Уладзімір Бялько (1911 — 1 мая 1933) — беларускі грамадскі дзеяч. Сябра Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Паэт, рэдактар падпольнай газеты «Піянер».

Біяграфія Нарадзіўся ў 1911 годзе ў в. Мяльканавічы Слонімскага павета Гродзенскай губерні ў Расійскай імперыі.

Пасля падзелу Беларусі паміж СССР і Польшчай у 1921 годзе родная вёска апынулася ў складзе Польшчы. Скончыў у сваёй вёсцы польскую школу. Нядоўга вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі.

Вярнуўшыся ў родную вёску, днём займаўся сельскай гаспадаркай, а вечарамі праводзіў камсамольскую і беларускую дзейнасць: развешваў лістоўкі, патрабуючы адкрыцця школ на беларускай мове, арганізоўваў розныя культмасавыя беларускія мерапрыемствы. З сябрамі Піліпам Маркевічам і Антонам Бішкурэвічам выдаваў на беларускай мове камуністычную газету «Піянер»: штомесяц наклады каля 100 асобнікаў адбіваліся на шапірографе. Пісаў вершы. За сваю камуністычную і беларускую дзейнасць пераследваўся мясцовымі польскімі ўладамі, якія яго двойчы арыштоўвалі і білі.

Вясной 1933 года да хворага Уладзіміра Бялько прыйшлі паліцыянты, скінулі яго з ложка і доўга білі нагамі. Памёр 1 мая 1933 года ад атрыманых пашкоджанняў. Праз два дні быў пахаваны на мясцовых могілках в. Мяльканавічы.

Памяць У савецкія часы, пакуль у вёсцы Мяльканавічы існавала школа, школьнікі захоўвалі памяць пра беларускага дзеяча: разам з настаўнікамі даглядалі яго магілу, ускладвалі кветкі. У 1980-х гадах на магіле Уладзіміра Бялько была пастаўлена невялікая стэла. У 1990-х гадах па рашэнню Слонімскага гарсавета вуліца Жданава ў Слоніме была перайменавана ў вуліцу Уладзіміра Бялько. Улетку 2019 года Сяргей Чыгрын знайшоў магілу Уладзіміра Бялько ў занядбаным стане. Неўзабаве валанцёры БРСМ прывялі магілу ў належны стан.

Спасылкі Радыё Рацыя. Адшукана магіла заходнебеларускага змагара за беларускія школы Радыё Рацыя. Турэмныя шыльды на грудзях беларускіх юнакоў Слонімскі Веснік. Волонтеры БРСМ навели порядок на могиле Владимира Белько

Катэгорыя:Члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Слонімскім павеце (Расійская імперыя) Катэгорыя:Памерлі ў Слонімскім раёне Катэгорыя:Пахаваныя ў Слонімскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў Слонімскім павеце (1920—1940) Катэгорыя:Забітыя журналісты Катэгорыя:Памерлі ад ран