Міхал Юзаф Масальскі (каля 1700 — ) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (з 1726), ваявода мсціслаўскі (з 1737), кашталян троцкі (з 1742) і віленскі (з 1744), гетман польны (1744—1762) і вялікі літоўскі (з 1762).

Біяграфія З княжацкага роду Масальскіх гербу ўласнага, сын Яна, старосты гарадзенскага, і Ганны з Валовічаў.

Навучаўся ў Віленскім універсітэце. Займаў некалькі дзяржаўных пасадаў, у тым ліку гарадзенскага судовага старосты (1726). З 1718 бесперапынна ўдзельнічаў у соймах. Выступаў як прыхільнік каралеўскага двара і прыдворнай партыі Чартарыйскіх.

У часы бескаралеўя па смерці Аўгуста Моцнага абіраўся маршалкам канвакацыйнага сойма (1733). Падтрымліваў абранне Станіслава Ляшчынскага, аднак у 1736 вызнаў каралём Аўгуста Саса.

У 1741 пры падтрымцы Сапегаў атрымаў урад маршалка Вярхоўнага Трыбунала, дзе бараніў іх правы ў спрэчках з Радзівіламі.

Як прыхільнік партыі Чартарыйскіх падтрымліваў іх праекты рэформ. У 1764 сфарміраваў у Вялікім Княстве Літоўскім генеральную канфедэрацыю, якая з дапамогай расійскіх войскаў абрала каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Прыняцце канвакацыйным соймам пастановы аб стварэнні Вайсковай камісіі Вялікага Княства Літоўскага, якая абмяжоўвала правы гетманаў, прычынілася да разрыву з Чартарыйскімі. У пазнейшы час дрэнна ставіўся да новага караля і вялікага князя, імкнуўся стварыць моцную групоўку Масальскіх, а таксама вярнуць ранейшыя правы гетманам.

Літаратура

Wielka encyklopedia PWN. Т. 17. ― Warszawa, 2001. Wielka ilustrowana encyklopedja powszechna. T. 10. — Krakόw, .

Міхал Юзаф Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Гетманы вялікія літоўскія Катэгорыя:Гетманы польныя літоўскія Катэгорыя:Пісары вялікія літоўскія Катэгорыя:Ваяводы мсціслаўскія Катэгорыя:Кашталяны віленскія Катэгорыя:Старосты бержніцкія Катэгорыя:Старосты гарадзенскія Катэгорыя:Старосты радашковіцкія Катэгорыя:Дзікаўскія канфедэраты