Франц Іванавіч Сіўко (псеўданім Францішак Анашка; нар. , в. Вята, Мёрскі раён, Полацкая вобласць, БССР) — беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес» (2015).
Біяграфія Вучыўся ў Міжрэчанскай пачатковай і Павяцкай сярэдняй школах на Мёршчыне. Вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта (1975).
З 1975 па 1980 гады выкладаў рускую мову і літаратуру, этыку ў сярэдняй школе № 2 горада Верхнядзвінска. У 1980 годзе пераехаў на сталае жыццё ў Віцебск. Настаўнічаў у сярэдніх школах № 29, 30, 12. Працаваў намеснікам дырэктара школы, карэспандэнтам-арганізатарам у сістэме прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, стыльрэдактарам і перакладчыкам у газеце «Віцебскі рабочы». З 1993 па 2010 гады выкладаў курс прафесійнай лексікі беларускай мовы ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Пасля незаключэння ў 2010 годзе, у час ідэалагічнага ціску на членаў непадуладнага пісьменніцкага саюза, кантракта на далейшую выкладчыцкую дзейнасць быў прыбіральшчыкам пры культава-рэлігійнай установе, карэктарам у выдавецтве. У 1995 годзе праслухаў курс лекцый па гісторыі сусветнай і польскай хрысціянскай культуры ў Летнім універсітэце польскай культуры ў Рыме. Пад псеўданімам Францішак Дубраўскі супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Цягам шэрагу гадоў з’яўляўся сябрам рады Таварыства беларускай мовы Віцебшчыны. У верасні 1986 г. выступіў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» з допісам «Прашу вызваліць…», які паклаў пачатак шырокай дыскусіі аб становішчы роднай мовы ў тагачасным айчынным грамадстве.
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993 года, Беларускага ПЭН-цэнтра (да 2017 г.). З 1999 па 2009 год — старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Творчасць Сталую літаратурную працу пачаў у 1983 годзе. Аўтар пятнаццаці кніг прозы. Творы друкаваліся ў калектыўных зборніках «Дзвіна» (1992, 2000), «Карані» (1994), «Край» (1997), «Ратуша» (2016—2019), у часопісе Саюза пісьменнікаў Паўднёвай Асеціі «Фидиуаг» (2001, 2004), у штотыднёвіках «Літаратура і мастацтва», «Наша Ніва», «Новы час», у часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Полымя», «ARCHE», «Нёман», «Беларусь», у канфесійных каталіцкіх выданнях «Наша вера», "Ave Maria, перакладаліся на асецінскую, балгарскую, рускую мовы. Аўтар публіцыстычных артыкулаў па праблемах сучаснага жыцця, у прыватнасці моўнай сітуацыі ў краіне, захавання духоўнай спадчыны і іншага. Пісьменніцкую працу заўсёды сумяшчаў з педагагічнай. Аўтар метадычных матэрыялаў «Гістарычныя ўмовы развіцця беларускай мовы» (1997), метадычнай распрацоўкі (у суаўтарстве) «Культура маўлення і дзелавыя зносіны спецыяліста» (2010) для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей.
У творчасці закранае маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы, даследуе асаблівасці ментальнасці беларускага грамадства на пераломных гістарычных этапах у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей. Аддае перавагу жанрам прыпавесці і кароткіх запісаў-эсэ. Для яго творчай манеры характэрныя займальнасць сюжэта, своеасаблівасць прыёмаў мастацкага ўвасаблення аўтарскай задумы, шырокае выкарыстанне лексікі абмежаванага ўжывання, у прыватнасці дыялектызмаў, як сродку характарыстыкі персанажа і выяўлення яго экзістэнцыйнай і грамадзянскай сутнасці.
Узнагароды Прэмія часопіса «Полымя» (2001) Рэгіянальная літаратурная прэмія імя Уладзіміра Караткевіча (2002) Прэмія «Гліняны Вялес» (2015)
Бібліяграфія «З чым прыйдзеш» (1991) «Апошняе падарожжа ў краіну ліваў» (1997) «Удог» (2001) «Ягня ахвярнае» (2003) «Бялячык» (2003) «Асіметрыя» (2005) «Дзень бубна» (2008) «Выспы» (2011) «Эдэм» (2014) «Плебейскія гульні» (2015) «Штрыхкоды» (2017) «Раз — шкілет, і два — шкілет» (2019) «Дыялог» (у суаўтарстве з Ю. Станкевічам, 2020) «Бобрык Плясік і Цімоша» (2022) «Што раньш было» (2024)
Крыніцы
Літаратура
Сіўко Франц // Пісьменнікі Віцебшчыны : даведнік / рэд. Ф. І. Сіўко. — Віцебск, 2001. — С. 77—79. Марціновіч, А. Кавальчук у ролі … Шэрлака Холмса / А. Марціновіч // Полымя. — 1998. — № 4. — С. 305—309. — Рэц. на кн. Ф. Сіўко «Апошняе падарожжа ў краіну ліваў». Марціновіч, А. Удог — увасабленне бяспамяцтва / А. Марціновіч // Полымя. — 2002. — № 3—4. — С. 271—276. — Рэц. на кн. Ф. Сіўко «Удог». Штэйнер І. Добры дзень, Франц Іванавіч / І. Штэйнер // ЛІМ. — 2002. — 22 сак. — Рэц. на кн. Ф. Сіўко «Удог». Бароўка, В. Франц Сіўко / у зб. «Літаратурныя постаці Віцебшчыны: гісторыя і сучаснасць». — Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава». — 2008. — С. 126—144. Шынкарэнка, В. Сіўко: прыняцце і пераадоленне межаў / У зб. «Нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах». — Гомель. — 2007. — Т. 2. — С. 170—174. Кісліцына, Г. Чалавек постмадэрну ў сучаснай беларускай літаратуры / Г. Кісліцына. — Мн.: Права і эканоміка, 2010. — С. 109—118. Кісліцына, Г. Жыццёвы сцэнарый асобы ў прозе Франца Сіўко / Г. Кісліцына // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — 2014. — № 3. — С. 96—99. Алейчанка, Ю. Откуда мы пришли? Кто мы? Куда мы идем? / Ю. Алейчанка // Неман. — 2014. — № 12. — С. 204—208. — Рэц. на кн. Ф. Сіўко «Эдэм». Кошман, П. Мастацкая канструкцыя нацыянальнага вобраза свету ў аповесці Ф. Сіўко «Удог» / П. Кошман // Мозыр : МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2016. — С. 109—111. Бурдзялёва, І. Трансфармацыя рэалістычнай традыцыі ў прозе Ф. Сіўко / І. Бурдзялёва // Веснік МДЛУ. Сер. 1, Філалогія. — 2023. — № 5 (126). — С. 101—108.
Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Члены Таварыства беларускай мовы Катэгорыя:Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў Катэгорыя:Члены Беларускага ПЭН-цэнтра