Румы́нія ( ) — дзяржава ў паўночна-заходняй частцы Балканскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Румынія мае сухапутныя межы з Украінай на поўначы і ўсходзе, Малдовай на паўночным усходзе, Балгарыяй на поўдні, Сербіяй на паўднёвым захадзе і Венгрыяй на захадзе. На ўсходзе краіна абмываецца Чорным морам. Сталіца краіны, горад Бухарэст з насельніцтвам каля двух мільёнаў чалавек, з’яўляецца адным з найбуйнейшых гарадоў Еўропы па колькасці насельніцтва.

У рэльефе Румыніі вылучаюцца Карпацкія горы, Трансільванскае плато і Прыдунайскія нізіны. Румынія багата на карысныя выкапні, асабліва на вуглевадароды, аднак слаўныя часы румынскай нафты прыйшліся на ХХ стагоддзе. Клімат умераны, умерана кантынентальны, на паўднёвым усходзе мае рысы субтрапічнага. Рачная сетка Румыніі належыць пераважна да сістэмы Дуная, на паўночным захадзе да Чорнага мора цякуць Прут і Сірэт. Горы і плато пакрытыя шыракалістымі і хваёвымі (вышэй) лясамі, раўніны ўзараныя.

Румынія адбылася на тэрыторыі, якая прыблізна адпавядае старажытнарымскай правінцыі Дакіі. Уласна Румынія была сфармавана ў 1859 годзе праз асабістую унію дунайскіх княстваў Малдавіі і Валахіі. Новая дзяржава прыняла афіцыйную назву «Румынія» ў 1866 годзе і атрымала незалежнасць ад Асманскай імперыі ў 1878 годзе. У канцы Першай сусветнай вайны да суверэннага Каралеўства Румынія далучыліся Трансільванія, Букавіна і Бесарабія. У Другой сусветнай вайне Румынія ваявала на баку Нацысцкай Германіі да 1944 года, пасля чаго далучылася да Саюзнікаў. Пасля вайны стала сацыялістычнай дзяржавай і членам Варшаўскай дамовы. Пасля рэвалюцыі 1989 года Румынія пачала пераход да дэмакратычнага ладу і капіталістычнай рынкавай эканомікі.

Сучасная Румынія — шматпартыйная дэмакратыя, прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка, дзе захоўваецца прынцып падзелу ўладаў. Главой рэспублікі з’яўляецца прэзідэнт, вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Парламент.

Паводле даных 2019 года насельніцтва Румыніі складае больш за 19 млн жыхароў, гэта 7-е месца ў ЕС. Характэрная адмоўная дынаміка колькасці насельніцтва, адзін з самых нізкіх паказчыкаў нараджальнасці ў свеце. У нацыянальным складзе пераважаюць румыны, венгры і цыганы. Большасць насельніцтва атаясамлівае сябе з праваслаўным хрысціянствам і карыстаецца румынскай мовай. Самы нізкі ў ЕС узровень урбанізацыі (54 %). Вялікія гарады Румыніі — Брашаў, Клуж-Напока, Ясы, Тымішаара, Канстанца, Краёва.

Пасля хуткага эканамічнага росту ў пачатку 2000-х гадоў Румынія мае эканоміку, заснаваную пераважна на сферы паслуг, а таксама з’яўляецца буйным прамысловым вытворцам, у тым ліку, вытворцам і экспарцёрам машын. Да найбуйнейшых румынскіх кампаній адносяцца Automobile Dacia, Ford Romania (абедзве аўтамабілебудаванне), Petrom, Rompetrol, Romgaz (усе паліўная прамысловасць), Electrica (электраэнергетыка), RCS & RDS (тэлекамунікацыі) and Banca Transilvania (банкаўскі сектар). У 2017 годзе Румынія прадэманстравала найвышэйшыя ў ЕС тэмпы росту ВУП (7 %).

Румынія з’яўляецца членам многіх міжнародных арганізацый, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, НАТА (з 2004 года) і Еўрапейскага Саюза (з 2007 года). Маючы багатую культурную гісторыю, Румынія была домам уплывовых мастакоў, музыкаў, вынаходнікаў, спартоўцаў, а таксама мае мноства турыстычных славутасцей.

Этымалогія

Назва краіны паходзіць ад  — «рымскі», што выкарыстоўвалася ў значэнні «грамадзянін Рыма». Першымі гэтую назву ў дачынені да зямель Трансільваніі, Валахіі і Малдавіі ўжывалі італьянскія падарожнікі ў ХVI стагоддзі. Тым жа стагоддзем (1521) датуецца пісьмо баярына Някшу на валахскай мове, дзе валашская зямля названа Țeara Rumânească. Да канца XVII стагоддзя былі аднолькава ўжыванымі формы român and rumân, пазней другая форма перастала выкарыстоўвацца.

Сёння ў большасці моў свету выкарыстоўваецца варыянт назвы праз «у»: нямецкае і шведскае Rumänien, іспанскае Rumania, польскае Rumunia, беларускае Румынія і нават японскае ルーマニア (Rūmania). Праз «о» краіна завецца ў румынскай (România) і англійскай (Romania) мовах.

Геаграфічнае становішча

Плошча ў 238,400 км² робіць Румынію 12-й па памерах краінай Еўропы. Румынія ляжыць на мяжы Усходняй (да якой адносіцца сама) і Паўднёвай Еўропы — вельмі зручнае геаграфічнае становішча, калі ўлічыць яшчэ і выхад да Чорнага мора на ўсходзе, а таксама, Дунайскі транс’еўрапейскі шлях. Даўжыня чарнаморскага ўзбярэжжа складае 245 км. Румынія прэтэндуе на востраў Змяіны, які належыць Украіне, што пацверджана рашэннем Міжнароднага суда ААН у 2009 годзе.

Румынія мяжуе з: Украінай на поўначы і часткова на ўсходзе (649 км) Малдовай на усходзе (681 км) Балгарыяй на поўдні (631 км) Сербіяй і Венгрыяй на захадзе (546 і 448 км адпаведна) Значная частка мяжы з Сербіяй і Балгарыяй праходзіць па рацэ Дунай. Усходні ўчастак мяжы з Украінай праходзіць па дэльце Дуная, якая, будучы аб’ектам дынамічным, з’яўляецца нагодай бесперапынных межавых спрэчак Румыніі з Украінай (да 1991 — з УССР).

Прырода

Абумоўлены становішчам у альпійскім складкаватым поясе рэльеф Румыніі вельмі разнастайны: горы, узвышшы і нізіны займаюць прыблізна па адной траціне яе тэрыторыі. Карпацкія горы перасякаюць краіну з поўначы (Усходнія Карпаты) на паўднёвы захад (Паўднёвыя Карпаты), утвараючы вялікую дугу. Каля 20 хрыбтоў маюць адзнакі вышэй за 2000 м. У Паўднёвых Карпатах знаходзіцца найвышэйшы пункт Румыніі — гара Малдавяну, вышынёй 2544 м. Унутры Карпацкай дугі ляжыць Трансільванскае плато з вышынямі 300—500 м. Паміж Паўднёвымі Карпатамі і Дунаем цягнецца Ніжнедунайская (Валахская) нізіна, крайні захад адносіцца да Панонскага басейна. Уся тэрыторыя Румыніі належыць да сейсмічнай зоны, найбольш моцныя землятрусы здараюцца на паўднёвым усходзе. Нетры краіны багатыя на карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, жалезная руда, соль.

Далёкасць ад Атлантыкі падаравала Румыніі кантынентальны клімат з чатырма выразнымі сезонамі, гарачым летам і халоднай (па еўрапейскіх мерках) зімой. Малюнак рэльефу абумоўлівае кліматычныя адрозненні розных раёнаў краіны. Шмат ападкаў (больш за 750 мм) атрымліваюць наветраныя схілы Карпат, між тым у Валахскай нізіне ў летні перыяд адчуваецца недахоп вільгаці (менш за 570 мм у ваколіцах Бухарэста). Клімат Трансільванскага плато кантынентальны, з вялікімі ваганнямі тэмператур.

На ўсходняй і паўднёвай межах Румыніі цячэ Рака Дунай — другая паводле працягласці рака ў Еўропе, што бярэ пачатак у Германіі і цячэ на паўднёвы ўсход 2857 км, праходзячы праз дзесяць краін і разгаліноўваючыся ў дэльту Дуная пры ўпадзенні ў Чорнае мора. Дэльта Дуная плошчай больш за 4000 км² — другая па велічыні рачная дэльта Еўропы пасля дэльты Волгі. Ва Усходніх Карпатах, у кратары вулкана Чамату, знаходзіцца возера Святой Аны.

Румынія ляжыць у прыроднай зоне мяшаных і шыракалістых лясоў. У гарах з вышынёй дубы і букі змяняюцца на елкі і піхты. Увогуле ж лясы пакрываюць 27 % румынскай зямлі, па плошчы некранутых лясоў Румынія адна з першых у Еўропе. Усходнія раёны краіны адносяцца да вобласці стэпаў. У лясах захаваўся багаты жывёльны свет: так у Румыніі пражывае 50 % еўрапейскай (без уліку Расіі) папуляцыі бурага мядзведзя і 20 % — ваўка.

У канцы 2000-х прыродаахоўныя тэрыторыі — 10 нацыянальных паркаў і тры запаведнікі — займалі 5 % Румыніі. Дэльта Дуная — абшары бесперапынных балот, што служаць домам для амаль 1700 відаў раслін — прыродны аб’ект Сусветнай спадчыны.

Гісторыя

Старажытны час

Чалавечыя рэшткі ўзростам 40 000 гадоў, знойдзеныя ў Пештэра-ку-Оасэ (Пячоры з косткамі), мяркуюцца найстаражытнейшымі ў свеце рэшткамі краманьёнцаў. Неалітычныя тэхналогіі і сельская гаспадарка распаўсюдзіліся па тэрыторыі сучаснай Румыніі ў 6 тыс. да н.э. пасля прыбыцця мігрантаў з грэчаскай Фесаліі. На поўначы Румыніі (каля Лункі) знойдзены самыя старажытныя ў Еўропе сведчанні аб здабычы солі ўзростам каля 8000 гадоў. Да таго часу адносяцца і першыя пасяленні, некаторыя з якіх неўзабаве сталі прота-гарадамі плошчай да 3 км². У 3 тыс. да н.э. на поўначы Румыніі квітнела Трыпольская культура. 1800 г. да н.э. датуюцца раскапаныя фартыфікацыйныя збудаванні бронзавага веку.

У VII ст. да н.э. на чарнаморскім узбярэжжы з’явіліся грэчаскія калоніі, што вялі гандаль з тутэйшымі плямёнамі, сярод якіх Герадот называў гетаў па ніжнім Дунаі і агафірсаў у Трансільваніі. Страбон асацыяваў гетаў з дакамі, што ў І ст. да н.э. кантралявалі Ніжнедунайскую нізіну. Найвышэйшага росквіту дакі дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. У выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рымскім імператарам Траянам, краіна стала рымскай правінцыяй Дакія, што цягам ІІ ст. мірна і паспяхова развівалася. Вучоныя-прыхільнікі дака-рымскай бесперапыннай тэорыі кажуць, што доўгае мірнае суіснаванне рымскіх легіянераў ды перасяленцаў з дакамі стала першай стадыяй утварэння румынскай нацыі. У ІІІ стагоддзі на правінцыю аслабелай імперыі бесперапынныя набегі рабілі готы і карпы, і калі ў 271 годзе імператар Аўрэліян аддаў войску загад пакінуць Дакію, готы авалодалі краінай. Тым не менш, многія воіны і перасяленцы засталіся на новай радзіме. Дабруджа (Малая Скіфія) ж заставалася рымскай (пазней візантыйскай) да VII ст.

Сярэднявечча У 376 годзе гоцкае панаванне змянілася на гунскае. У 454 валадарства гунаў скончылася на карысць гепідаў, германскіх плямёнаў. У 570 румынскія землі трапілі пад уладу качавых плямёнаў панонскіх авараў. З канца VI стагоддзя на землях Румыніі сталі з’яўляцца славянскія пасяленні. У 680 на ніжні Дунай прыйшлі булгары. У канцы наступнага стагоддзя яны разбілі авараў і стварылі сваю дзяржаву з хрысціянствам усходняга абраду ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. Згодна з дака-рымскай тэорыяй, раманізаванае насельніцтва, вядомае пад імем валахаў, ціха перажыло готаў, гунаў, гепідаў, авараў у лясістых раёнах.

Вучоныя, што адмаўляюць дака-рымскую тэорыю, кажуць, што раманамоўныя валахі прыйшлі на паўночнадунайскія землі з паўднёвых Балкан толькі ў ХІ ст. Прычарнаморскія раёны знаходзіліся пад уплывам Візантыі; заходняя частка сучаснай Румыніі, асабліва Трансільванія, пачынаючы з Х ст. стала сферай венгерскіх інтарэсаў. Са Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Трансільванію блізу 1150 прыйшлі нямецкія каланісты. Румынскія землі моцна пацярпелі ад нашэсця манголаў у 1241—1242., а ў другой палове ХІІІ ст. трапілі пад венгерскую ўладу большай часткай.

Валахія, Малдавія, Трансільванія

У ХIV ст. незалежнасць ад Венгрыі атрымлівалі два румынскіх княствы: Валахія (1330) і Малдавія (1360). Валашскае княства, дасягнуўшы росквіту пры князі Мірчы I Старым (1386—1413), у 1456 стала васалам Асманскай імперыі. Малдаўскае княства дасягнула росквіту пры князі Стэфане III Вялікім (1457—1504), а ў 1513 стала васалам Асманскай імперыі. У 1541 пасля падзення Венгерскага каралеўства туркі захапілі заходнерумынскія землі, на якіх у 1570 было створана васальнае княства Трансільванія. Тады ж на румынскія землі прыйшла рэфармацыя. У 1594 Малдавія, Валахія і Трансільванія далучыліся да Свяшчэннага саюза, скіраванага супраць асманскага панавання ў Еўропе. У маі 1600 усе тры княствы былі аб’яднаны пад уладай князя Міхая Храбрага, які, хоць пад ціскам суседзяў быў вымушаны адрачыся ў верасні таго ж года, у ХІХ стагоддзі стаў сімвалам адзінства нацыі.

У ХVII стагоддзі княствы працягвалі плаціць даніну асманам, але ўзмацнілі сваю аўтаномію. Пасля 1683 Трансільванія ўвайшла ў склад дзяржавы Габсбургаў, якая праводзіла палітыку акаталічвання (дакладней, пераходу ў унію). Праваслаўная царква была прызнана толькі ў выніку паўстанняў, узнятых манахамі ў 1744 і 1759 гадах, румыны ў Трансільваніі заставаліся непрызнаным народам.

Пасля здрады князя Валахіі Канстанціна Бранкавяну і Малдавіі Дзімітара Кантэміра і заключэння імі саюзу з Габсбургамі і Расіяй, Стамбул прыйшоў да высновы аб неабходнасці кіраваць Дунайскімі княствамі (так у той час празвалі Валахію і Малдавію) праз сваіх стаўленікаў — грэкаў-фанарыётаў. Новыя ўладары хутка распусцілі войскі, што дазволіла Аўстрыі акупаваць Букавіну (1775), а Расіі — Бесарабію (1812).