Людвік Казімір Вайніловіч (пам. каля 1670 г.) — ураднік Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля». Нарадзіўся ў сям’і Мельхіёра Вайніловіча.

Быў падчашым мсціслаўскім (1655), стольнікам мазырскім (1659). Быў звязаны з нясвіжскай лініяй князёў Радзівілаў, бо ў 1669 г. князь Міхал Казімір Радзівіл, падканцлер вялікі літоўскі, высылаў яго з даручэннем прыняць кіраванне Слуцкім княствам пасля смерці князя Багуслава Радзівіла.

2 сакавіка 1666 падпісаў з братам Адамам дзельчы ліст, паводле якога выракся правоў на Гейшэвічы на карысць брата, але захаваў правы на Клюкавічы. Ад Ганны атрымаў у пасаг маёнткі Савічы і Пузаў, таму і з’яўляецца пачынальнікам ўласна савіцкай лініі. За заслугі атрымаў ад караля Яна Казіміра прывілей на дазвол браць маставое ў дзедзічным маёнтку Пузаў (19.07.1668 г.).

Сям’я З 1647 года ў шлюбе з Ганнай з Тэльшаўскіх, дачкой Крыштафа Тэльшаўскага, стольніка наваградскага, і Зоф’і Касакоўскай. Пасля смерці мужа Зоф’я Касакоўская завяшчала Савічы і Пузава (відавочна, частку належную маці) дачцэ, бо астатні маёнтак Пузаў адыйшоў Ганне трохі пазней — па тэстаменту яе брата Яна Касакоўскага, які быў складзены 30.04.1681 г. Дзеці: Крыштаф Пётр, хрышчаны 08.04.1649 г. (памёр пасля 1688 года). Падчашы мазырскі, стольнік мазырскі. Спадчыннік маёнткаў Савічы, Пузаў, Клюкавічы. Жонка Людвіка Расудоўская. Казімір, падчашы мсціслаўскі (1680). Пра яго нашчадкаў нічога не вядома.

Сыны, відавочна, валодалі спадчыннай часткай маёнтка Гейшэвічы.

У другім шлюбе Ганна была за Стэфанам Трыпольскім, у трэцім — за Марцыянам Рэйтанам. Ганна з Тэльшаўскіх пакінула тэстамент датаваны 1694 г., згодна з якім падзяліла спадчыну паміж унукамі Францішкам Казімірам і Антоніем.

Спасылкі Рыбчонак С. 10/6. Людвік Казімер // Радавод Вайніловічаў гербу «Сыракомля» змененая // Герольд Litherland. Горадня-Менск. 2011. — № 18. — С.116-123