У́ла (, ) — аграгарадок (былы пасёлак) у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. 679 жыхароў (2018). Прыстань на Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ракі Ула; знаходзіцца за 27 км ад Бешанковіч, 80 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Бешанковічамі, Лепелем, Ушачамі і аўтадарогай Віцебск—Полацк.

Гісторыя

Вядомы з XIV ст. як невялікае паселішча ў Полацкім княстве, з 16 ст. мястэчка ў Полацкім ваяводстве ВКЛ. Належала С. Саковічу (1440 г.) і яго жонцы, Я. Ю. Гальшанскаму (1546), М. Ю. Радзівілу (1551), Кішкам, Жабам. Падчас Лівонскай вайны (1558—1583), паводле загаду караля Жыгімонта Аўгуста, для абароны вусця р. Улы, тут у 156З г. пачалося будаўніцтва Ульскага замка. Але работы, якімі кіраваў венецыянскі інжынер, былі спынены нападам атрада рускіх войск; будаўнікі загінулі. У 1567 г. на гэтым месцы па загадзе ўжо цара Івана IV пабудавалі драўляную крэпасць — сцены-гародні, 8 вежаў, у т.л. вароты і брамкі. У 1568 г. гетман Раман Сангушка нечаканым штурмам захапіў Ульскія ўмацаванні. Пазней замак аднавілі, а ў 1580 г. паводле загаду Стэфана Баторыя насыпалі вал (вышынёй 6 м). У 1577 г. Ула атрымала магдэбургскае права і герб: у чырвоным полі замак з вежай пасярэдзіне. У 16-18 ст. Ула належала князям Быстрыцкім, Лукомскім, Ржэцкім, А. Д. Меншыкаву, Патоцкім, Рэутам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Ула значна пацярпела ад ваенных дзеянняў, замак быў поўнасцю знішчаны і болей не аднаўляўся. У 1669 г. на яго месцы заснаваны касцёл і кляштар дамініканцаў (паводле іншых звестак, у 1678 г., зачынены ў 1832 г.). У 1764 г. Ула налічвала да 600 жыхароў. 3 1793 г. — у складзе Расійскай імперыі, гандлёвае мястэчка Лепельскага павета Полацкай (у 1793—1796 гг.), з 1802 г. Віцебскай губерняў, з 1796 да 1802 гг. у Полацкім павеце, з 1861 г. — цэнтр воласці. У 1850 г. — 1041 жыхар. У 1881 г. у мястэчку знаходзіліся валасное праўленне, 3 царквы (адна з іх, Пакроўская, пабудавана ў 1857 г.), касцёл, сінагога, школа, 4 яўрэйскія школы, прыстань, 2 гарбарні, 48 лавак, 6 заезных дамоў. Побач з Улай (1 км), у маёнтку Аўгустберг, працавалі бровар і вадзяны млын. Частка местачкоўцаў у якасці лоцманаў нанімаліся на баркі і плыты, праводзілі іх па Дзвіне ў Рыгу.

3 17.07.1924 г. Ула — цэнтр Ульскага раёна Полацкай акругі (да 26.07.1930), з 08.07.1931 г. у Бешанковіцкім раёне, з 20.02.1938 г. у Віцебскай вобласці, з 27.09.1938 г. — гарадскі пасёлак. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 да 26.06.1944 г. акупіравана гітлераўцамі. 3 09.09.1946 да 17.12.1956 гарадскі пасёлак зноў быў цэнтрам адноўленага Ульскага раёна.

Гаспадарка Дзейнічаюць прадпрыемствы харчовай і мясцовай прамысловасці.

Адукацыя У сучаснай Уле працуе прафесійна-тэхнічны ліцэй механізацыі сельскай гаспадаркі.

Славутасць

Рэшткі замка і ўмацаванні, так званы «Баторыеў шанец» (XVI ст.) Свята-Троіцкая царква (1896). Помнік У. І. Леніну (1947). Помнік Герою Савецкага Саюза Льву Даватару (1965), на скрыжаванні Ула—Бачэйкава—Хоціна. Скульптар М. Рыжанкоў, архітэктары — В. Занковіч, Л. Левін. Помнік Герою Савецкага Саюза Льву Даватару (1983). Мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза Льву Даватару (2022) на будынку школы.

Памятныя мясціны Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан. Помнік савецкім воінам (1964). Помнік землякам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну (1967). Помнікі на воінскіх пахаваннях. Помнік на магіле ахвяр нацызму. Вядомыя асобы Майсей Сямёнавіч Альтман (1896—1986) — савецкі філолагhttps://nlr.ru/nlr_history/persons/info.php?id=1447 Арон Маркавіч Гурэвіч (1898—1955) — савецкі хірургhttps://vrngmu.ru/membook/20769/?special_version=Y Саламон Рыгоравіч Гурэвіч (1869 — ?) — журналіст Міхаіл Георгіевіч Данілевіч (1882—1956) — вучоны, медык-інфекцыяніст, прафесар. Аляксандр Пятровіч Дзмітрачэнка (1900—1981) — вучоны ў галіне жывёлагадоўлі, Герой Сацыялістычнай Працы. (1871—1924) — сіянісцкі лідар.

Гл. таксама Сокараўскі сельсавет

Літаратура З гісторыі Улы // Зара (Бешанковічы). — 2001. — 13 сак. Кавалеўскі, С. Ула / С. Кавалеўскі // Народнае слова. — 2004. — 6 ліст. Крачкоўскі, А. Ула і магдэбургскае права / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). — 2007. — 8 чэрв. Крачкоўскі, А. Надаў Уле герб — «замак і вежу адну» / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). — 2007. — 14 жн.

Спасылкі

Катэгорыя:Ульскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Бешанковіцкага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Полацкага ваяводства