Франсуа Рабле (; ) — французскі пісьменнік, адзін з вялікіх еўрапейскіх сатырыкаў-гуманістаў эпохі Рэнесанса, аўтар рамана «Гарганцюа і Пантагруэль».

Біяграфічныя звесткі Рабле нарадзіўся ў Шыноне (у Турэні), дакладная дата нараджэння невядомая — у якасці версій называюць 1483, 1493 і 1495 г. Як мяркуецца, ён быў сынам шынкара (некаторыя сцвярджаюць — аптэкара, які займаўся і шынкарскай справай), страціў маці ў самым раннім узросце, ці (па іншых звестках) вельмі рана адкінуты ёю і перададзены ў манастыр.

Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Доктар медыцыны (з 1537).

Творчасць Літаратурную дзейнасць пачаў у 1532. Сусветную вядомасць яму прынёс фантастычны раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1-4, 1532-52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае). Гэта мастацкая энцыклапедыя французскай культуры эпохі Адраджэння: яе рэлігійнага і палітычнага жыцця, філасофскай, педагагічнай і навуковай думкі, духоўнага імкнення і сацыяльнага побыту. У творы аўтар высмеяў рэлігійны фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манархічны дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманістычнае выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фізічнае і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем народнай мовы, спалучэннем рэалістычнага і фантастычнага, высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Франсуа Рабле адыграла вялікую ролю ў развіцці французскай і сусветнай сатырычнай літаратуры.

Беларускія пераклады Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940.

Спасылкі

Гарганцюа і Пантагруэль. Урыўкі

Катэгорыя:Пісьменнікі Францыі Катэгорыя:Франкамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Франсуа Рабле