«Ракаўскі шлях» — культурна-асветнае выданне Ракаўскага краю. Выдавалася ў 2000—2008 гадах на беларускай мове на грамадскіх пачатках сям’ёй Рагойшаў. Першы нумар выдання з’явіўся ў лютым 2000 года. Выйшаў 41 нумар. Рэдактарам краязнаўчай газеты быў Вячаслаў Рагойша. Мэтай выдання была неабходнасць даць чытачам краязнаўчы матэрыял, з дапамогай якога будзе выхавана пачуццё любові да роднага краю.

Мела рубрыкі «З гісторыі Ракаўшчыны», «Ведай свой край», «Успомнім іх жывымі», «Людзі Ракаўскага краю», «З невядомага» і інш. Аўтарамі выдання былі Іван Шамякін, Алег Лойка, Рыгор Барадулін. Газета публікавала матэрыялы пра дзеячаў беларускай культуры, чый жыццёвы шлях быў звязаны з Ракаўскім краем. Атрымала водгукі ў рэспубліканскай і мясцовай прэсе. Алесь Карлюкевіч у «Настаўніцкай газеце» рэкамендаваў выданне для школы як дапаможнік пры вывучэнні беларускай гісторыі і культуры, мясцовага краязнаўства. Тыраж не перавышаў 200 экзэмпляраў. Поўны камплект выдання можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, асобныя нумары — у Ракаўскай сельскай бібліятэцы. Матэрыялы газеты сталі асновай кнігі «Наш гонар — Ракаў», якая выйшла ў 2015 годзе.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Газеты на беларускай мове Катэгорыя:Газеты Беларусі Катэгорыя:Ракаў Катэгорыя:Культура Валожынскага раёна