Анісіфар, або Анісіфор, свецкае імя Міхаіл Пятровіч Грынькавіч-Дзевачка (пачатак 1510-х — паміж 10 і 28 красавіка , Алешавічы) — мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсёй Русі (1579—1589).

Паходжанне

У гістарыяграфіі Да нядаўняга часу выказваліся розныя думкі пра паходжанне мітрапаліта Анісіфара, у т.л. з украінскіх зямель (напрыклад НікалаеўНікалаеў І. В. Анісіфар // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыкл. давед. — Мн., 2001. — С. 16, Цімашэнка), напрыклад, з галіцкага баярства. Распрацоўка аддзелам старажытных актаў НГАБ у 2003—2018 гады актавых кніг судовых устаноў ВКЛ 2-й паловы XVI ст., у т.л. Гродзенскага земскага суда, выявіла багаты актавы матэрыял роду Дзевачак і тастамент самога Анісіфара, што дазволіла значна дапоўніць яго біяграфію. Даследчыкі адзначаюць, што шэраг актаў з гісторыі роду Дзевачак і тастамент мітрапаліта былі вядомы яшчэ складальнікам АВАК, але не апублікаваны, на іх думку, бо не адпавядалі кантэксту палітыкі Расійскай імперыі адносна Паўночна-Заходняга краю.

Род Дзевачкаў Дзевачкі — віцебскі баярскі род. На пачатку XVI ст. даволі нізкага сацыяльнага статусу, не цураліся сваяцтва з мяшчанамі, займалі дробныя службовыя пасады пры магнацкіх дварах. У 1510-х гадах атрымалі маёнтак Алешавічы (цяпер Мастоўскі р-н) Гарадзенскага павета.

На пачатку XVI ст. гаспадарскі дваранін Івашка Дзевачка атрымаў па нейкім Луку Бранцы маёнтак, які складаўся з вёсак Алешавічы і Кулешавічы і дзвюх пустаўшчызн — Талюцеўшчына і Барсуноўшчына. У 1509 годзе гаспадарскі дваранін «Івашка Дзевачка Віцяблянін» ставіў на попіс дваран 3 «коней» з віцебскага маёнтка і выслугі ў Гродзенскім павеце. У 1519 годзе віцебскі баярын Пётр Грынькавіч, разам з дзядзькамі Васькам і Занькам Янкавічамі, атрымаў маёнтак у Алешавічах ад брата апошніх Івашкі Дзевачкі.

Пётр Грынькавіч як гарадзенскі баярын засведчыў 11 кастрычніка 1523 года, што атрымаў па сваёй жонцы дом у Берасці па вуліцы Жыдоўскай і прасіў вызваліць гэты дом ад усіх месцкіх падаткаў. За яго ў гэтай справе прасіў берасцейскі староста Юрый Іванавіч Іллініч, якому Пётр Грынькавіч служыў пісарам. З дакумента ад 1523 года вынікае, што жонка Пятра — берасцейская мяшчанка, сястра Марціна Данькавіча. Пётр Грынькавіч меў яшчэ некаторыя маёмасныя справы па гэтым пытанні ў Берасці 23 жніўня 1525 года.

На Попісе 1528 года гарадзенскі баярын Пётр Грынькавіч таксама згадваецца. Тым жа 1528 годам, 29 сакавіка, датаваны пацвярджальны ліст вял.кн. Жыгімонта Старога гаспадарскаму двараніну Пятру Грынькавічу на частку маёнтка ў Гарадзенскім павеце «у Волешевичъ, в Кулешевичахъ». 1532 годам, 15 снежня, датуецца пацвярджальны ліст вял.кн. Жыгімонта Старога гаспадарскаму двараніну Пятру Грынькавічу на права валодання дворцам у Зяноваўшчыне Гарадзенскага павета. Зяноваўшчына — частка маёнтка Ятвеск (цяпер не існуе, тэрыторыя Шчучынскага р-на) Гарадзенскага павету, раней была прададзена Пятру Грынькавічу віцебскім харужым Раманам Гарасімавічам.

У 1538 і 1539 годах сярод служэбнікаў віцебскага ваяводы згадваецца Федзька Дзевачка. У 1541 годзе, напэўна, гэты Фёдар як сваяк выступаў істцом разам з Міхнам Пятровічам і яго дзязькамі Міхайлам, Жданам у справе пра права валодання Зяноваўшчынай па нябожчыку Пятру Грынькавічу.

Міхаіл Пятровіч Грынькавіч-Дзевачка — сын гаспадарскага двараніна Пятра Грынькавіча, бадай першы з роду зрабіў значную кар’еру — займаў урад гараднічага кіеўскага, пазней мітрапалічы сталец Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі.

У актавых кнігах Гарадзенскага земскага суда канца XVI — пачатку XVII ст. некаторыя зямяне называюць сябе Грынькавічамі-Дзевачкамі, такое падвойнае прозвішча ў 1597—1608 гады ўжываў, напрыклад, Ян Фёдаравіч Грынькавіч-Дзевачка, сваяк мітрапаліта.

Радавод Дзевачкаў

Пячатка Анісіфара (Дзевачкі)

Адбітак асабістай пячаткі мітрапаліта Анісіфара знойдзены ўкраінскім навукоўцам Алегам Аднарожанкам ў фондзе Інстытута рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. І. Вярнадскага на дакуменце ад 21 мая 1585 г. Пячатка круглая, памерам 36 мм. У полі пячаткі чатырохчасткавая рэнесансная тарча, на якой у першай частцы — знак у выглядзе крыжа над трыма кроквамі, у другой — тры лілеі ў слупок (герб «Кірдзея»), у трэцяй — шасціпрамянёвая зорка над паўмесяцам, які ляжыць рагамі дагары (герб «Ляліва»), у чацвёртай — падвойная лілея (герб «Газдава»). Легенда па коле: «+ ВОЛЄЮ БОЖЬЄЮ [НИСИ]ОР АРХ[И]ЄПИСКОП МИТРОПОЛ[ИТ] КИЄВ[СКИИ] Г[А]ЛИЧ[СКИИ]». Герб змяшчае генеалагічныя звесткі — выявы герба бацькі і маці мітрапаліта, а таксама дзвюх яго бабак, што дае кірункі далейшых генеалагічных пошукаў.

Біяграфія Стала жыў у сваім маёнтку Алешавічы. Да 1540 года Міхаіл Грынькавіч ужо заўдавеў, меў прынамсі двух дзяцей. У 1540 годзе ўзяў другі шлюб з княжной Ганнай Цімафееўнай Пузынай, адпісаў ёй частку маёнтка Алешавічы. Цесцю — князю Цімафею Іванавічу Пузыну, належалі маёнткі Балічы (цяпер Шчучынскі раён), Глыбокае (Шчучынскі раён), Масты (цяпер г. Масты Гродзенскай вобл.) і Ракавічы (Шчучынскі раён), якія амаль з усіх бакоў атачалі Алешавічы, а таксама, напэўна, Новы Двор, атрыманы Пузынам як пасаг за жонкай.

У 1541 годзе Міхна Пятровіч Грынькавіч разам з дзядзькамі Міхайлам, Жданам і сваяком Фёдарам быў істцом у справе пра права валодання Зяноваўшчынай, часткай маёнтка Ятвеск, па сваім нябожчыку бацьку. Згадваецца як уладальнік Алешавіч у актах Гарадзенскага земскага суда пад 1555 (пад прозвішчам Грынькавіч) і 1558 гадамі і ў Пісцовай кнізе Гарадзенскай эканоміі пад 1558 годам.

Пад прозвішчам Дзевачка згадваецца як адзін з кіеўскіх ураднікаў 15 чэрвеня 1562 года. У дакументах 1566—1570 гадоў Міхаіл Пятровіч Дзевачка называецца кіеўскім гараднічым, урад меў шэраг абавязкаў, якія вымушалі стала жыць у Кіеве. У свой час украінскі гісторык Л. Цімашэнка выказаў думку, што кіеўскі гараднічы Міхаіл Дзевачка мог быць братам мітрапаліта Анісіфара Дзевачкі, але з тастаменту апошняга выявілася, што гэта адна і тая асоба. На Попіс 1567 года да 28 верасня Міхаіл Дзевачка, гараднічы кіеўскі «з ыменья своего Олешевич выслал сына своего Яроша, кони з ним 2, пнцр., пр., согай., саб., рогатн. Он же ставил драба 1 з рогатиною, мечом», т.б. тым часам у бацькоўскім маёнтку жыў паўнагадовы сын.

З канца 1570-х гадоў Міхаіл Пятровіч зноў жыў у сваім маёнтку Алешавічы. Падпісаўся 14 лютага 1578 года як кіеўскі гараднічы сярод сведак тастаменту гарадзенскага зямяніна Юрыя Быкоўскага, складзенага ў маёнтку Макрэц (цяпер не існуе, тэрыторыя Шчучынскага р-на) непадалёку Алешавіч.

У тым жа 1578 годзе, 1 кастрычніка, «дваранін Яго Каралеўскай Міласці» Міхаіл Пятровіч Дзевачка прадставіў у Гарадзенскі земскі суд выпіс з актавых кніг Віленскага гродскага суда пра продаж яму кіеўскім рымска-каталіцкім епіскапам-намінатам Мікалаем Пацам грунту маёнтка Ражанка (Шчучынскі р-н) Гарадзенскага павета за 60 коп літоўскіх грошаў. Сам дакумент пра продаж быў складзены ў Вільні 28 жніўня 1577 г., актыкаваны ў Віленскім гродскім судзе 15 снежня 1577 года, з яго вынікае, што тым часам Міхаіл Пятровіч быў свецкай асобай і сямейным чалавекам — грунт набываўся з магчымасцю перадачы «малжонце, детемъ и потомъкомъ его», а таксама, што Пац прадае грунт як малапатрэбны, бо ляжыць асобна ад іншых зямель маёнтка Ражанка, паміж землямі маёнтка Алешавічы.

Пры нарачэнні на мітрапаліцкую пасаду і, як выяўляецца з тастамента, пры высвячэнні на яе Міхаіл (Анісіфар) быў жанаты, прычым другім шлюбам. Наданне духоўных пасад свецкім асобам не выбіваецца з практыкі Рэчы Паспалітай, але, звычайна, яны або абмяжоўваліся нарэчанай пасадай і не бралі высвячэння, або ўрэшце пераходзілі ў духоўны стан. Сам Анісіфар гэтую акалічнасць не ўспрымаў незвычайнай ці супрацьзаконнай, не разглядала яе такой і яго жонка. Напэўна, у праваслаўнай царкве ВКЛ у сярэдзіне XVI ст. наданне духоўных пасад, нават такіх высокіх, як мітрапаліцкая, жанатым прэтэндэнтам не ўспрымалася як супрацьзаконнае. Права святароў грэцкага абраду мець сем’і паступова пашыралася і на прадстаўнікоў царкоўнай іерархіі ўсіх узроўняў. Такая практыка з абурэннем і непрыманнем засведчана заезджымі грэчаскімі іерархамі, візіты якіх пачасціліся ў 1580-х гады.

Важнай падзеяй часу кіравання Анісіфара (Дзевачкі) было ўвядзенне ў Рэчы Паспалітай новага календара ў 1582 годзе. Сярод насельніцтва і духавенства грэчаскага абраду ўзніклі моцныя хваляванні з-за нежадання адзначаць царкоўныя святы паводле новага календара. Каб пазбегнуць канфліктаў караль і вял.кн. Стэфан Баторый гарантаваў падданым грэчаскага абраду права карыстацца ў царкоўным жыцці старым календаром. Для гэтага ён выдаў некалькі адмысловых грамат — у 1584 і 1586 гадах. У апошняй адзначалася, што «приезжал се зде до нас велебный Онисифор Девочка, митрополит Киевский, Галицкий и всея Руси, (…) жалуючися, иж вы людем религеи их свят Греческих святити не допущаете». Свецкага справаводства гэта не тычылася. На думку даследчыкаў, можна было б дапусціць, што царкоўныя іерархі і духавенства грэчаскага абраду пры датаванні ўласных дакументаў аддавалі перавагу старому календару. Аднак, сам Анісіфар Дзевачка ўласнаручны тастамент датуе «року тисеча пятьсот девятьдесят второго, месеца априля десятого дня по новому» — на думку даследчыкаў, гэта можа сведчыць, што нават прадстаўнікі вышэйшай іерархіі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай ужо ў першыя гады ўвядзення новага календара спакойна карысталіся ім пры складанні дакументаў свецкага характару, нават такіх спецыфічных «эга»-дакументаў, як тастаменты.

У 1583 годзе мітрапаліт Анісіфар садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні братоў Мамонічаў «Службоўніка». Пры ім жа было заснавана брацтва пры Віленскім манастыры Святой Тройцы.

У дакуменце з актавых кніг Гродзенскага земскага суда ад 4 кастрычніка 1585 года Дзевачка названы імем Анісіфар, згадана і яго духоўная пасада — архіепіскап, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі. Гэтым дакументам ўпаўнаважаны служка Міхаіл Фёдаравіч засведчыў цяжкасці, якія паўсталі пасля нядаўняга набыцця мітрапалітам маёнтка Ятвеск у Яна Гамшэя, адзначалася, што маёнтак быў прададзены «его милости митрополиту и сыномъ его милости».

Найбольш вядомы Анісіфар (Дзевачка) з-за рэзанансных падзей 1589 года. Тым часам канстанцінопальскі патрыярх Ерамія ІІ Транос наведаў Вільню і Маскву, гэты візіт увайшоў у гісторыю ўсходняга хрысціянства дзвюма вызначальнымі падзеямі — у Маскве адбылося пастаўленне першага патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Іова; у Вільні Ерамія таксама здзейсніў беспрэцэдэнтны ўчынак — склікаў сабор, на якім адбылося нізлажэнне мітрапаліта Анісіфара (Дзевачкі). Афіцыйнай падставай было названа мітрапалітава «дваяжэнства». Менавіта такі эпітэт і сёння найчасцей суправаджае імя мітрапаліта Анісіфара ў працах па гісторыі праваслаўнай царквы. З-за таго, што наступнікам Дзевачкі на мітрапалічай пасадзе быў Міхаіл Рагоза, адзін з ініцыятараў заключэння Брэсцкай уніі 1596 года, выказваліся думкі, што абвінавачванне ў «дваяжэнстве» — элемент кампаніі па дыскрэдытацыі апанента. Паняцце «дваяжэнства», аднак, зусім не азначала дзвюх жонак адначасова, а ўжывалася, калі пасля смерці першай жонкі браўся другі шлюб — такая акалічнасць была перашкодай для высвячэння ў святарскі сан і, адпаведна, атрымання духоўных пасад. Дапускалася пастрыжэнне ў манахі і заняцце духоўных пасад мужчынамі, якія аўдавелі пасля смерці першай жонкі.

У 1590 годзе Анісіфар пакінуў віленскі манастыр Святой Тройцы. Не было пэўна вядома, дзе ён жыў пасля гэтага — выказваліся думкі, што пры кафедральнай царкве ў Новагародку або ў Лаўрышаўскім манастыры. Тастамент, аднак, сведчыць — апошнія гады ён жыў у сваім маёнтку Алешавічы.