«Камень Міцкевіча» — валун з выбітай на польскай мове цытатай Адама Міцкевіча: «Ewa raj utraciła, Tyś go wskrzesiła. Mickiewicz» (). Знаходзіцца ў вёсцы Студзёнкі ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Памер бачнай часткі каменя — 85×64 см.

Гісторыя стварэння У першай палове XIX стагоддзя Адам Міцкевіч (1798—1855) наведаў маёнтак Студзёнкі. Ён быў у захапленні ад сядзібнага парка і пакінуў у гасцявой кнізе гаспадыні маёнтку свой запіс. Найверагодней гэта магло адбыцца ў 1820 годзе, калі Міцкевіч (разам з сябрам Тамашам Занам) прыязджаў у тыя мясціны ў маёнтак Тугановічы да сваёй каханай Марылі Верашчакі, з каторай па ваколіцах яны часта рабілі конныя шпацырыTomasz Krzywicki. Adam poznaje Marylę // Szlakiem Adama Mickiewicza po Nowogródczyźnie, Wilnie i Kownie. — Rewasz. — Pruszków, 2006. — S.164—165. З гэтага вынікае, што запіс быў зроблены хутчэй за ўсё ў гасцявой кнізе Марыі Развадоўскай (1783—1845; народжаная Вангродская).

Пазней надпіс, зроблены ў гасцявой кнізе, быў выбіты на камяні. Пры гэтым майстар, які зрабіў надпіс на камені, паспрабаваў захаваць почырк паэта. Камень гаспадары паставілі ў парку як памяць пра паэта, які ўпадабаў іх сядзібу.

Польскі гісторык касцёла, доктар гуманітарных навук піша, што Міцкевіч наведваў Студзёнкі ў часы дзяцінства Марыі Грушэцкай (1834—1900). Але храналагічна гэта не пасуе. Магчыма, доктар Гіль тут дапусціў памылку — у той час мог быць выбіты надпіс на камяні. Бо ў той час Міцкевіч жыў у Парыжы, дзе ў 1834 завяршыў напісанне паэмы «Пан Тадэвуш», у якую ў тым ліку ўвайшло і апісанне парку і сажалак у Студзёнках. Камень гэты пэўны час стаяў у парку, за фруктовым садам, на шляху ад маёнтка да мясцовых могілак.

Адшуканне каменя 1 мая 2020 года мясцовы краязнаўца Аляксандр Абрамовіч паведаміў, што яму атрымалася знайсці той камень з выбітым надпісам, як і ў альбоме гаспадыні маёнтка Студзёнкі. Валун быў умураваны ў кладку склепа каля закінутай вясковай хаты. Надпіс гучаў так: «Ewa raj utraciła, Tyś go wskrzesiła. Mickiewicz». У беларускіх і польскіх СМІ валун адразу атрымаў назву «Камень Міцкевіча». Краязнаўца мяркуе, што камень мог апынуцца ў кладцы ў савецкія часы. Па ягоных словах, пасля прыходу бальшавікоў уся спадчына колішніх гаспадароў была знішчаная, сядзіба разрабаваная і разабраная. Нават мясцовыя каталіцкія могілкі былі расцягнутыя на камяні, якія пасля выкарыстоўвалі ў гаспадарцы.

Менш чым праз месяц стала вядома, што камень знаходзіцца пад пагрозай. Пасля асвятлення знаходкі ў СМІ гаспадыня хаты, у склепе каторай знаходзіўся валун, замазала камень глеем і заклала яго смеццем. Апроч таго, у склепе разбілі падмуроўку ля ўваходу, быццам рыхтуючыся вывезці камень. Краязнаўцу атрымалася ачысціць і адмыць валун.

Згадванне пра камень у крыніцах Пра камень з надпісам Адама Міцкевіча ў Студзёнках згадваў у сваіх успамінах ксёндз Ежы КаліноўскіAPKB (Archiwum Prowincji Karmelitów Bosych w Czerniej), AP 111, [Jerzy Kalinowski], Notes, s. 24-26. (1859—1930; зводны брат св. Рафала Каліноўскага і Віктара Каліноўскага, мужа гаспадыні Студзёнак Марыі Грушэцкай). Запісы Ежы Каліноўскага абраў і апрацаваў польскі гісторык касцёла, доктар гуманітарных навук Ганарат Чэслаў Гіль. У іх гаворыцца: Міцкевіч, які наведваў Студзёнкі і ў альбоме гаспадыні дома напісаў гэтыя словы: «Ева рай страціла, Ты ж яго, пані, стварыла». Затым гэтыя словы былі выразаныя на камені, які некалькі гадоў быў яшчэ ў парку, за фруктовым садам, на шляху да мясцовых могілак.

Літаратура

Катэгорыя:Валуны Беларусі Катэгорыя:Студзёнкі (Нясвіжскі раён) Катэгорыя:Славутасці Нясвіжскага раёна Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар Адама Міцкевіча Катэгорыя:Адам Міцкевіч