Бара́навіцкая вобласць — адміністрацыйная адзінка на тэрыторыі Беларускай ССР, існавала з 4 снежня 1939 па 8 студзеня 1954, калі была скасавана падчас працэсу ўзбуйнення абласцей. Адміністрацыйны цэнтр — горад Баранавічы.
Гісторыя Першапачаткова на месцы Навагрудскага ваяводства пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР плаваналася ўтварыць Навагрудскую вобласць з цэнтрам у Навагрудку. Такая прапанова маецца ў пастанове ЦК КП(б)Б «Пра вобласці і абласныя цэнтры Заходняй Беларусі» ад 19 лістапада 1939 года, пры гэтым яшчэ 2 лістапада было створана ўпраўленне НКУС па Навагрудскай вобласці. Аднак пазней было вырашана цэнтр вобласці размясціць у Баранавічах, і 4 снежня 1939 года сярод іншых абласцей на тэрыторыі Заходняй Беларусі была ўтворана і Баранавіцкая вобласць.
Пасля ліквідацыі вобласці адміністрацыйныя раёны ўвайшлі ў склад Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Маладзечанскай абласцей. Горад Баранавічы ўвайшоў у склад Брэсцкай вобласці.
Адміністрацыйны падзел Першапачаткова вобласць дзялілася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Нясвіжскі, Навагрудскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі і Шчучынскі. У 1940 паветы былі скасаваныя, а вобласць падзялілі на раёны: Быценскі, Валеўскі, Васілішкаўскі, Валожынскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Клецкі, Казлоўшчынскі, Лідскі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мірскі, Мастоўскі, Нясвіжскі, Навагрудскі, Навамышскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі і Юрацішкаўскі. У канцы года Валеўскі раён быў перайменаваны ў Карэліцкі.
У 1954 у Гродзенскую вобласць былі перададзеныя Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Лідскі, Любчанскі, Мірскі, Мастоўскі, Радунскі і Шчучынскі раёны, а Валожынскі, Івянецкі і Юрацішкаўскі раёны адышлі да Маладзечанскай вобласці, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі, Клецкі ўвайшлі ў склад Мінскай вобласці.
Катэгорыя:Вобласці Беларускай ССР Катэгорыя:Гісторыя Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Гісторыя Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Гісторыя Мінскай вобласці Катэгорыя:Гісторыя Баранавічаў Катэгорыя:З’явіліся ў 1939 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1954 годзе