Станіслаў Лявонавіч Станкевіч () — беларускі выдавец, паэт.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1886 годзе ў Арлянятах Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці).

У 1903—1919 гадах працаваў у аптэках Пецярбурга, падтрымліваў сувязі з Браніславам Эпімах-Шыпілам.

З пачатку 1920-х гадоў супрацоўнічаў з Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні. У 1926 годзе адкрыў уласную беларускую кнігарню каля Вострай брамы. Выдаваў разам з Зоськай Верас адрыўныя беларускія календары. У 1920-я гады выступаў з літаратурнымі творамі ў перыядычным друку Заходняй Беларусі.

Арыштаваны органамі НКУС 30 кастрычніка 1945 года і асуджаны на 10 гадоў высылкі ў Пермскую вобласць РСФСР.

У 1954 годзе вярнуўся ў Вільню. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Памёр 3 лютага 1964 года ў Вільні. Пахаваны ў Вільні на могілках Роса.

Сям’я Меў дачку Міраславу і сына Яраслава.

Міраслава, у шлюбе Русак (7.12.1933 — 9.10.2023) — беларуская дзеячка ў Літве, папулярызавала беларускую культуру і ўдзельнічала ў працы беларускіх арганізацый у Вільні. Захоўвала архіў рукапісаў свайго бацькі. Аўтарка кнігі ўспамінаў пра жыццё і творчасць бацькі «Лявонава доля» (2000), куды ўвайшла яго неапублікаваная раней паэзія.

Яраслаў, разам з сястрой захавальнік бацькавага архіва.

Творчасць Лічаць, што выдаў два зборнікі сваёй паэзіі «Смех не грэх» (1926) і «З майго ваконца» (1928). Пісаў аўтабіяграфічную паэму «Лявонава доля». У 2000 годзе яго вершы апублікаваны ў кнізе ўспамінаў дачкі «Лявонава воля».

Публікацыі St. Stankiewič. Śmiech ― nia hrech: humarystyčnyja wieršy. — Wilnia: wydańnie А. Jacyny. Biełaruskaja drukarnia im. Franciška Skaryny, 1926. — 62 с. St. Stankiewič. Z majho wakonca. — Wilnia: Wydańnie J. Hapanowiča. Biełaruskaja drukarnia im. Franciška Skaryny, 1928. — 62 с. Ст. Станкевіч. Іван Луцкевіч. (У дзясятыя ўгодкі сьмерці яго) (1919—1929 г.) // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 1 (11). — С. 5—11. Ст. Станкевіч. «C. I. E.» і ўдзел у ім беларускага студэнства. Шануйма народныя вартасьці. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 2 (13). — С. 7—9, 26—28. Міраслава Русак. Лявонава доля. Успаміны пра майго бацьку Станіслава Станкевіча / У склад уваходзіць збор вершаў Станістава Станкевіча пад назвай «Мне не забыці…» / Рэдактар і аўтар пасляслоўя Алег Мінкін; Мастак А. Блажэй. — Вільнюс: Рунь, 2000. — С. 103. — 500 ас. — ISBN 9955-427-05-1

Крыніцы

Літаратура Трацяк, Я. «Аб якім тут Станкевічу гутарка?..» // ЛіМ. 1997. 29 жн.; Русак, Міраслава. Справа № 528 // Рунь. 1999. 13 снеж. № 28. Русак, Міраслава. Лявонава доля. Вільня: Рунь, Выдавецтва Беларусаў Літвы. 2000. Вабішчэвіч, А. Станкевіч Станіслаў Лявонавіч'' // ЭГБ, Т.6, кн. І. — Мн. 2001. Глагоўская, Лена. Пра кнігара Станіслава Станкевіча // Ніва № 4, 28 студзеня 2001 г.

Спасылкі Збор Міраславы Русак і сям’і Станкевічаў у архіве Віленскага беларускага музея

Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі Катэгорыя:Выдаўцы паводле алфавіта Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты