Геранім Валовіч або Яраш Валовіч () — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Сакратар каралеўскі, вялікі пісар літоўскі, падскарбі дворны, вялікі падскарбі літоўскі, падканцлер літоўскі, староста генеральны жамойцкі, староста кобрынскі, войт магілёўскі.

Біяграфія

Сын Івана Іванавіча Валовіча. Брат старосты жамойцкага Андрэя Валовіча, віленскага біскупа Яўстафія Валовіча і гродзенскага старосты Паўла Валовіча. Прыбліжаны караля Жыгімонта III Вазы.

Бацька — Іван, быў кальвіністам, маці — праваслаўнай. Геранім з братамі перайшоў у каталіцтва. Вучыўся спачатку ў віленскіх езуітаў, потым у Інгальштадцкім, Альтдорфскім (1578) і Падуанскім (1593) універсітэтах.

Пачаў кар’еру пры двары як каралеўскі сакратар, 23 красавіка 1589 года прызначаны вялікім пісарам літоўскім. У 1590—1608 год быў суддзём у Гродна. У 1592 годзе, падчас аўдыенцыі з Жыгімонтам Вазам, вялікі пісар літоўскі Яраш Валовіч, выступаў як і іншыя магнаты супраць прызначэння на віленскага біскупа этнічнага паляка Б. Маціеўскага і спаслаўся на тое, што гэту пасаду спрадвеку займалі шляхцічы з Белай Русі. Гэта лічаць адной з першых у гісторыі згадак пра «Белую Русь», зробленай беларусам датычна сваёй этнічнай тэрыторыі.

Яраш наняў за свае грошы карабель і быў з каралём Жыгімонтам III у Швецыі. Разам са сваім братам Яўстахам у 1598 годзе яны ўдзельнічалі ў спробе задушыць мясцовую апазіцыю на чале з герцагам Карлам Сундэрманландскім. Пасля бітвы пры Стонгебра яны абодва падпісалі каралеўскі пратэст супраць умоваў перамір’я ў Лінчэпінгу 28 верасня.

У 1595 і 1599 гадах Валовіч абраны дэпутатам Галоўнага трыбунала ВКЛ. У 1597 годзе прызначаны войтам Магілёва, але ў асноўным кіраваў горадам праз свайго ландвойта (намесніка) Мацея Сухадольскага, абмежаваўся толькі атрыманнем прыбыткаў ад гэтай пасады. Выцягванне грошай з мяшчан і карупцыя прывялі да таго, што як войт Яраш Валовіч сутыкнуўся з двума сур’ёзнымі паўстаннямі мяшчан у 1606—1608 і 1610 гадах. Урэшце паўстанні былі задушаны, а некаторыя з іх удзельнікаў пакараны.

Прынамсі з 1600 года Геранім Валовіч згадваецца як цівун Паюры (цяпер Паюрыс у Літве). У сакавіку 1600 года прызначаны на ўрад падскарбія надворнага літоўскага. 28 лютага 1605 года прызначаны падскарбіем вялікім літоўскім, захаваў і ўрад пісара вялікага літоўскага. На ўрадзе вялікага падскарбія кіраваў мынцай і біццём манеты Вялікага Княства Літоўскага, для пацвярджэння якасці якой чаканіў уласны герб «Багорыя» і ініцыялы (манаграма «HW» і знак герба «ᛨ»): шэлегі 1614—1618 гадоў, грошы 1607—1615 гадоў і дукаты 1616—1618 гадоў.

Як вялікі падскарбі літоўскі шукаў сродкі на фінансаванне войска ВКЛ і яго канфедэрацый 1605—1618 гадах, у тым ліку пазычаў уласныя сродкі. На 1618 год сума дзяржаўнай запазычанасці перад ім дасягала аж 140 000 злотых. Апроч таго за ўласныя грошы наймаў войска для ўдзелу ў вайне супраць Швецыі ў Інфлянтах 1600—1611 гадоў.

Належаў да партыі рэгалістаў (лаялістаў) падчас рокашу 1606—1609 гадоў. Удзельнічаў у віленскай канвакацыі ў лютым 1607 года. Падпісаў акт 10 ліпеня 1607 года (было 14 подпісаў сенатараў-палякаў і толькі 4 з ВКЛ — Геранім Валовіч, браты Ян Караль і Аляксандр Хадкевіч і Пётр Весялоўскі), які пазбаўляў асоб, што працягнуць рокаш пасля іх паразы ў Гузаўскай бітве, нават радавой маёмасці.

У 1609—1615 гадах быў трымальнікам Рудніцкаў (цяпер горад Руднінкай у Літве). У 1610 годзе атрымаў урад упіцкага судовага старосты (дзяржаўцы) і займаў яго да чэрвеня 1618 года.

Імаверна ў 1616 годзе цяжка захварэў, бо з гэтага часу, са згоды сойма, абавязкі вялікага падскарбія літоўскага на працягу 2 гадоў выконваў Крыштоф Нарушэвіч. 19 сакавіка 1618 года Геранім Валовіч атрымаў новую пасаду падканцлера літоўскага. Ён быў у складзе дэлегацыі, якая заключыла перамір’е на 2 гады пасля чарговай інтэрвенцыі шведаў у Інфлянтах (1617—1618).

У 1619 годзе Геранім Валовіч атрымаў у арэнду Кобрынскае староства, а ў сакавіку таго ж года стаў генеральным старостам Жамойцкім. У 1621 годзе стаў дзяржаўцам Шадаўскім і Панявежскім. Падчас вайны са Швецыяй (1621—1626) у 1623 годзе ён быў адным з удзельнікаў чарговай перамоўнай камісіі, якая падоўжыла перамір’е да чэрвеня наступнага года. У 1628 годзе прызначаны камісарам Сената па выплаце запазычанасці па жолдзе войску Вялікага княства Літоўскага.

Быў выбаршчыкам Уладзіслава IV ад Жамойцкага княства ў 1632 годзе. Дакладная дата смерці не вядома. Паводле розных звестак, Геранім (Яраш) Валовіч памёр у 1636, 1641 ці 1643 гадах.

Маёнткі і фундацыі За працяглую кар’еру на розных урадах Геранім Валовіч сканцэнтраваў значную маёмасць. Акрамя часткі Сідры з Залессем або радавой Балі (цяпер Зарачанка каля Гродна), быў суўладальнікам Ліпска Мураванага. Апроч спадчыннай маёмасці і сямейных сувязяў, асноўнай крыніцай багацця Валовіча былі надзвычай прыбытковыя каралеўскія дзяржавы (пажыццевыя трыманні) і арэнды. Прынамсі з 1596 года ён быў трымальнікам Крынскіх, Адэльскіх, і Кузніцкіх пушч, якія актыўна каланізоўваў, былі заснаваны вёскі, касцёлы і парафіі Залессе, Сакаляны, Саколка і Дамброўка-Кумяла (цяпер Карыцын у Падляскім ваяводстве). У акце заснавання парафіі ў Карыцыне гаворыцца, што Валовіч заснаваў вёскі Чарнысток, Беласток, Дамброўка (Карыцын), Скіндзеж, Сакоўка, Бароўка і Тшцянка. Для іх ён заснаваў касцёл і парафію ў 1601 годзе. Падобнае адбылося і на тэрыторыі парафіі Сакаляны, дзе ён заснаваў шмат вёсак і ўфундаваў касцёл у 1618 годзе. Геранім Валовіч таксама быў ініцыятаратарам атрымання Саколкай прывілея на Магдэбургскае права ў 1609 годзе. Быў заснавальнікам парафіяльнага касцёла ў Залессі ў 1602 годзе. У сваім тастаменце ад 14 чэрвеня 1602 года перадаў касцёлу гаспадарку з будынкамі і вёскі Залессе і Пагараны, заснаванне якіх пазней было зацверджана каралём. У 1618 годзе Валовіч перадаў фундуш гэтага прыходу манастыру бернардынак у Гародні. Адтуль яны атрымлівалі даход і павінны былі ўтрымліваць парафіяльнага святара і касцёл.

Агулам Геранім Валовіч заснаваў 21 рэлігійны аб’ект, у тым ліку 14 касцёлаў і 1 кляштар, у тым ліку касцёлы ў Седуве і Рудніках. У канцы XVI стагоддзя быў адным з буйнейшых фундатараў касцёла Адшукання Святога Крыжа і кляштара бернардынцаў у Гародні, ахвяраваў 2200 злотых (кароль на гэта ахвяраваў 3200 злотых, а Леў Сапега 1050 злотых). У 1612 годзе звярнуўся да Папы Паўла V з просьбай стварэння юрыдычнага і медыцынскага факультэтаў у Віленскай езуіцкай акадэміі. Выконваючы зарок свайго брата Андрэя, на працягу 1618—1636 гадоў клапаціўся пра развіццё Цітувенскага бернардынскага кляштара і касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Валовіч перадаў кляштару вялікія зямельныя ўладанні ў Тытувянах (каля 340 гектараў), ахвяраваў грошы і збожжа, а таксама аказаваў іншую падтрымку на будаўніцтва кляштара. Таксама дапамагаў забяспечваць мясцовую бібліятэку кнігамі. У 1634 годзе ахвяраваў асобны будынак для пасяджэнняў жамойцкага сойміка ў Расейнах. Пабудаваў за ўласныя сродкі каменны мост цераз Нёман у Гродне. З дапамогай Гераніма Валовіча ў 1610-х гадах пабудаваны будынак архіва Упіцкага павятовага суда.

Стала жыў у Гародні і Вільні, асабліва калі быў камісарам па выплаце заробку і запазычанасці літоўскаму войску. На пачатку XVII стагоддзя Геранім Валовіч набыў  — пазнейшы Палац Пацаў у Вільні. У 1628 годзе праз Радзівілаў і Сапегаў будынак трапіў да Стэфана Паца. Станам на 2026 год у будынку месціцца .

Крыніцы

Літаратура

Геранім Катэгорыя:Пісары вялікія літоўскія Катэгорыя:Падскарбіі надворныя літоўскія Катэгорыя:Падскарбіі вялікія літоўскія Катэгорыя:Падканцлеры літоўскія Катэгорыя:Старосты жамойцкія Катэгорыя:Старосты кобрынскія Катэгорыя:Войты магілёўскія