Яэль Зусман (, імя пры нараджэнні Юліус Зусман, ; 24 кастрычніка 1910, Кракаў, Аўстра-Венгрыя — 1982) — ізраільскі юрыст. Член Вярхоўнага суда Ізраіля з 1953 года, старшыня з 1976 па 1980 год. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ізраіля на выбарах у кнэсет 4-га склікання. Прафесар Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме, аўтар шэрагу даведнікаў і манаграфій у вобласці правазнаўства. Лаўрэат Прэміі Ізраіля за 1975 год.
Біяграфія Юліус Зусман нарадзіўся ў 1910 годзе ў Кракаве (у той час у складзе Аўстра-Венгрыі) у сям'і Меіра і Ніхі Зусман. Атрымаў традыцыйную яўрэйскую і агульную адукацыю. Скончыў гімназію ў Вісбадэне, затым вывучаў юрыспрудэнцыю ў Веймарскай рэспубліцы — у Берлінскім, Франкфурцкім і Гайдэльбергскім універсітэтах, атрымаўшы ў 1933 годзе ступень доктара права у апошнім.
У 1934 годзе ажаніўся з Ханай Саламон. У гэтым жа годзе іміграваў у падмандатную Палесціну, дзе атрымаў адвакацкую ліцэнзію ў 1937 годзе. Дадатковую юрыдычную адукацыю атрымаў у Кембрыджы і Лонданскім універсітэце, атрымаўшы ступень бакалаўра права. З 1939 па 1948 год вёў прыватную адвакацкую практыку ў Тэль-Авіве. У 1941 годзе ўступіў у шэрагі «Хаганы» і ў час Вайны за незалежнасць Ізраіля займаў пасаду намесніка галоўнага ваеннага пракурора. У 1949 годзе Зусман быў прызначаны суддзёй акруговага суда ў Тэль-Авіве, дзе прапрацаваў да 1953 года. У 1952 годзе заўдавеў, праз два гады жаніўшыся другім раз з Рынай Клібанавай (памерла ў 1967 годзе).
У 1953 годзе заняў пасаду суддзі Вярхоўнага суда Ізраіля. У 1959 годзе ўзначальваў Цэнтральную выбарчую камісію Ізраіля на выбарах у кнэсет 4-га склікання. У 1969 годзе быў старшынёй камісіі па расследаванні падпалу мячэці Аль-Акса. Таксама ўзначальваў камісіі па зацвярджэнні ваенных юрыстаў і па грамадзянскай судовай працэдуры. З 1970 года — пастаянны выконваючы абавязкі старшыні Вярхоўнага суда Ізраіля і з 1976 па 1980 год — старшыня Вярхоўнага суда. Выйшаў у адстаўку ў 1980 годзе па дасягненні 70-гадовага ўзросту.
Зусман быў вядомы як «германафіл» (наколькі гэта было магчыма для ізраільцяніна пасля Халакоста), рэкардсмен Вярхоўнага суда па адсылках да нямецкай культуры і права ў сваіх судовых рашэннях і паслядоўны прыхільнік дакладнага выканання судовай працэдуры, сам сябе называючы «фармалістам». Строгасць і эфектыўнасць грамадзянскай судовай працэдуры ўяўляла для яго не самастойную каштоўнасць, а сродак у дасягнення высвятлення дакладных акалічнасцей справы і ўсталявання справядлівасці. У той жа час у адным са сваіх самых вядомых судовых рашэнняў Зусман аддаў перавагу не дакладнаму прытрымліванню пастаўленых фармальнасцей, а адсылцы да паняццяў «натуральнага права», якое мае прыярытэт перад звычайнымі законамі. Гэта рашэнне было вынесена па справе «„Ерэдор“ супраць Цэнтральнай выбарчай камісіі ў кнэсет 6-га склікання». Партыйны спіс «Ерэдор» (таксама вядомы як Сацыялістычны спіс), сфарміраваны ізраільскімі арабамі і яўрэямі крайне левых поглядаў, нягледзячы на фармальную адпаведнасць патрабаванням да кандыдатаў на ўдзел у выбарах у кнэсет, не быў дапушчаны да іх Цэнтральнай выбарчай камісіяй на падставе таго, што яго праграма заклікала да ліквідацыі Ізраіля, а ў яго склад уваходзілі члены арганізацыі, прызнанай незаконнай міністэрствам абароны Ізраіля. Апеляцыя спісу была адхілена суддзямі Агранатам і Зусманам (трэці суддзя, Хаім Коэн, напісаў асобную думку, якая абапіралася як раз на фармальныя аспекты права). У сваёй частцы рашэння Зусман зрабіў адсылку да гісторыі Веймарскай дэмакратыі, якая не здолела абараніць сябе ад антыдэмакратычных элементаў, і пісаў, што прававая дзяржава павінна абараняць свой канстытуцыйны лад.
Апроч дзейнасці на пасадзе суддзі Вярхоўнага суда, Зусман быў таксама навукоўцам-прававедам, прафесарам юрыдычнага факультэта Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме і аўтарам шэрагу манаграфій і даведкавых выданняў па пытаннях права, у прыватнасці ў такіх абласцях як вэксальнае права, трацейскія суды і грамадзянская судовая працэдура. Ім таксама напісаны шматлікія артыкулы на юрыдычную тэму ў Яўрэйскай энцыклапедыі. У 1975 годзе Зусман быў ганараваны Прэміяй Ізраіля ў вобласці права.
У Яэля Зусмана было трое дзяцей — дачка Дафна ад першага шлюбу і сыны Амнон і Амір ад другога. Ён памёр у 1982 годзе і быў пахаваны на тэль-авіўскіх могілках Кір'ят-Шауль.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Выпускнікі Гайдэльбергскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выпускнікі Лонданскага ўніверсітэта Катэгорыя:Дактары права Катэгорыя:Выкладчыкі Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме Катэгорыя:Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Ізраіля