Навагру́дская белару́ская гімна́зія — сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку, якая дзейнічала з перапынкамі ў 1919—1944 гадах. Адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага і культурнага жыцця ў рэгіёне. Утрымлівалася пераважна на сродкі бацькоўскага камітэта і грамадскасці. Нягледзячы на пастаянны ціск з боку польскіх улад і ліквідацыю ў 1934 годзе, гімназія змагла аднавіць сваю працу ў 1939 годзе і працягвала дзейнасць да канца Другой сусветнай вайны. З гімназіяй звязаны лёс многіх выдатных беларускіх дзеячаў, сярод іх Барыс Кіт, Анатоль Іверс, Леанід Барысаглебскі і іншыя.
Гісторыя
Заснаванне і першыя гады дзейнасці Навучальная ўстанова адкрылася ў 1919 годзе, а пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора (1921) працягвала сваю дзейнасць ва ўмовах польскай адміністрацыі. Фінансаванне гімназіі цалкам забяспечвалася коштам бацькоўскага камітэта. Арганізатарам і першым дырэктарам, якога абралі самі бацькі вучняў, стаў Ян Цеханоўскі.
Фарміраванне паўнавартаснай навучальнай установы ішло цяжка. У канцы 1922 года арганізацыйны камітэт сабраў звыш 200 заяў ад бацькоў на паступленне дзяцей у шэсць класаў гімназіі. Аднак ініцыятыва сутыкнулася з жорсткім сабатажам і супрацівам з боку мясцовай польскай адміністрацыі, якая катэгарычна адмаўлялася выдзяляць памяшканне для заняткаў, нягледзячы на наяўнасць у горадзе вольных будынкаў.
Пасля ад’езду Яна Цеханоўскага за мяжу на заробкі абавязкі дырэктара выконваў Пётр Скрабец.
Навучальны і выхаваўчы працэс
Пры гімназіі дзейнічалі мастацкія гурткі розных кірункаў, у т.л. беларусазнаўстве, прыродазнаўстве, сусветнай літаратуры. Для паглыблення ведаў беларускай мовы вучні складалі слоўнік да твораў Ядвігіна Ш., збіралі фальклор. Вучні 1-3 класаў займаліся зборам, распрацоўкай тэрміналогіі мясцовай флоры і фаўны, выдавалі рукапісны часопіс «Жаваранак». Асаблівую папулярнасць меў харавы і музычны гурткі, пад кіраўніцтвам А. Валынчыка, гімназічны хор і аркестр былі вядомыя і па-за Навагрудкам.
Закрыццё ў міжваеннай Польшчы У чэрвені 1934 года гімназія закрыта польскімі ўладамі, беларускім гімназістам хто не скончыў вучобы было прапанавана перавесціся ў мясцовую Польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Аднак пераважная большасць (каля 80 %) гімназістаў працягнула вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі. Пераезд гімназістаў у Вільню наладзіў прыехаўшы адтуль Барыс Кіт. Навагрудскіх гімназістаў размясцілі ў інтэрнаце і накіравалі ў адпаведныя класы.
Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) і перадачы Вільні і Віленскага края Літве, літоўскі намеснік міністра асветы (пасля 2-й сусветнай вайны — міністр) катэгарычна пярэчыў існаванню беларускіх школ у Літве. На просьбу беларускай дэлегацыі (Адам Станкевіч, Адольф Клімовіч, Янка Шутовіч) пра адкрыццё беларускіх школ Жугжда сказаў: «Хто хоча вучыцца па-беларуску, няхай едзе на Беларусь». У гэтых умовах большасць вучняў звярнулася да дырэкцыі з просьбай, каб арганізавана пераехаць у Навагрудак, дзе можна было б вучыцца ў мясцовай гімназіі. Барыс Кіт паехаў у Навагрудак, наведаў кіраўніка школьнага аддзела Баранавіцкай акругі Арцемія Саўчанку, які загадаў аднавіць Наваградскую беларускую гімназію ў тым самым будынку, які яе вучні калісьці будавалі. Праз тыдзень удалося перавезці вучняў з Вільні ў Навагрудак, Б. Кіт быў прызначаны дырэктарам гімназіі.
Колькасць вучняў неўзабаве перавысіла 1000, былі адкрыты паралельныя класы. Адкрыліся таксама вячэрнія заняткі для дарослых. Барыс Кіт рупіўся знайсці высокакваліфікаваных выкладчыкаў, у гэты перыяд у гімназіі выкладалі Ст. Станкевіч, Якім Скурат, Аляксандр Орса, Вольга Русак, Э. Залкінд, Л. Барысаглебскі, А. Анішчык і іншыя. Было адкрыта 10 інтэрнатаў для вучняў з далёкіх мясцін. Пры гімназіі адкрылася 7-гадовая школа.
У выніку даносу Уладзіміра Панько (паводле бухгалтара школьнага аддзела Галабурды) загадчыцы РайАНА Гуртаўцовай, што Б. Кіт раней актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным (нацыянал-буржуазным) беларускім руху і не павінен быць дырэктарам савецкай школы, Гуртаўцова выклікала з Мінска на месца дырэктара свайго знаёмага Фелікса Баржэмскага, а Б. Кіта быў прызначаны яго намеснікам. Неўзабаве па гэтым Б. Кіт пераехаў у Баранавічы.
Навагрудская беларуская гімназія працавала і пад нямецкай акупацыяй. Гэты час існавання гімназіі мала асветлены ў беларускай гістарыяграфіі.
Вядомыя педагогі У гімназіі працавалі педагогі: Ксенія Баландовіч, Аляксандр Данілевіч, Жазефіна Запольская, Аляксандр Орса (доктар прыродазнаўчых навук), Гіта Гецава, Вольга Русак (выкладала нямецкую мову), Наталля Орса, Ніна Трусевіч, Яўген Мілоў, Пётр Якімовіч, Язэп Драздовіч (1927-30, выкладаў маляванне), Міхаіл Чатырка, Пётр Скрабец, Зофія Барановіч, Галіна Ямелкоўская, Глекерыя Мацеўская, Антон Валынчык, Вячаслаў Лаўскі (1930-34, выкладаў матэматыку).
Архітэктура
Трохпавярховы мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры будынка праходзіць карніз. Цэнтральная частка фасада вылучана рызалітам, які завершаны прамым атыкам. У рызаліце на трэцім паверсе аконныя праёмы паўцыркульнага абрысу, астатнія аконныя праёмы прамавугольныя без ліштваў. Уваход аформлены парталам з прамым сандрыкам.
Вядомыя навучэнцы Леанід Барысаглебскі Леў Гарошка Анатоль Іверс Барыс Кіт Уладзімір Набагез Барыс Рагуля Міхась Рагуля Язэп Сажыч Юліян Сак Барыс Сладоўскі Ніна Тарас
Гл. таксама Навагрудская гімназія Міхаіл Аляксеевіч Дзмітрыеў, дырэктар Навагрудскай гімназіі
Літаратура Анішчык А., Мірачыцкі Л. Наваградская беларуская гімназія (1919—1934) // Памяць: Навагрудскі раён. — Мн.: «Беларусь», 1996. Анішчык А. Наш зямляк Барыс Кіт // «Новае жыццё». — 1992, 22 жн. № 61. Вабішчэвіч А. М. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920 — 1930-яя гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2002. — № 18. — С.78 — 90. Вабішчэвіч А. М. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939) // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 2. — С. 38-46. Вабішчэвіч А. М. Беларуская гімназія ў Навагрудку // Наваградскія чытанні. Выпуск ІV: Матэрыялы навуковай канферэнцыі да 950-годдзя г. Навагрудка і 400-годдзя герба горада / Навук. Рэд. В. Ф. Кушнер. — Мн.: Беларускае выдавецкае Таварыства «Хата», 1996. — С. 72-75. Вабішчэвіч А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921—1939). — Брэст, 2004. — 116 с. Луцкевіч А. Ліквідацыя беларускай гімназіі ў Наваградку // Наша Слова. № 31 (1494), 5 жніўня 2020; Паводле: S-wicz. Likwidacja Białoruskiego Gimnazjum w Nowogródku // Pregląd Wileński. № 14, września 1934. S. 4-5. Пераклад Леаніда Лаўрэша. Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. — Мн.: Народная асвета, 1968. — 624 с. Чэмер А. Наваградская беларуская гімназія. — Вільнюс, 1997. — 133 с.
Спасылкі
Катэгорыя:Арганізацыі Заходняй Беларусі Катэгорыя:1919 год у Заходняй Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Навагрудка Катэгорыя:Навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання