Беларуская літаратура — літаратура на беларускай мове і іншых мовах, створаная на землях Беларусі, а таксама беларусамі за яе межамі.

Гісторыя

Да XVI ст.

Зараджэнне літаратуры на беларускіх землях выклікана надзённымі патрэбамі культурна-гістарычнага развіцця і непасрэдна звязана са з’яўленнем у Х ст. ва ўсходніх славян пісьменства, чаму спрыяла і прыняцце хрысціянства. Яна абапіралася на багатыя традыцыі фальклору, грэка-візантыйскай літаратуры і спачатку развівалася ў цеснай сувязі з літаратурай Кіеўскай Русі.

На Беларусі ў эпоху сярэднявечча бытавалі ўсе асноўныя віды, жанры і творы старажытнай літаратуры, якая вызначалася сур’ёзнасцю зместу, значнасцю тэм, праблем і герояў, высокай ідэйнасцю, сінкрэтызмам, з перавагай твораў царкоўна-рэлігійнага характару. Найбуйнейшымі цэнтрамі пісьменства былі Полацк і Смаленск, дзе перапісваліся розныя творы богаслужэбнага прызначэння, узніклі шматлікія помнікі дзелавой літаратуры, свецкай і клерыкальнай (граматы, пасланні, словы і інш.), вяліся мясцовыя летапісы, складзены арыгінальныя жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве вырас і тварыў славуты майстар аратарскай прозы Кірыла Тураўскі (ХІІ ст.). Развіццю пісьменства і літаратуры ў XII—XV ст. садзейнічалі палітычнае аб’яднанне беларускіх зямель у ВКЛ і завяршэнне фарміравання беларускай народнасці са сваёй адметнай культурай.

Росквіт беларускай літаратуры наступіў у XVI ст.. Старабеларуская мова была афіцыйнай мовай Вялікага княства Літоўскага (Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 г., палемічная рэлігійная літаратура).

У гэты перыяд актыўна развівалася дзелавое пісьменства, з’явіліся пераклады твораў зарубежнай літаратуры на беларускую мову. 3 Беларуссю звязаны найбольш плённы перыяд жыцця і творчай дзейнасці балгарскага пісьменніка Цамблака Грыгорыя. У 1-й пал. XV ст. зарадзілася агульнадзяржаўнае летапісанне, у якім творча выкарыстаны старажытна-рускія літаратурныя традыцыі. Першыя беларуска-літоўскія летапісныя помнікі («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і Беларуска-літоўскі летапіс, 1446) адлюстравалі выдатную ролю літоўска-беларускай дзяржавы ў тагачаснай Еўропе і сталі здабыткам беларускай гістарычнай прозы. Важныя культурна-гістарычныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства, рост духоўных запатрабаванняў, зараджэнне рэнесансавага гуманізму, пашырэнне сувязей з перадавымі краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары спрыялі развіццю беларускай літаратуры ў XVI ст.

Літаратурныя жанры ў мінулым мелі пераважна службова-прыкладны, дзелавы ўжытак. Мастацкі вымысел не быў асноўным прынцыпам адлюстравання рэчаіснасці, таму даўняя літаратура вызначаецца своеасаблівым гістарызмам. Асновай зместаў многіх твораў служылі рэальныя гістарычныя асобы і падзеі. Творы некаторых жанраў (хаджэнні, летапісы і хронікі, дзённікі і мемуары) мелі выразную гісторыка-дакументальную аснову. Каштоўныя звесткі пра свой час меліся і ў помніках агіяграфіі (жыціі), гістарычных аповесцях і паэмах («Слова пра паход Ігаравы», «Сказанне пра Мамаева пабоішча»), хранографах і інш. Спалучэнне дакладнага гістарычнага факта і літаратурнага вымыслу, сінтэз дакументальна-дзелавога і вобразна-мастацкага апісання рэчаіснасці надавалі творам тагачаснага пісьменства сінкрэтычны характар.

З пачатку XVI ст. беларускія кнігі сталі друкавацца. У эпоху Адраджэння высокай дасканаласці дасягнула беларуская літаратурная мова, створаны выдатныя помнікі прававой думкі беларускага і літоўскага народаў (Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588), з’явіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гісторыка-мемуарная проза, драматургія), склалася плеяда таленавітых літаратараў, узмацніліся працэсы секулярызацыі і гуманізацыі літаратуры. Этапнае значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры мела шматгранная творчая дзейнасць асветніка-гуманіста, першадрукара, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Першая друкаваная кніга на беларускай мове — «Псалтыр» — надрукаваная ім у Празе ў 1517. Гэта была першая кніга, надрукаваная на мове ўсходнеславянскай групы. Францыск Скарына стаў заснавальнікам новага, гуманістычнага тыпу перакладу ва Усходняй Еўропе, пачынальнікам беларускага вершаскладання, аўтарам змястоўных і дасканалых прадмоў, у якіх вытокі беларускай філалагічнай навукі і літаратурнай крытыкі. Першую рэнесансавую паэму аб роднай зямлі «Песня пра зубра» склаў на лацінскай мове М. Гусоўскі. У беларускім летапісанні XVI ст. ўзмацніліся ідэі дзяржаўнага патрыятызму, пагадовы дакументальна-дзелавы выклад падзей стаў спалучацца з жывым, займальна-белетрыстычным іх апісаннем, а нацыянальная гісторыя стала падавацца як самабытная і самацэнная з’ява. Найбольш поўна і літаратурна дасканала яна выкладзена ў «Хроніцы Быхаўца», апошнім агульнадзяржаўным летапісным зводзе, прысвечаным гістарчнай мінуўшчыне Літвы і Беларусі ад легендарных часоў да пач. XVI ст. Праблемы лёсу Радзімы, удасканалення чалавека і грамадства былі галоўнымі ў літаратуры эпохі Скарыны.

У перыяд позняга Адраджэння (2-я пал. XVI ст.) беларуская літаратура развівалася пад уплывам ідэй пратэстантызму і рэлігійнага вальнадумства. Рэфармацыйная публіцыстыка значна ўзбагаціла яе тэматыку і праблематыку. Публіцыст і перакладчык, адзін з заснавальнікаў філалагічнай крытыкі Бібліі ў Еўропе С. Будны выдаў у Нясвіжы «Катэхізіс» (1562) — першую друкаваную кнігу на тэрыторыі сучаснай Беларусі; палеміст А. Волан стварыў больш за 20 публіцыстычных твораў на лацінскай і польскай мовах; абаронца роднага слова В. Цяпінскі першы пераклаў Евангелле на беларускую мову. Найбольш значным прадстаўніком свецкай аратарскай прозы быў Л. Сапега. Сярод тагачасных паэтаў вылучаўся А. Рымша, які пісаў свае творы (эпіграмы, гістарычныя паэмы) на беларускай і польскай мовах. Важнае значэнне мелі пераклады на беларускую мову выдатных твораў сусветнай літаратуры: кніг Бібліі, гістарычных аповесцей і рыцарскіх раманаў (пра Аляксандра Македонскага, Траянскую вайну, Атылу, Трыстана), зборнікаў навел і інш.

Канец XVI — сярэдзіна XVIII ст. Складаным і разнастайным было культурнае і літаратурнае жыццё на Беларусі ў эпоху барока (канец XVI — сярэдзіна XVIII ст.). У літаратуры, якая стала шматмоўнай, адбываўся працэс пераходу ад старой эстэтычнай сістэмы да новай, абнаўляліся і трансфармаваліся жанры, узбагачаліся выяўленчыя сродкі і стылі, змяняліся прынцыпы адлюстравання жыцця і чалавека, з’явіўся новы герой — прадстаўнік простага народа (селянін, рамеснік). Новыя грамадска-палітычныя ўмовы (Люблінская унія 1569 і Брэсцкая унія 1596, контррэфармацыя) выклікалі ўздым палемічнай літаратуры, разнастайнай у ідэйна-тэматычным і жанрава-стылёвым плане. Самымі вядомымі яе прадстаўнікамі былі І. Пацей, Я. Карповіч, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч. Росквіт кнігадрукавання спрыяў пашырэнню жанру прадмоў. 3 узнікненнем школьнага тэатра зарадзілася драматургія (драмы, інтэрмедыі). Актыўна развівалася кніжная паэзія. Сярод малых вершаваных формаў найбольш пашыраным быў жанр эпікграмы. Яркі ўзор беларускай грамадзянскай лірыкі пакінуў Я. К. Пашкевіч (верш «Польска квітнет лацінаю»). Працягвала развівацца паэма, найбольш значная — «Лямант на смерць Лявона Карповіча» — створана ў 1620 невядомым аўтарам на беларускай мове. Прыкметны ўклад у развіццё беларускай кніжнай паэзіі зрабіў паэт XVII ст. Сімяон Полацкі.

У XVI і XVII ст. пад уплывам польскай культуры з’явілася сілабічная паэзія барока і драматычная школа. Важныя змены перажывала гістарычная проза. Агульнадзяржаўнае летапісанне занепадае, але пачынаюць складацца мясцовыя летапісы. Самы значны з іх Баркулабаўскі летапіс адметны сваім дэмакратычным характарам. У сувязі з ростам асобаснага пачатку ў літаратуры ўзнікаюць сямейныя хронікі, дыярыушы (дзённікі), падарожныя запісы і іншыя творы мемуарнага жанру (Ф. Еўлашоўскага, М. К. Радзівіла, С. і Б. Маскевічаў).

Нягледзячы на паступовае ўзмацненне ў даўняй беларускай літаратуры мастацка-выяўленчага пачатку, белетрыстычнасці, яна ў цэлым захоўвала цесную сувязь з жыццём і таму з’яўляецца неацэннай крыніцай пазнання гістарычнай мінуўшчыны. Своеасаблівым тыпам нацыянальнай гісторыі ў кантэксце сусветнай былі хранографы («Вялікая хроніка»), у якіх у выніку белетрызацыі гістарычнага апавядання адбываўся пераход ад традыцыйнага, дакументальна-дзелавога апісання мінулага да ўласна мастацкай гістарычнай прозы. Працэс разбурэння ў літаратуры сярэдневяковага сінкрэтызму, алітаратурвання дзелавых жанраў, яе далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя засведчылі з’яўленне твораў гумарыстычнага і парадыйна-сатырычнага характару («Прамова Мялешкі» Прамова Мялешкі. Аповесць (бел.), «Ліст да Абуховіча», «Прамова Русіна», «Другая прамова Русіна аб нараджэнні Хрыста»).

Гэта тэндэнцыя ўзмацнілася ў перыяд позняга барока (2-я пал. XVII — 1-я пал. XVIII ст.). Узніклі гумарыстычная паэзія і песенна-інтымная лірыка, новыя творы парадыйна-сатырычнай прозы і драматургіі. Летапісы перасталі быць ананімнымі і часам набывалі рысы гісторыка-мемуарнай прозы, падзеі і героі падаваліся ў іх больш жыва і рэалістычна, набліжана да гістарычнай рэчаіснасці (Магілёўская хроніка Т. Сурты і Ю. Трубніцкага). Зварот да рэальнага жыцця народа, да фальклорных вытокаў і жывой гутарковай мовы садзейнічаў працэсу пераходу ад старой эстэтычнай сістэмы да новай, які ўскладніўся і зацягнуўся ў сувязі з неспрыяльнымі культурна-гістарычнымі ўмовамі. I хоць друкарні выдавалі пераважна царкоўна-рэлігійную літаратур, працягвалі бытаваць творы папярэдніх эпох, а часам ствараліся і новыя ў старых літаратурных традыцыях (напр., Віцебскі летапіс), гэты працэс стаў ужо незваротны.

Творчыя здабыткі беларускай літаратуры, як і ўсёй беларускай культуры эпохі Адраджэння і барока, настолькі багатыя, а ўзровень яе развіцця настолькі высокі, што дало ёй магчымасць уплываць на суседнія краіны, асабліва Расію, а Беларусі выконваць у XVI—XVII ст. місію пасрэдніка ў літаратурных і культурных сувязях паміж еўрапейскім Захадам і Усходам. Аднак у XVIII ст. з прычыны прыгнёту народа і звода пласта беларускамоўнай інтэлігенцыі беларуская літаратура прыйшла ў заняпад.

Канец XVIII—XIX ст.

Нарастанне адраджэнскіх тэндэнцый уласна беларускай літаратуры пачалося з сярэдзіны XVIII ст., калі ў культурным жыцці шырока замацавалася польская пісьмовая традыцыя. Адрыў беларускае пісьменства ад старабеларускай кніжнай мовы і зварот да народна-гутарковых пластоў здзяйсняліся найперш (як дапускала эстэтыка класіцызму) у «нізкіх» драматургічных жанрах — у польска-беларускіх інтэрмедыях, у двухмоўнай «Камедыі» К. Марашэўскага і ў «Доктары па прымусу» М. Цяцерскага. Білінгвістычная традыцыя, якая склалася ў пераходны перыяд і аб’ектыўна не давала выпасці беларускаму слову з пісьмовай традыцыі, перайшла і ў ХІХ ст. (вершаваная мініяцюра І. Легатовіча «Скажы, вяльможны пане…», 1838; фарс-вадэвіль В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», 1846). Аўтарская двухмоўнасць Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, А. Рыпінскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, А. Вярыгі-Дарэўскага, А. Плуга, В. Каратынскага і інш. утварала двухадзінства беларускай і польскай моўных плыняў у творчым працэсе, які вёў да адраджэння ўласна беларускай літаратуры.

Новая беларуская літаратура развівалася ў двух сустрэчных кірунках: з аднаго боку, у сялянскім асяроддзі, якое зберагала фальклор і мову продкаў, з’яўляліся паэты (П. Багрым) і літаратурныя творы, пераважна ананімныя («Віншаванне бондара Савасцея», «Імяніннае віншаванне», «Вясна гола перапала» і інш.), а з другога — польскамоўныя аўтары, ураджэнцы Беларусі (у т.л. А. Міцкевіч), якія, выкарыстоўваючы фальклор і звяртаючыся да гістарычных праблем народнага жыцця, імкнуліся, каб іх творы траплялі пад «саламяныя стрэхі». Гэта зрабіла натуральным беларуска-польскае моўна-літаратурнае суіснаванне пад вокладкамі аднаго выдання ў кнігах В. Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікава? — Прачытай» (1856), «Дудар беларускі» (1857), у якіх беларускаму слову адводзілася вядучая роля ў мастацкім і маральна-этычным планах.