Алесь Каўрус, поўнае імя Аляксандр Аляксандравіч Каўрус (, в. Брусы, цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць — , Мінск) — беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1965), дацэнт.
Біяграфія Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, вядомай традыцыямі нацыянальна-патрыятычнага руху. У 1959 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. У 1959—1962 гадах працаваў настаўнікам у Мядзельскім раёне. Пасля навучання ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце ў 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1965—1968 гадах працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага педагагічнага інстытута, у 1968—1974 гадах — старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.
Балюча ўспрымаў знішчэнне беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, якое праводзілі савецкія ўлады, а таксама ўсеагульную русіфікацыю грамадскага і палітычнага жыцця, не прымаў антыбеларускую пазіцыю тагачаснага кіраўніцтва акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, падтрымліваў кантакты з аднадумцамі з акадэмічнага і выкладчыцкага асяроддзя. У сваіх публікацыях, на лекцыях у інстытуце, у выступах і навуковых дыскусіях пастаянна адстойваў самабытнасць беларускай мовы, яе правы ў грамадскай сферы. У пачатку 1974 года Каўрус быў дастаўлены ў КДБ на допыт, а 22 сакавіка Вучоная рада інстытута, якая знаходзілася пад ціскам парткаму і дырэкцыі, вынесла пастанову пра яго неадпаведнасць займанай пасадзе. У пратаколе пасяджэння рады ў прыватнасці запісана: «Знаходзяцца яшчэ ў нашым асяроддзі людзі, якія свядома становяцца на пазіцыі нашых ідэйных праціўнікаў і спрабуюць весці барацьбу супраць палітыкі партыі і ўраду… Партарганізацыя і дырэкцыя маюць матэрыялы, з якіх відаць, што гэта група (гаворка пра навукоўцаў з „Акадэмічнага асяродку“) сыходзілася ў поглядах, перыядычна збіралася, затым вяла гутаркі, абмяркоўвала свае пытанні ў закрытым парадку». Паводле загаду дырэктара ад 4 красавіка 1974 года Каўрус быў звольнены з працы. Былі вернуты з выдавецтва рукапісы яго манаграфіі і артыкулаў, яго прозвішча выкрэслівалася з публікацый іншых аўтараў. Прозвішча жонкі было выкраслена з адпаведных тамоў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», над якімі яна працавала як рэдактар. Наступная праца Каўруса была апублікаваная толькі праз 6 гадоў. Больш за паўгода пасля звальнення з інстытута Каўрус быў без працы.
17 кастрычніка 1974 года ўладкаваўся на пасаду рэдактара выдавецтва «Народная асвета». З 1981 года працаваў на кафедры беларускага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным педагагічным інстытуце. У 1982—2006 гадах быў дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Даследаваў мову мастацкай літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і іншае. Аўтар некалькі кніжак і больш як 250 артыкулаў.
Бібліяграфія «З крыніц народнай мовы» (1968) «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 2-е выд. 1987, 3-е выд. 1992) «Культура слова» (1983) «Слова наша роднае» (1986) «Мова народа, мова пісьменніка» (1989) «Дакумент па-беларуску» (1994, у суаўтарстве з М. Круталевічам) «Стараславянская мова», навучальны дапаможнік для студэнтаў ВНУ (2005) Словаклад. Слоўнік адметнай лексікі (2013)
Узнагароды
Выдатнік адукацыі Беларусі.
Літаратура Антановіч С. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // Літаратура і Мастацтва. 10.05.1991; Клышка А. Прадмова да артыкула А. Каўруса «Да свайго слова» // Полымя. 1995, № 5; Міско С. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1 (6), ліпень; Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3. Чарняўскі М. Алесь Каўрус // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мядзельскім раёне Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай