Вернікоўскія () — беларускі шляхецкі род герба «Яніна», часам з прыдомкам «з Алешна». Род святарскага паходжання: у канцы XVII — першай палове XVIII ст. яго прадстаўнікі займалі пасады святароў і царкоўных служак пры ўніяцкіх цэрквах Мінскага і Навагрудскага паветаў .
Паходжанне Радапачынальнікам роду названы Себасцьян Вернікоўскі. Яго сыны і ўнукі служылі пры ўніяцкіх цэрквах у Станькаве, Рудзіцы, Засуллі, Самахвалавічах, Рубяжэвічах і іншых паселішчах Мінскага павета; асобныя прадстаўнікі займалі свецкія пасады — вознага (генерала) Мінскага павета, каморніка, канцылярыста.
Звесткі пра валоданне родам у XVII ст. спадчынным маёнткам Алешава (Вольшава, Альшаны) у Мінскім ваяводстве, з якім звязваўся прыдомак «з Алешна», а таксама пра атрыманне Тамашом Себасцьянавічам прывілея на пасаду падстоліга лідскага (1730) абвяргаюцца наяўнымі дакументамі.
Прызнанне ў дваранстве Род прызнаны ў дваранстве пастановай Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 29 снежня 1802 года (6-я частка) з дадатковымі пастановамі 1827, 1832, 1833 і 1838 гадоў, аднак указам Сената ад 28 лютага 1839 года зацверджаны не быў. Асобныя галіны легалізаваліся паасобку: галіна Тамаша Себасцьянавіча зацверджана ўказам Сената ад 29 верасня 1853 года, галіна Пятра і Самуэля Янавічаў — ад 30 лістапада 1854 года. Далучэнні асобных ліній да роду адбываліся яшчэ ў 1866, 1870, 1880—1884, 1901 і 1913 гадах.
Паўстанне 1863—1864 гадоў Прадстаўнікі роду, што жылі ў ваколіцы Суцін Ігуменскага павета, у 1864 годзе разам з сем'ямі былі высланы з канфіскацыяй маёмасці ў Сібір, пераважна ў Томскую губерню; у 1870—1880-я гады яны і іх нашчадкі часткова вярнуліся на радзіму, частка асела ва Уфімскай губерні. Тыя прадстаўнікі роду, што не былі зацверджаны ў дваранстве да 1864 года, з 1870 запісваліся ў склад сялян Смілавіцкай воласці Ігуменскага павета і выключаны з іх складу ў 1874—1876 гадах пасля зацвярджэння Сенатам.
Вядомыя прадстаўнікі Большасць вядомых прадстаўнікоў роду належала да ўніяцкага святарства Мінскага павета. Ян Себасцьянавіч (†1763) быў святаром царквы ў мястэчку Станькава, а яго брат Леанард-Марцін (†1782) — святаром у вёсцы Рудзіца (1738—1780) і мінскім дэканам (1763—1766). Самуэль Янавіч (хр. 1726) служыў у Засуллі (1752—1798), Павел Міхалавіч (хр. 1744) — у Рубяжэвічах (1768—1793), Фларыян Леанардавіч (нар. каля 1761) быў адміністратарам царквы ў Рудзіцы (1781—1798). Карнэль Янавіч (хр. 1754) займаў пасаду святара ў Самахвалавічах (1777—1802), быў мінскім дэканам (1799—1802) і экзаменатарам дэканата; яго сыны Ян (хр. 1785) і Леан (хр. 1788) таксама сталі святарамі, прычым Ян і Ігнат Паўлавіч (хр. 1770) былі ўзнагароджаны Крыжам для святарства ў памяць вайны 1812 года.
Са свецкіх заняткаў найбольш пашыранымі былі канцылярская і землямерная служба. Ян Тамашавіч у 1743 годзе атрымаў прывілей на пасаду вознага (генерала) Мінскага павета; Дамінік Карнэлевіч (хр. 1780) быў губернскім сакратаром і слуцкім павятовым каморнікам (1804—1813), Ігнат-Стэфан Фларыянавіч (хр. 1788) — рэгентам мінскіх прысутных месцаў, Іпаліт-Апалон Леанавіч (хр. 1815) — канцылярыстам Мінскай казённай палаты (1835—1848). Вінцэнт Васілевіч (хр. 1776) служыў у лейб-гвардыі гусарскім палку і атрымаў чын калежскага рэгістратара (1801). Аляксандр-Васіль Леанавіч (хр. 1817) прайшоў шлях ад шараговага да штабс-капітана Галіцкага егерскага палка, быў кавалерам ордэнаў Св. Ганны 4 ст. і Св. Станіслава 3 ст., а ў 1865 годзе служыў штабс-ротмістрам і наглядчыкам 4-га квартала мяшчанскай часткі Масквы.
З удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў вядомы Ігнат-Казімір Казіміравіч (хр. 1819), сасланы ў Сібір з пазбаўленнем правоў; пасля амністыі 1871 года ён жыў у Марыінску Томскай губерні і памёр 27 лістапада 1874 года ў Сарапулі па дарозе на радзіму. Юзаф Казіміравіч (нар. 1824), калежскі рэгістратар (1872), разам з сынам быў залічаны ў склад дваран Уфімскай губерні (1875).
Літаратура
Зноскі
Катэгорыя:Шляхецкія роды Катэгорыя:Вялікалітоўская арыстакратыя