Эдвард Вітальд Жалігоўскі, псеўданімы Antoni Sowa (Антоні Сава́), Autor «Jordanu», Onegdajski (20 ліпеня 1816, фальварак Мар’ямпаль Вілейскага павета Мінскай губерні, цяпер мясцовасць паблізу Карэкаўцаў Вілейскага раёна Мінскай вобласці — 28 снежня 1864, Жэнева, Швейцарыя) — польскі паэт, філосаф, грамадскі дзеяч.

Жыццяпіс

У 1833—1836 гадах вучыўся ў Дэрпцкім універсітэце. У 1838 годзе арыштаваны за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання пад кіраўніцтвам Шымана Канарскага; інтэрніраваны.

Пасля амністыі 1841 года ў 1842 вярнуўся на Радзіму. У 1851 годзе зноў арыштаваны і сасланы ў Петразаводск, потым у Арэнбург. Пасябраваў і падтрымліваў сувязі з Тарасам Шаўчэнкам, прысвяціў яму верш «Да народнага паэта».

З 1858 года жыў у Санкт-Пецярбургу. Дапамагаў Іасафату Агрызку выдаваць газету «Slowo». Апублікаваў зборнікі «Poezye», «Dziś i wczoraj», драму «Jordan».

У 1860 годзе выехаў у Еўропу. Супрацоўнічаў у польскім эмігранцкім друку. Апошнія гады жыў у Жэневе.

Творчасць Аўтар антыпрыгонніцкай «драматычнай фантазіі» ў вершах «Ёрдан», яе працягу «Зорскі» (неапубл.; урыўкі ў 1858 чытаў Т. Шаўчэнку, які ў вершы «Перайманне Эдуарду Саве» выкарыстаў прыведзеную ў «Зорскім» беларускую народную песню «Пасаджу каля хаціны»), антыклерыкальнай паэмы «Манахі» (1850), зборніка «Паэзія» і «біяграфічна-этычных» нарысаў «Сёння і ўчора» (1858). 3 абурэннем пісаў у іх пра галечу беларускіх сялян, сцвярджаў права беларускага народа на сваю літаратуру, станоўча ацаніў «Ідылію» В. Дуніна-Марцінкевіча. Перапісваўся з А. Вярыгам-Дарэўскім.

Пераклаў на польскую мову творы Аляксандра Пушкіна і Генрыха Гейнэ.

Ушанаванне памяці

У вёсцы Карэкаўцы Вілейскага раёна 20 верасня 2009 года адкрыты памятны знак сяброўству Эдварда Жалігоўскага і Тараса Шаўчэнкі.«Адкрыты памятны знак у гонар Шаўчэнкі і Жалігоўскага» («Рэгіянальная газета»).

Крыніцы

Літаратура Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.: энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелЭн, 1995. — С. 429. ISBN 985-11-0016-1

Катэгорыя:Польскамоўныя паэты Катэгорыя:Нарадзіліся ў Вілейскім раёне