Бруся́та — рака ў Крупскім і Бярэзінскім раёнах Мінскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).

Даўжыня ракі 37 км. Плошча вадазбору 340 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,3 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 м/км. Пачынаецца з возера Нерыб у Крупскім раёне, упадае ў Бярэзіну за 2 км на захад ад вёскі Журоўка Бярэзінскага раёна. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэдняй і нізкай плыні трапецападобная, шырынёй да 2 км. Абалона пераважна двухбаковая, яе шырыня 0,3—0,5 км, месцамі да 0,8 км. Рэчышча ў высокай і сярэдняй плынях каналізаванае і выпрастанае на 27 км. Шырыня ракі ў межань 8—10 м. Асноўны прыток — рака Плаўня (злева).

Каля ракі населеныя пункты Міхеевічы, Дзмітравічы, Журоўка.

Літаратура

Катэгорыя:Рэкі Бярэзінскага раёна Катэгорыя:Рэкі Крупскага раёна