Вільгельма Кнорына, Язэпа Адамовіча) выконваў функцыі беларускага савецкага ўрада. У дэкларацыі ЦК КП(б)ЛіБ аб абвяшчэнні «незалежнай БССР» гаварылася, што межы Беларусі з буржуазнымі дзяржавамі будуць вызначаны паводле этнаграфічнага крытэрыю, а з сацыялістычнай Расіяй і Украінай — «згодна з воляй беларускага народа»Из истории гражданской войны в СССР, Т.3, Мн., 1961, с. 320.. У склад створанай у адпаведнасці з гэтым дакументам дзяржавы ўваходзіла толькі 18 паветаў. Яе тэрыторыя зусім нязначна выходзіла за межы Міншчыны. У кастрычніку 1920 большая частка тэрыторыі Беларусі разам з Мінскам была зноў занята польскім войскам. На савецкім баку засталася невялічкая рэспубліка з 6 паветаў колішняй Мінскай губерні.
Дзейнасць С. Булак-Булаховіча