Audi A4 DTM — гоначныя аўтамабілі маркі Audi. Выкарыстоўваліся ў чэмпіянаце DTM у 2004—2011 гады. За восем сезонаў гоншчыкі Audi перамаглі ў 34 гонках і заваявалі пяць чэмпіёнскіх тытулаў (у 2004, 2007, 2008, 2009, 2011 гады).
Будова Аўтамабілі чэмпіянату DTM прадстаўляюць сабой гоначныя , якія толькі вонкава падобныя на дарожныя Audi A4. Асновай машыны з’яўляецца трубчасты каркас з вугляпластыкавым монакокам і ўдарнымі элементамі з вугляпластыку спераду і ззаду. Дах разам са стойкамі ўзяты ад серыйнай мадэлі, астатняя частка корпуса выраблена з пластыку. Агулам, без уліку рухавіка і трансмісіі, Audi A4 DTM складаецца прыкладна з 6000 дэталяў.
Кузаў мае прапрацаваную аэрадынаміку з маленькімі крыльцамі на вуглах пярэдняга бампера, жабрамі на пярэдніх крылах і багатым апярэннем ззаду. Пад пярэднім абцякальнікам знаходзяцца паветраводы. Адным з іх з’яўляецца калектар, які падае паветра ў рухавік. Астатнія паветраныя каналы служаць аэрадынаміцы і забяспечваюць прыціскную сілу. Ззаду ўсталявана падвойнае антыкрыло.
Рухавік — V8, з вуглом развалу цыліндраў 90°, з сухім картарам, па чатыры клапаны на цыліндр, без наддзімання. Упырск паліва абсталяваны сістэмай кіравання Bosch MS 2.9. Аб’ём — 4,0 л., магутнасць — каля 460 к.с., круцільны момант — звыш 500 Н·м. Рэгламент патрабаваў наяўнасці двух абмежавальнікаў расходу паветра, кожны дыяметрам 28 мм. Таксама, у адпаведнасці з рэгламентам, рухавік без вадкасцяў і выпускных калектараў павінен быў важыць не менш за 165 кілаграмаў.
Каробка перадач — шасціступеньчатая, секвентальная. Счапленне — двухдыскавае, з вугляроднага валакна. Прывад — задні. Дыферэнцыял — рэгуляваны, шматдыскавы, падвышанага трэння.
Рулявое кіраванне ажыццяўляецца рэечным механізмам з сервапрывадам. Падвеска — спераду і ззаду незалежная, на падвойных папярочных рычагах са штурхачом, спружынна-амартызуючым блокам і рэгуляванымі газавымі амартызатарамі. Тармазная сістэма — гідраўлічная, двухконтурная. Тармазныя супарты — з лёгкага металу, тармазныя дыскі — з вугляроднага валакна з унутранай вентыляцыяй. Размеркаванне тармазных высілкаў бесступеньчата рэгулюецца пілотам. Дыскі — , каваныя, алюмініевыя, спераду: 10x18 цаляў, ззаду: 11x18 цаляў. Шыны — Dunlop SP Sport Maxx, пярэднія: 265/660 R18, заднія: 280/660 R18. У сезоне 2011 года выкарыстоўваліся шыны Hankook.
Каб дасягнуць размеркавання вагі 48 % спераду і 52 % ззаду, рухавік усталяваны за пярэдняй воссю, а пілот сядзіць далёка ззаду — за сярэдняй стойкай. Для спрашчэння пасадкі ў машыну руль здымаецца. Сядзенне не рэгулюецца, а індывідуальна падганялася пад гоншчыка.
Перад пілотам над рулём знаходзіцца інфармацыйны дысплей. Ён змяшчае тахометр, таймер круга, спідометр, а таксама паказвае вадзіцелю на якой перадачы ён зараз едзе. Над экранам загараюцца індыкатары пераключэння перадач, а пра блакіроўку колаў сігналізуюць лямпы абапал. На рулі размешчана схема трасы і некалькі кнопак. Злева: чорная кнопка радыёсувязі з камандай, жоўтая — абмежавальнік хуткасці на піт-лейн; справа: сіняя — уключэнне святла, зялёная — кіруе помпай для пітной вады. За рулявым колам размешчаны пялёсткі: левы пераключальнік актывізуе ручны тормаз пры старце з месца, правы адказвае за астуджэнне тармазнога супарта. Справа ад месца кіроўцы знаходзяцца рычаг пераключэння перадач і цэнтральная кансоль з блокам пераключальнікаў. На ёй ёсць некалькі паваротных рэгулятараў і кнопак. З іх дапамогай пілот можа, апроч іншага, рэгуляваць тармазны баланс і яркасць дысплея, а таксама актываваць вогнетушыльнік. Таксама тут размешаныя галоўны выключальнік электрычнай сістэмы; кнопкі запальвання і стартара; уключальнік лямпы, якая папярэджвае пілотаў ззаду на стартавай рашотцы, што рухавік заглух.
Электронных асістэнтаў, якія маглі б дапамагаць пілоту, няма.
Даўжыня — 4800 мм, шырыня — 1850 мм, вышыня — 1200 мм. Ёмістасць паліўнага бака — 70 л. Уласная вага аўтамабіля менш 1000 кг, але дадатковым баластам даводзілася да вызначанай рэгламентам велічыні.
Мадыфікацыі
R11
Audi A4 DTM R11 — першая версія, пабудаваная ў адпаведнасці з новым тэхнічным рэгламентам, які з 2004 года прадугледжваў пераход ад двухдзверных купэ да чатырохдзверных седанаў. Новы аўтамабіль быў распрацаваны Audi Sport пад кіраўніцтвам Вольфганга Апеля (кіраўнік аддзела інжынірынга), (адказны за распрацоўку рухавіка) і Стэфана Айхера (кіраўнік праекта). Рухавік з’яўляецца далейшым развіццём матора, які стаяў на Abt-Audi TT-R. Ад папярэдніка былі запазычаныя таксама і каробка перадач, каркас бяспекі і тармазы. У аэрадынаміцы былі выкарыстаны рашэнні, раней рэалізаваныя на спартыўных прататыпах Audi R8. Публічная прэм’ера адбылася ў канцы сакавіка 2004 года, першай гонкай новага аўтамабіля стаў этап у Гокенгайме.
R12
З выхадам на рынак новага пакалення серыйнай Audi A4 быў распрацаваны і новы аўтамабіль DTM для сезона 2005 года. Пад новы дызайн рашоткі радыятара была зменена канструкцыя паветраных каналаў у пярэдняй частцы. Разам з гэтым, была агулам аптымізавана аэрадынаміка машыны. Прадугледжанае рэгламентам зніжэнне эфектыўнасці задняга антыкрыла шмат у чым было кампенсавана інжынерамі Audi. Асноўнымі напрамкамі дапрацоўкі шасі сталі зніжэнне вагі, паніжэнне цэнтра цяжару і паляпшэнне размеркавання вагі. Машыну стала прасцей наладжваць для розных трас. Для пілотаў павысілі ўзровень камфорту, у прыватнасці, папрацавалі над зніжэннем тэмпературы ў кабіне. Шэраг дэталяў рухавіка быў удасканалены, што павялічыла магутнасць, асабліва ў ніжнім і сярэднім дыяпазонах абаротаў.
R12 plus
На сезон 2006 года далейшая распрацоўка машын была абмежавана, каб палегчыць нагрузку на бюджэт каманд. Прасторавая рама, каркас бяспекі, канструкцыя пярэдняй і задняй часткі кузава, трансмісія і картар счаплення заставаліся такімі ж, як у мінулым годзе.
R12 plus вонкава амаль не адрозніваецца ад мадэлі 2005 года. Пад абцякальнікам адрозненняў больш. Было перайначана размеркаванне паветра праз маторны адсек і пад ім. Абноўленая машына таксама атрымала палепшаны рухавік з большым круцільным момантам. У прыватнасці, былі перапрацаваны картар і галоўка блока цыліндраў, у сістэме астуджэння выкарысталі ноў-хаў спортпрататыпа Audi R8.
R13
Абвешчаная ў канцы 2005 года замарозка распрацоўкі ў значнай ступені была адменена ў 2007 годзе. Кузаў застаўся такім самым, як у папярэдняй версіі, але аэрадынаміка, шасі і рухавік былі ўдасканаленыя. Пікавая магутнасць не змянілася, але і магутнасці, і круцільнага моманту стала даступна больш ва ўсім дыяпазоне абаротаў. Гэта было дасягнута дзякуючы зніжэнню ўнутранага трэння. Быў паніжаны цэнтр цяжару. Аэрадынаміку аптымізавалі дзеля дасягнення яшчэ большай прыціскной сілы і паляпшэння каэфіцыента аэрадынамічнага супору. У шасі выкарысталі новыя амартызатары, а пад новыя шыны іначай рэгулявалі падвеску. Audi A4 DTM R13 быў прадстаўлены ў Іспаніі ў канцы лютага 2007 года. Вонкава гэтае пакаленне можна адрозніць ад мадэлі 2006 года па новых паветраводах у пярэдняй частцы.
R14
Распрацоўка новай версіі з індэксам R14 пачалася ў сакавіку 2007 года. Афіцыйнае прадстаўленне адбылося на Жэнеўскім аўтасалоне ў пачатку сакавіка 2008 года. Машына атрымала вонкавы выгляд новага пакалення Audi A4 — Audi A4 B8. R14 таксама адрозніваецца больш складанай аэрадынамікай задняй часткі.
R14 plus
Пры распрацоўцы шостай мадыфікацыі Audi A4 DTM, якая атрымала індэкс R14 Plus, было ўнесена больш за 80 змен. Аптымізавалі накіраванне паветранага патоку вакол аўтамабіля, дыфузара і праз маторны адсек. Прыток свежага паветра да рухавіка быў палепшаны дзякуючы новай упускной камеры. Было дасягнута лепшае размеркаванне круцільнага моманту. Адно са шматлікіх іншых удасканаленняў датычыцца больш аптымальнай цыркуляцыі масла. Брытанскі вытворца «AP Racing», які быў пастаўшчыком для ўсіх аўтамабіляў DTM, да сезона 2009 года падрыхтаваў палегчаныя тармазныя супарты. Заўважнай асаблівасцю R14 Plus было антыкрыло, якое цяпер мацавалася наверсе багажніка.
Кошт аўтамабіля складаў каля 800 000 еўра.
Са жніўня 2009 года (пасля гонкі на Нюрбургрынгу) далейшае развіццё машын было замарожана. Больш не дазвалялася змяняць аэрадынаміку, каркас бяспекі, сістэму рулявога кіравання, рухавік, падвеску, але за выключэннем амартызатараў. Змяняць амартызатары забаранілі з 1 сакавіка 2010 года. З моманту спынення распрацоўкі былі даступныя толькі тры розныя канфігурацыі аэрадынамікі, якія можна было выкарыстоўваць у залежнасці ад трасы.
Такім чынам, рэшту сезона 2009 года, а таксама сезоны 2010 і 2011 гадоў аўтамабілі выкарыстоўваліся ў нязменным выглядзе. У 2012 годзе набыў моц новы рэгламент, і Audi перайшла на машыны новага пакалення — купэ Audi A5 DTM.
Удзел у гонках
За восем сезонаў агулам пілоты Audi A4 DTM заваявалі 43 поўл-пазіцыі, усталявалі 31 найхутчэйшы круг, перамаглі ў 34 гонках і заваявалі пяць чэмпіёнскіх тытулаў (у 2004, 2007, 2008, 2009, 2011 гады).
Сезон 2004 года У 2004 годзе Audi прыйшла ў чэмпіянат у якасці завадской каманды. Шэсць Audi A4 DTM спаборнічалі ў гонках з AMG-Mercedes C-класа і Opel Vectra GTS V8. Атрымаўшы чатыры перамогі Маціяс Экстром стаў чэмпіёнам, «Audi Sport Team Abt» выйграла камандны залік, а Audi стала першай сярод вытворцаў.
+ Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2004 года Каманда Шасі № Пілот Audi Sport Team Abt Audi A4 DTM 04 5 Маціяс Экстром 10 4 7 4 1 1 1 0 74 1 6 Марцін Томчык 10 0 4 2 0 1 2 2 39 5 Audi Sport Team Abt Sportsline 11 Крысціян Абт 10 0 0 0 0 3 8 3 1 16 12 Том Крыстэнсан 10 1 2 0 1 2 1 0 43 4 Audi Sport Infineon Team Joest 44 Эмануэле Піро 10 0 0 0 0 10 5 1 11 11 45 Франк Біла 10 0 0 0 0 10 9 2 0 17
Сезон 2005 года У сезоне 2005 года Audi павялічыла колькасць машын да васьмі. «Abt Sportsline» выставіла на старт машыны новай генерацыі, «Joest Racing» — машыны 2004 года выпуску.
Па выніках сезона Экстром заняў другое месца, зноў стаўшы лепшым прадстаўніком маркі, Том Крыстэнсан скончыў сезон на трэцім месцы, аднак тытул чэмпіёна і перамогу ў камандным заліку заваяваў Mercedes.
+ Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2005 года Каманда Шасі № Пілот Audi Sport Team Abt Sportsline Audi A4 DTM 05 1 Маціяс Экстром 11 3 7 1 1 1 1 0 71 2 2 Марцін Томчык 11 0 0 0 1 2 5 3 10 13 Audi Sport Team Abt 5 Том Крыстэнсан 11 0 5 2 0 1 2 1 56 3 6 Алан Макніш 11 0 0 0 0 7 4 1 13 10 Audi Sport Team Joest Racing Audi A4 DTM 04 14 Крысціян Абт 11 0 1 0 0 3 2 2 16 9 15 П’ер Кафер 11 0 0 0 0 5 5 2 5 15 Audi Sport Team Joest 18 Рынальда Капэла 11 0 0 0 0 10 10 4 0 20 19 Франк Штыплер 11 0 0 0 0 5 5 2 8 14
Сезон 2006 года Пасля таго, як марка «Опель» пакінула чэмпіянат, і «Мерседэс», і «Аўдзі» ў сезоне 2006 года павялічылі колькасць машын з 8 да 10, выставіўшы аўтамабілі трох пакаленняў. «Abt Sportsline» мела чатыры машыны новай версіі R12 plus. Каманды «Phoenix» і «Rosberg» удзельнічалі на леташніх машынах. Ціма Шайдэр атрымаў A4 DTM R12, якой раней кіраваў Алан Макніш. Былы аўтамабіль Экстрама перайшоў П’еру Каферу. Крысціян Абт заняў месца за рулём A4, якую ў мінулым годзе пілатаваў Марцін Томчык. Франк Штыплер карыстаўся былым аўтамабілем Тома Крыстэнсана. выставіў сваю каманду, для якой набыў дзве Audi A4 DTM R11 2004 года. Ваніна Ікс дэбютавала на машыне, якую папярэднія два гады вадзіў Крысціян Абт. Другой машынай каманды была A4 DTM R11, на якой Марцін Томчык выступаў у сезоне 2004 года, а ў 2005 годзе ёй карыстаўся П’ер Кафер.
Для аўтамабіляў 2006 года ўстанаўлівалася базавая маса 1070 кг. Акрамя таго, уводзілася правіла гандыкапаў: пасля кожнай перамогі ў наступнай гонцы дадаваліся пяць кілаграмаў, але не больш 20 кг (максімальная маса — 1090 кг). Прайграўшаму вытворцы дазвалялася кожны раз скідаць пяць кілаграмаў баласту, пры гэтым вага не павінна была быць менш 1060 кг. У параўнанні з машынамі апошняй версіі, для аднагадовых аўтамабіляў задалі вагу на дзесяць кілаграмаў менш, для аўтамабіляў узору 2004 года — меней на 50 кілаграмаў.