Царква Святога Георгія (Царква Святога Юрыя, ) — праваслаўны храм у горадзе Чыкага, штат Ілінойс, ЗША. Прыход знаходзіцца ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата. Названа ў гонар святога Георгія.
Гісторыя
Пасля Другой сусветнай вайны значная група беларускіх імігрантаў вырашыла пасяліцца ў Чыкага ды іншых частках штата Ілінойс. Мясцовая прамысловасць давала прыбылым магчымасць працаўладкавацца, што забяспечвала існаванне іх сем’яў.
Група сяброў Беларускай-амерыканскай нацыянальнай рады пачала арганізоўваць праваслаўны прыход Святога Георгія.
Нягледзячы на тое, што адкрыць новую царкву было няпростай задачай, заснавальнікі атрымалі дапамогу ад святароў розных цэркваў. Біскуп Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Васіль, архімандрыт Юліян Троцкі, айцец Макарэвіч і протапрэсвітар Мікалай Лапіцкі некалькі разоў наведвалі Чыкага. Усе святары належалі да розных праваслаўных юрысдыкцый, таму ўзнікала пытанне, да якой юрысдыкцыі павінна далучыцца Беларуская праваслаўная царква ў Чыкага.
У пачатку 1958 года быў створаны прыход у складзе Амерыканскай архіепіскапіі Канстанцінопальскага Патрыярхату. Парафіяльны савет прыходу абраў настаяцелем прыходу архімандрыта Уладзіміра (Фінькоўскага), нягледзячы на негатыўнае стаўленне да яго асобы з боку адміністратара беларускіх прыходаў у складзе Канстанцінопальскага Патрыярхату протапрэсвітара Мікалая Лапіцкага.
Дванаццаць ініцыятараў выкупілі будынак былой сінагогі і абсталявалі яе пад Беларускую Праваслаўную Царкву Святога Георгія. Будынак патрабаваў капітальнага рамонту. Беларусы ўласнаручна габлявалі дошкі на падлогу, сваімі рукамі зладзілі царскія вароты і алтар.
Заснавальнікамі царквы былі Мікола Латушкін з жонкай Сафіяй і цесцем Янам Багдановічам. Сярод заснавальнікаў парафіі, а таксама першым рэгентам яе хору, быў беларускі ваенны і грамадскі дзеяч Мікалай Дзямідаў.
Да прыходу належалі данскія казакі, якія мелі пры царкоўным будынку ўласную канцылярыю.
Праз спрэчнасць асобы архімандрыта Уладзіміра яго кандыдатура на епіскапскае служэнне на пасадзе кіраўніка беларускай епархіі Канстанцінопальскага Патрыярхату была адхілена Царкоўным саветам Беларускай Праваслаўнай Царквы, якім фактычна кіраваў протапрэсвітар Мікалай Лапіцкі. Жадаючы ўзначаліць беларускае царкоўнае жыццё на чужыне і разумеючы, што ён не будзе мець падтрымкі з боку Амерыканскай архіепіскапіі Канстанцінопальскага патрыярхату, архімандрыт Уладзімір вырашыў атрымаць архірэйскае пасвячэнне з боку іерархаў некананічнай . 1 лютага 1959 года адбылося пасвячэнне архімандрыта Уладзіміра ў епіскапа Мінскага і ўсёй Беларусі. Адразу пасля гэтага ён абвясціў аб стварэнні яшчэ адной Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ-2).
Абвяшчэнне БАПЦ-2 выклікала раскол: значная частка прыхаджан адмовілася прызнаваць БАПЦ-2, імі часова стаў апекавацца настаяцель прыходу Святой Ефрасінні Полацкай у Таронта протаіерэй Міхаіл Мігай. Абедзве групы прыхаджан прэтэндавалі на валоданне храмавым будынкам, богаслужэнні пачалі адпраўляць па чарзе. Архіепіскап Уладзімір неаднаразова наведваў богаслужэнні апанентаў, намагаючыся пераканаць іх прызнаць БАПЦ-2.
17 чэрвеня 1961 года архіепіскап Уладзімір з групай прыхільнікаў спрабаваў змяніць замкі ў храме, што было спынена з дапамогай паліцыі.
У верасні 1961 года архіепіскап Уладзімір спрабаваў знайсці кампраміс і аб’яднаць прыход, быў гатовы вярнуцца на пасаду настаяцеля прыходу ў сане архімандрыта, але такі кампраміс не зацікавіў яго апанентаў. У адказ на гэта архіепіскап Уладзімір зноў паспрабаваў змяніць замкі ў храме, з-за чаго ў храме адбылася бойка, усе яе ўдзельнікі былі арыштаваны. Пачаліся судовыя справы паміж архіепіскапам Уладзімірам і яго апанентамі.
Восенню 1961 года грамадзянскі суд прыняў рашэнне пра неправамоцнасць спроб перавесці храм у юрысдыкцыю БАПЦ-2 і прызваў архіепіскапа Уладзіміра перастаць адпускаць у ім богаслужэнні. Апошні раз ён наведаў царкоўны будынак 3 лістапада 1961 года, калі ў прысутнасці паліцыі забраў свае асабістыя рэчы. Судовыя справы супраць асобных членаў прыходу наконт абвінавачвання ў нанясенні архіепіскапу Уладзіміру цяжкіх цялесных пашкоджанняў працягнуліся: у выніку яны скончыліся прымірэннем і выплатай яму грашовай кампенсацыі.
У лютым 1962 года архіепіскап Уладзімір пакінуў ЗША і пераехаў у Францыю.
25 кастрычніка 1964 года прайшоў парафіяльны сход на якім адбыўся перапіс царкоўнай маёмасці з ініцыятыўнай 12-асабовай групы на парафію.
З пачатку 1990-х гадоў да 2005 года пры царкве дзейнічаў беларускі дзіцячы музычны калектыў «Лянок». У 1998 годзе «Лянок» вітаў у Чыкага Станіслава Шушкевіча, які прыехаў адведаць беларускіх эмігрантаў.
Настаяцелі архімандрыт Уладзімір Фінкоўскі (1958—1959) айцец Леў Парандоўскі (1959—1960) айцец Міхась Мігай (1960—1963) протаіерэй Ілля Нагірняк (1963) айцец Алег Мірановіч (1963—1977) айцец Леў Астроўскі (1977—1978) архімандрыт Іосіф (Строк) (1978—1980) іераманах Варнава (Санчык) (1980—1984) а. Анатолій Сегень (1984—1986) а. Миандрак Анціч (1986—1987) а. Вячаслаў Ільчук (1987—1988) а. Канстанцін Бандарук (1988—1991) а. Міраслаў Кулік (1991—1993) іераманах Якаў Пірута (1993—1994) а. Міандрак Анціч (1994) протаіерэй Дзімітрый Башко (1994—???) айцец Міхайла Пасека (з 2012)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Старонка прыхода Як беларусы царкву ў Чыкага будавалі Царква, дзе моляцца ля бел-чырвона-белага сцяга Saint George Belarusian Orthodox Church
Катэгорыя:Беларусы ў ЗША Катэгорыя:Праваслаўныя храмы ЗША Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Чыкага