Труба́ (, , , ) — медны духавы музычны інструмент альтова-сапранавага рэгістра, самы высокі па гучанні сярод медных духавых.

Труба вядома са старажытных часоў. Выкарыстоўвалася ў якасці сігнальнага інструмента паляўнічымі, пастухамі, у ваеннай справе і інш. З XVII стагоддзя трубу пачалі выкарыстоўваць у якасці аркестравага інструмента. У сучасным выглядзе, з вентыльным механізмам, з’явілася да сярэдзіны XIX стагоддзя.

У прафесійнай музыцы выкарыстоўваюцца як аркестравы і сольны інструмент. Адрозніваюць: пікала, малую, альтовую і басовую трубы.

Канструкцыя Труба складаецца з цыліндрычнай трубкі, якая на канцы пераходзіць у конусную. Трубка сагнутая звычайна ў адзін абарот і складае адно цэлае з раструбам. Дыяметр трубкі звычайна каля 11 мм, раструба — каля 15 см. Даўжыня трубы ад 1,3 да 2,2—3 м.

На Беларусі На Беларусі трубой (таксама «берасцянкай», «дудой») называлі інструмент цыліндрычнай, канічнай, выгнутай формы са скручаным у адзін абарот ствалом. У якасці матэрыялу для вырабу выкарыстоўваліся розныя пароды дрэва: яліна, клён, асіна, вольха, ліпа, бяроза ці кара дрэваў, а таксама бляха. Для здабывання гукаў прымяняўся муштук.

Па згадках былых пастухоў, на трубах трубілі з самага ранку, «каб сабраць скаціну на выган»; днём, «каб склікаць кароў з кустоў»; увечары, «каб даяркі йшлі даіць».

Працэс ігры на трубе ў старажытных беларускіх крыніцах апісваецца тэрмінамі «іграць», «трубіць», «ударыць».

Крыніцы

Літаратура

Труба // Назина И. Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые/ [Ред. М. Я. Гринблат]. — Мн.: Наука и техника, 1979. — с. 124—134.

Розенберг А. А. Труба́ // Музыкальная энциклопедия : [в 6 т.] / Гл. ред. Ю. В. Келдыш. — М.: Советская энциклопедия: Советский композитор, 1973—1982. — (Энциклопедии. Словари. Справочники. Изд-во «Советская Энциклопедия», Изд-во «Советский композитор»). — Т. 5: Симон — Хейлер. — 1981. — Стб. 619—621. — 1056 стб., илл. — 102 200 экз.

Спасылкі

Труба (муз. инструмент) // Вялікая савецкая энцыклапедыя

Катэгорыя:Медныя духавыя музычныя інструменты Катэгорыя:Ваенная музыка Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы