Карл Юр’евіч Шкільтэр (; , Буртніекская воласць, Валміерскі павет, Ліфляндская губерня, цяпер Латвія — , ГУЛАГ) — гісторык, бібліёграф. Кандыдат гістарычных навук, прафесар.
Біяграфія Нарадзіўся 14 чэрвеня 1891 года ў сям’і рабочага ў Буртніекскай воласці Валміерскага павета Ліфляндскай губерні.
Да рэвалюцыі працаваў на будаўніцтве чыгунак, у абласным спажывецкім саюзе ва Уладзівастоку. Член РСДРП(б) з 1917 года. Прыхільнік ідэй Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, прымаў актыўны ўдзел ва ўсталяванні савецкай улады на Далёкім Усходзе і ў Сібіры.
Удзельнік грамадзянскай вайны, адзін з арганізатараў узброенай барацьбы супраць арміі адмірала А. В. Калчака і японскіх інтэрвентаў.
Скончыў у 1926 годзе Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова ў Маскве. Працаваў сакратаром Цэнтральнай камісіі па даследаванні латышскіх калоній у СССР. Па загадзе партыі накіраваны ў Беларусь.
З 1927 года сакратар Латышскай камісіі Інстытута беларускай культуры, з 1929 года ў Латышскім сектары АН БССР. З 1934 года, пасля аб’яднання акадэмічных нацыянальных секцый у інстытут, загадчык Латышскай секцыі Інстытута нацыянальных меншасцей АН БССР. У 1936 годзе інстытут ліквідаваны, працаваў навуковым супрацоўнікам секцыі Захаду Інстытута гісторыі АН БССР.
У 1930-х гадах працаваў намеснікам дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі і бібліяграфічнага інстытута БССР імя У. І. Леніна, у 1937 годзе быў прызначаны часова выконваючым абавязкі дырэктара.
Арыштаваны 3 снежня 1937 года. Паводле пастановы Асобай нарады НКУС ад 10 верасня 1940 года асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за «шпіянаж на карысць буржуазнай Латвіі». Пакаранне адбываў ва Ухта-Іжэмскім лагеры, дзе і загінуў ад запалення лёгкіх 4 лютага 1941 года. Рэабілітаваны 24 чэрвеня 1957 года.
Навуковая дзейнасць
Карл Шкільтэр арганізатар, кіраўнік і ўдзельнік навуковых экспедыцый па месцах кампактнага пражывання латышскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі з мэтай усебаковага вывучэння становішча латышскіх калоній і збору матэрыялаў па гісторыі, эканоміцы, статыстыцы, дэмаграфіі, этнаграфіі і быце (населеныя пункты Полаччыны і Віцебшчыны, 1929, 1930, 1931 гады). Па выніках экспедыцый было складзена падрабязнае іх апісанне, назапашаны цікавы і каштоўны фотаархіў. Усебаковы аналіз сабранага фактаграфічнага матэрыялу стаў падмуркам выдадзеных у перыяд 1931—1935 гадоў навуковых прац вучонага.
Аўтар публікацый на беларускай, рускай і латышскай мовах па гісторыі Латвіі, нацыянальнай палітыцы ўвогуле і латгальскім нацыянальным пытанні, латышска-беларускіх сувязях, сацыяльна-эканамічным становішчы латышскай меншасці на тэрыторыі Беларусі: «Latkoloniju wēsture» (Масква, 1928), «Грамадзянская вайна і латышскія каланісты» (Менск, 1928), «Latweešu koloniju pētišahas programa» (Менск, 1929), «Латышскія калоніі на Беларусі: гістарычнае развіццё латышскіх сялянскіх гаспадарак» (Менск, 1931), «Pilsoņu karš un latvju kolonisti 1917.-1921. g.g.» (Масква, 1931), «Latgales nacionalais jautajums = Латгальскае нацыянальнае пытанне» (Менск, 1934), «Latvju zemneeks Baltkreevijā pirms un pēc Oktobra revolucijas: vēsturiska monografija = Латышскі селянін на Беларусі да і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі» (Менск, 1935) і інш.
Друкаваўся таксама ў латышскіх і беларускіх часопісах і газетах «Celtne» («Будаўніцтва», часопіс навукі, мастацтва, літаратуры і крытыкі, на латышскай мове, Масква), «Савецкая краіна» (Менск), «Калгаснік Беларусі» (Менск), выступаў з бібліяграфічнымі аглядамі. Быў адказным рэдактарам шэрагу навуковых і публіцыстычных прац. Акрамя навуковай дзейнасці, актыўна займаўся грамадскай працай.
Дзейнасць К. Ю. Шкільтэра ў кантэксце вывучэння латышскага насельніцтва Беларусі даследуюць гісторыкі М. Г. Каралёў і Д. А. Крэнт.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Бібліёграфы Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Латышы ў Беларусі Катэгорыя:Памерлі ад пнеўманіі Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Пасмяротна рэабілітаваныя ў СССР