МЗКЦ-5002 — паўнапрываднае колавае 2-восевае шасі. Вырабляецца Мінскім заводам колавых цягачоў. На базе распрацоўкі створаны тактычны аўтамабіль МЗКЦ-500200.

Гісторыя

Аўтамабіль быў створаны ў рамках праграмы «Застава-МЗКЦ». Двухвосевая мадэль распрацавана па замове Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь для замены ГАЗ-66 і ГАЗ-3308 і прадстаўлена на парадзе ў гонар Дня Незалежнасці 3 ліпеня 2013 года.

Выпрабаванні МЗКЦ-5002 у пагранічных часцях пачаліся ў 2013 годзе.

У лютым 2015 года першая партыя аўтамабіляў паступіла ў Дзяржпагранкамітэт з філіяла завода ў Лідзе.

У 2016 годзе шасі было дапрацавана, былі ўнесены невялікія змены ў канструкцыю.

Канструкцыя Даўжыня машыны, па розных даных, складае 6000 або 7200 мм, вышыня — 2900 мм, шырыня — 2550 мм (дарожны габарыт), кліранс — 400 мм-420 мм. Маса падрыхтаванага аўтамабіля — 6,4 т, грузападымальнасць — 3 т, поўная маса — 9,4 т (раўнамерна размеркавана па дзвюх восях). Падвеска незалежная спружынная. Шыны абсталяваныя сістэмай цэнтральнай падпампоўкі.

На ўзбраенне Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь была прынятая мадыфікацыя з дызельным рухавіком Мінскага маторнага завода Д-245.30 магутнасцю 156 к. с.; завод таксама можа камплектаваць аўтамабіль рухавіком ЯМЗ-53452 (215 к. с.).

Кабіна двухмесцавая каркасна-панэльная, адкідальная, абсталявана сістэмай ацяплення і кранштэйнамі для мацавання асабістай зброі. Грузавая платформа бартавая тэнтаваная, маюцца назіральныя вокны, вентыляцыйныя клапаны, адкідныя лаўкі, святлодыёднае асвятленне. Аўтамабіль можа перавозіць 21 чалавека.

Заўвагі

Катэгорыя:Аўтамабілі 2010-х Катэгорыя:Аўтамабілі, прадстаўленыя ў 2015 5002