Сярге́й Сямё́навіч Цяце́рын (нар. , , БССР, СССР) — беларускі бізнесмен, былы старшыня Беларускай федэрацыі тэніса (да 3 жніўня 2021 года), член хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. У СМІ называецца бізнесменам, набліжаным да Лукашэнкі, і членам яго найбліжэйшага акружэння з канца 1990-х гадоў.

Біяграфія Нарадзіўся ў Мінску. У маладосці прафесійна займаўся тэнісам. Паводле інфармацыі са слоў самога Цяцерына (крытыкуюцца за недакладнасць), у 1975—1978 гадах ён уваходзіў у склад юнацкай зборнай СССР па тэнісе, у 1978 і 1979 гадах быў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы ў адзіночным і парным разрадах, у 1980 годзе стаў чэмпіёнам СССР у парным разрадзе, у 1978—1984 гадах станавіўся чэмпіёнам БССР, у 1980 годзе заваяваў золата і срэбра маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў адзіночным і парным разрадах. Майстар спорту міжнароднага класу. У 1982 годзе скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры. Пасля завяршэння гульнявой кар’еры быў тэнісным трэнерам, у 1994 годзе быў капітанам мужчынскай зборнай на кубку Дэвіса.

У 1990-я гады Цяцерын пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Лічыцца, што менавіта Цяцерын навучыў яго гуляць у тэніс. Паведамлялася, што Цяцерын і Лукашэнка неаднаразова гулялі ў пары, у тым ліку супраць расійскіх палітыкаў. У 1997 годзе Аляксандр Лукашэнка стварыў аматарскую каманду па хакеі, і Цяцерын быў адным з першых гульцоў у гэтай камандзе, гуляючы на розных пазіцыях. У 1996 годзе Цяцерын стаў намеснікам міністра спорту і турызму. У 2003 годзе ізноў стаў капітанам мужчынскай зборнай на кубку Дэвіса. Пэўны час Цяцерын займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе Аляксандр Лукашэнка, незадаволены вынікамі выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе, рэзка раскрытыкаваў Цяцерына і звольніў яго з НАК.

Мяркуецца, што Цяцерын актыўна заняўся бізнесам пасля адпраўлення ў адстаўку з пасады віцэ-прэзідэнта НАКа Аляксандрам Лукашэнкам за няўдалую Лонданскую Алімпіяду. Крыніца выдання tut.by заявіла пра выкарыстанне Цяцерыным напрацаваных сувязяў. Праз некалькі гадоў выданне «Ежедневник» уключыла Цяцерына ў топ-200 найбольш паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі.

«БелГлобалГарант», кампанія Цяцерына і былога члена праўлення тэніснай федэрацыі Рамана Бугайца, займаецца імпартам харчоў, а ў 2015 годзе атрымала ліцэнзію на імпарт алкаголю — віскі, віна, каньяку, вермуту (невялікі спіс спецімпарцёраў алкаголю зацвярджае Аляксандр Лукашэнка). У 2021 годзе «БелГлобалГарант» атрымаў права на рэалізацыю буйных дэвелаперскіх праектаў у Мінску — будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу на праспекце Пераможцаў, жылой забудовы пляцоўкі аўтарынка ў мінскай Малінаўцы і, праз даччынае ТАА «Плазма Строй», жылой забудовы на пляцоўцы прызначанага да зносу станкабудаўнічага завода імя Кірава.

Цяцерын з’яўляецца саўладальнікам кампаній «Трио Медиа», «Алькасар Медиа Сервис» і «ВиАйБел», якія ў сярэдзіне 2010-х гадоў прадавалі рэкламу на 15 тэлеканалах і 5 радыёстанцыях, у тым ліку мелі некалькі эксклюзіўных кантрактаў у гэтай сферы. У 2019—2020 гадах дзяржаўныя тэлеканалы запусцілі ўласныя структуры па вымярэнні аўдыторыі тэлеканалаў і размяшчэнні рэкламы, што прывяло да прыпынення дзейнасці «Алькасар Медиа Сервис» і пераходу яе супрацоўнікаў у «Трио Медиа». Іншы актыў Цяцерына ў медыябізнесе — 40 % у кампаніі «ТНТ-International» (кіруе вяшчаннем тэлеканала ТНТ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь).

Шматпрофільная кампанія «БелГлобалСтарт» Цяцерына займаецца продажам мэбляў, харчоў, спартыўнага харчавання, жывёлагадоўчых кармоў. Падчас чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які праходзіў у Мінску, кампанія Цяцерына была афіцыйным аператарам грамадскага харчавання. Кампанія «БелГлобалСтар» Цяцерына валодае сеткай бараў «Blockbuster» у мінскіх кінатэатрах, вінным барам «Свободы, 4», вырабляе папкорн. У гэтай кампаніі дырэктарам па камерцыйных пытаннях працуе дачка Цяцерына Таццяна (паводле іншай інфармацыі, яна валодала паловай кампаніі). Восенню 2020 года супрацоўнікі вінннага бара «Свободы, 4» далучыліся да забастоўкі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту; па загадзе Лукашэнкі ў пратэстуючыя ўстановы былі накіраваны правяраючыя, якія дамагліся закрыцця ўстановы. Кампанія «БелПакСнаб», што належыць Цяцерыну, планавала арганізаваць экспарт беларускіх трактароў у Пакістан, але праз карупцыйны скандал з удзелам пакістанскага партнёра праект быў адменены.

Да 3 жніўня 2021 года займаў пасаду старшыні Беларускай федэрацыі тэніса. Пэўны час кіраваў таксама Беларускім лыжным саюзам. У 2020 годзе раскрытыкаваў спартсменаў, якія падтрымалі масавыя пратэсты, заявіўшы пра тое, што яны маюць вярнуць грошы, выдаткаваныя на іх падтрыхтоўку. У 2010-я гады працягваў гуляць за хакейную каманду Аляксандра Лукашэнкі.

Па сцвярджэнні Беларускага расследавальніцкага цэнтра, падкантрольная Цяцерыну кампанія «БелГлобалГарант» атрымала эксклюзіўнае права на імпарт прадуктаў з Еўрасаюза, у тым ліку шакаладу Ritter Sport, насуперак беларускім контрсанкцыям на еўрапейскія прадукты. З 2023 года «БелГлобалГарант» выконвае абавязковую платную працэдуру дэзінфекцыі аўтатранспарту на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Цяцерын рэгулярна суправаджае Аляксандра Лукашэнку на паказальных мерапрыемствах (зборы ўраджаю, касьбе і інш.). Некаторыя СМІ паведамляюць пра добрыя адносіны між Цяцерыным і малодшым пазашлюбным сынам Лукашэнкі Мікалаем. Цяцерын дарыў дарагія машыны атачэнню Лукашэнкі і яму самому. Таксама Цяцерын набыў за сімвалічную суму і атрымаў ад мясцовых уладаў некалькі зямельных участкаў і прадпрыемстваў на малой радзіме Лукашэнкі — ў Копысі, Александрыі і Хімах.

З’яўляецца ганаровым консулам Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь. Офіс ганаровага консула Цяцерын адкрыў у вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, на радзіме Аляксандра Лукашэнкі.

Міжнародныя санкцыі 21 чэрвеня 2021 года Цяцерын унесены ў санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза, паколькі «уваходзіць у найбліжэйшае кола Лукашэнкі». 6 ліпеня да гэтага пакета санкцый далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, а 7 ліпеня — і Швейцарыя.

Спасылкі Как человек, научивший Лукашенко играть в теннис, стал влиятельной персоной

Катэгорыя:Прадпрымальнікі Беларусі Катэгорыя:Тэнісісты Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі БДУФК Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Персанальныя санкцыі Швейцарыі супраць Беларусі Катэгорыя:Кіраўнікі тэнісных арганізацый Катэгорыя:Старшыні нацыянальных спартыўных федэрацый Беларусі Катэгорыя:Ганаровыя консулы