Георгій Крыскентавіч Лукомскі (2 (14) сакавіка 1884, г. Калуга, Расія — 25 сакавіка 1952, г. Ніца, Францыя) — украінскі і расійскі мастацтвазнавец, мастак, даследчык помнікаў архітэктуры.
Біяграфія Георгій Лукомскі нарадзіўся 2 (14) сакавіка 1884 г. у горадзе Калуга Калужскай губерні Расійскай імперыі. Лукомскія, абапіраючыся на сямейныя паданні, выводзілі сваё паходжанне ад шляхецкага роду Гедымінавічаў — збяднелых дваран Падольскай губерні. У 1893—1895 гадах Георгій вучыўся Калужскай вучэльні. Пасля пераезду сям’і ў студзені 1897 г. у г. Арол працягваў адукацыю ў Арлоўскай Аляксандраўскай рэальнай вучэльні, якую скончыў у 1901 г. Тут ён зацікавіўся мастацтвам, стаў маляваць і паступіў у Арлоўскую школу малявання Сычова. Удасканальваў мастацкую адукацыю на архітэктурным аддзяленні Казанскай мастацкай школы (1901—1903), а потым — у Імператарскай Акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 1915 г. са званнем мастака-архітэктара. Тады ж стаў сябрам Імператарскага археалагічнага інстытута.
З 1905 г. па вясну 1906 г. меў творчую выправу ў Парыж. Парыжскія замалёўкі склалі цэлую серыю, а пазней леглі ў аснову кнігі «Прогулки по старым кварталам Парижа» (1912). Супрацоўнічаў з часопісамі «Старые годы», «Зодчий», «Столица и усадьба», «Аполлон», для якіх пісаў пераважна мастацтвазнаўчыя артыкулы. Удзельнічаў у мастацкіх выставах. На выставе «Свет Мастацтва» ў Санкт-Пецярбургу (1911) экспанавалася яго карціна «Дзве сінагогі» («Базар каля біржы ў Гомелі»)Лукомский Г. Гомель на выставке «Мир Искусства» // Полесская жизнь. — 1911. — 28 января. — С. 2.Местный. Гомель на выставке «Мир Искусства» // Полесская жизнь. — 1911. — 18 января. — С. 2.Каталог выставки картин «Мир искусства». — Москва : Т-во тип. А. И. Мамонтова, 1911. — С. 13. , рэпрадукцыю якой змясціў пецярбургскі часопіс «Огонёк»Выставка картин «Мир Искусства» в залах первого кадетского корпуса в С.-Петербурге // Огонек. — 1911. — №3. — С. 10..
У 1910 г. аб’яжджаў «унутраныя губерні Расійскай імперыі для збірання, даследавання, вывучэння, замалёўвання і фатаграфавання прадметаў даўніны». Наведваў Гомель, дзе сфатаграфаваў інтэр’еры палаца Румянцавых і Паскевічаў, зрабіў замалёўкі сядзібы Лісоўскіх, Вялікай і Любавіцкай сінагог, сабраў звесткі аб стане даўняй архітэктуры. Публічна выказаў падзяку жыхарам Гомеля, якія бераглі класічныя помнікі гарадской даўніны — «сінагогу, сабор, казарму і некаторыя іншыя пабудовы, вартыя захавання», праяўляў заклапочанасць перабудовамі дома Лісоўскіх, зычыў тагачасным будаўнікам «у праектаванні новых банкаў і дамоў» не забываць «аб узнёслых архітэктурных запаветах і здабытках, пакінутых нам продкамі». З беларускіх гарадоў як мастак Г. Лукомскі звяртаўся яшчэ да Віцебска, стварыўшы карціну з яго краявідамі.
Аўтар кніг па ўкраінскай і рускай архітэктуры і мастацтве. У сваіх працах высока ацэньваў старажытныя маёнткі і вясковыя цэрквы. Удзельнічаў у арганізацыі Кіеўскага музея заходняга і ўсходняга мастацтва (1919). У 1920-х гадах выехаў за мяжу, апошнія гады жыцця правёў у Венецыі, Парыжы, Берліне, ладзіў выставы, выдаваў кнігі пра ўкраінскае і рускае мастацтва. Сярод яго работ — малюнкі, акварэлі, манаграфіі, артыкулы, фотаздымкі. Творы мастака захоўваюцца ў фондах многіх буйных музейных калекцыях Украіны, а таксама ў музеях Францыі, Італіі і Германіі.
Галерэя
Працы і допісы
Лукомский Г. Гомель на выставке «Мир Искусства» // Полесская жизнь. — 1911. — 28 января. — С. 2. Гомельская усадьба княгини И. И. Варшавской, графини Паскевич-Эриванской // Столица и усадьба. — 1913. — № 1. — С. 6—10. О старинных монументах провинциальной России // Зодчий. — 1913. — № 34. — С. 363—372. Згадваецца помнік Панятоўскаму ў Гомелі. По поводу памятника Понятовскому в Гомеле // Зодчий. — 1913. — № 39. — С. 417.
Літаратура
Литвинова Т. Дух старинного дворянского гнезда // Гомельская праўда. — 2009. — 30 красавіка.
Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Украіны Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Расіі Катэгорыя:Гісторыкі архітэктуры