Дом па Савецкай вуліцы, 16 — будынак у цэнтры Ліды.
Гісторыя Месца, на якім стаіць сучасны дом, мае даўнюю гісторыю. Інвентар Ліды 1798 г. апісваў дамы па вуліцы Віленскай: «Ад Фарнага касцёла з правага боку знаходзіўся дзедзічны дварок яснавяльможнай пані Едка, у якім пошта». Гэты двор знаходзіўся па абодвух баках вуліцы Віленскай, на месцы, дзе зараз стаіць дом № 16. У доме Едкі на плане горада Ліды 1832 г. паказана пошта. Праз нейкі час гэта нерухомая маёмасць становіцца ўласнасцю прапаршчыка Дарожнага. У 1842 г. гэты дварок быў знішчаны пажарам, а пошту перанеслі ў дом Камінскіх. Пасля чарговага пажару на гэтым пляцы будуецца цэлы комплекс двухпавярховых будынкаў, сярод іх — дом па вуліцы Віленскай, 58, які належаў Фларэнціну Длускаму.
У двары гэтага дома перад Першай сусветнай вайной пачаў працаваць кінатэатр «Нірвана», які належаў Яблонскаму. 31 снежня 1918 г. Лідскі рэўкам правёў гарадскі мітынг у будынку кінатэатра «Нірвана». Акрамя паказаў фільмаў, усе 1920-я гады кінатэатр «Нірвана» быў месцам збораў лідскай грамадскасці і пляцоўкай, на якой выступалі гастралюючыя тэатральныя трупы. Напрыклад, знакаміты віленскі тэатр «Рэдута» 20 лістапада 1928 г. паказваў у Лідзе спектакль «Цар Павел І» па п’есе Меражкоўскага, а ў верасні 1929 г. — камедыю «Прыяцелі», «прадстаўленне прайшло ў перапоўненай зале, чаго Ліда ўжо даўно не бачыла». 14 і 15 студзеня 1930 г. у Лідзе гастралявала Варшаўская опера. На сцэне кінатэатра «Нірвана» былі паказаны два спектаклі — «» і «Кармэн». «Нірвана» была і цэнтрам яўрэйскага культурнага жыцця. Так, у 1931 г. «25 кастрычніка адбыўся першы выступ яўрэйскага драматычнага гуртка ў кінатэатры „Нірвана“, рэжысёр тэатра — Бузган». У канцы 1931 г. «інжынер Любес з Палесціны ў кінатэатры „Нірвана“ распавёў яўрэям Ліды пра жыццё ў Палесціне. Сабралася каля 200 чалавек».
У 1932 г. сярод уладальнікаў кінатэатраў у Лідзе пачаліся «гонка» — хто першы адчыніць у Лідзе гукавое кіно. Першым імкнуўся стаць уладальнік кінатэатра «Нірвана»: «Нарэшце ў Лідзе будзе кіно з гукам. Уладальнік кінатэатра „Нірвана“ Яблонскі сказаў, што праз некалькі дзён пачне паказваць у сябе кіно з гукам. Першым гукавым фільмам будзе сусветна вядомы баявік „Парада кахання“. … Гэта будзе сенсацыяй у Лідзе». Аднак першым гукавым кінатэатрам у горадзе стаў «Эдысан».
У красавіку 1931 г. падчас кінасеанса ў «Нірване» ад праекцыйнай лямпы загарэлася кінастужка. Узнікла паніка, але кінамеханік Мозель Віцільд хутка загасіў узгаранне. 13 ліпеня 1932 г. у цэнтры горада адбыўся моцны пажар, які пачаўся з дома па Сувальскай, 54. Спачатку агонь ахапіў дах гэтага дома, потым перакінуўся на кінатэатр «Нірвана». З-за моцнага ветру хутка полымя ахапіла суседнія дамы і загарэўся цэнтр горада па вуліцы Сувальскай. Да 20 гадзін вечара агульнымі намаганнямі пажар быў лакалізаваны. Галоўнай цяжкасцю быў недахоп вады, якую прыходзілася падвозіць з Лідзеі, бо толькі гродзенскія пажарныя мелі адмысловы шланг даўжынёй у 300 м і наўпрост пампавалі ваду з ракі. Агонь гарэў да вечара наступнага дня. Найвялікшыя страты панёс Длускі, уладальнік дамоў № 56 і 58, — каля 500 000 злотых пры тым, што гэтыя дамы былі застрахаваны толькі на 145 000 злотых. Кінатэатр «Нірвана» меў страты ў 15 000 долараў, уладальнік «Нірваны» Яблонскі асабіста — у 18 000 злотых.
На месцы кінатэатра «Нірвана» быў збудаваны больш сучасны кінатэатр «Эра», яго ўладальнікам быў Тамашэвіч. «Эра» мела найвялікшую глядзельную залу ў Лідзе. А дом па вуліцы Сувальскай, 58 пасля рамонту атрымаў трэці мансардны паверх. Міжваенныя кінатэатры былі сапраўднымі цэнтрамі не толькі культурнага, але і грамадска-палітычнага жыцця. Уладальнікі кінатэатраў абавязаны былі даваць глядзельныя залы па зніжанай цане ці бясплатна для сходаў разнастайных грамадскіх і палітычных арганізацый, таварыстваў, партый і г. д.
У кінатэатрах праводзіліся гастролі тэатральных труп, напрыклад 20 жніўня 1936 г. у кінатэатры «Эра» выступіла знакамітая трупа Віленскага гарадскога тэатра, ігралася лёгкая эратычная камедыя ў 3-х актах «Каханне ўжо не ў модзе». У пачатку 1937 г. «Кур’ер Віленскі» пісаў:
Праз некалькі нумароў дырэкцыя кінатэатра адказала рэдакцыі:
У тым жа нумары друкуецца аб’ява аб гастролях з 1 сакавіка 1937 г. віленскага тэатра пад кіраўніцтвам вядомай артысткі і заснавальніцы тэатра Ніны Младзеёўскай-Шчуркевіч: «У кінатэатры „Эра“ ў 16 гадзін будзе паказана камедыя Стэфана Кедрынскага „Замужняя панна“, у 20.30 — п’еса Самерсета Маэма „Святы прамень“».
Вясной 1937 г. выязны віленскі тэатр паказваў у «Эры» камедыю Якуба Дэвала «Стэфак» і камедыю Стэфана Кенджынскага «Стары кавалер». А ў маі варшаўскія артысты ў кінатэатры «Эра» паказалі тэатральную камедыю «Цётка Караля», у ролі цёткі выступіў знакаміты кінаартыст таго часу Яўген Бадо. У жніўні 1938 г. у кінатэатры «Эра» выступала тады ўжо славутая Іда Камінская са сваёй камандай, квіткі прадаваліся ў цукерні «Амерыканка». Наогул, практычна кожны тыдзень у кінатэатры «Эра», акрамя паказу кіно, адбываліся культурныя імпрэзы ці грамадскія мерапрыемствы.
Летам 1939 г. у кінатэатры «Эра» змяніўся дырэктар. Замест К. Тамашэвіча пачаў працаваць Ежы Длускі, які для гэтага адмыслова пераехаў жыць у Ліду. Кіно ў горадзе было настолькі папулярнае, што ў 1939 г. у гарадской управе «падчас штэмпелявання было скрадзена 48 білетаў у „Эру“. Аднак кантралёр кінатэатра Рулько падчас праверкі білетаў вызначыла тры крадзеныя білеты. Дырэктар Длускі заявіў у паліцыю».
У 1941 годзе дамы па вуліцы згарэлі. Цудам застаўся дом па вуліцы Савецкай, 16, у якім пасля невялікага рамонту, адразу пасля 1945 г., пачаў працаваць гарадскі кінатэатр. З успамінаў гараджан:
У 1955 г. адчынены кінатэатр «Кастрычнік», і будынак па Савецкай, 16 рэканструявалі, на першым паверсе размясцілі дзіцячую бібліятэку і некалькі крам, на другім — гарадскую бібліятэку. Пасля рамонту 2010 г. тут знаходзіцца фірмавы магазін «Віцязь».
Спасылкі
Па старонках нашай гісторыі. Цікавы лёс дома №16 па вуліцы Савецкай. 14 верасня 2016
Катэгорыя:Савецкая вуліца (Ліда) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Ліды Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў цагляным стылі