Паўно́чна-ўсхо́дні дыяле́кт белару́скай мо́вы — адно з двух буйных этнагенетычных тэрытарыяльных аб’яднанняў блізкароднасных паміж сабою гаворак у складзе асноўнага масіву беларускай дыялектнай мовы.
Гісторыя фарміравання Паўночна-ўсходні дыялект з’яўляецца спадкаемцам старажытнага ўсходнеславянскага племяннога дыялекту смаленска-полацкіх крывічоў і вынікам яго структурнага развіцця і змянення. Пры гэтым адбылася яго пэўная адаптацыя да мясцовых балцкіх дыялектных папярэднікаў пры іх асіміляцыі, а таксама і ўзаемадзеянне з гаворкамі паўднёва-заходняга беларускага дыялекту, якія фарміраваліся на аснове племяннога дыялекту старажытных дрыгавічоў і пашыраліся на поўнач. Племянному дыялекту смаленска-полацкіх крывічоў належыць значная роля ў фарміраванні асаблівасцей сучасных дыялектаў рускай нацыянальнай мовы, асабліва паўднёварускага.
Зона распаўсюджвання Па сваіх асаблівасцях паўночна-ўсходні дыялект адрозніваецца шэрагам моўных рыс ад паўднёва-заходняга дыялекту і супрацьпастаўляецца яму тэрытарыяльна. Пашыраны на паўночным усходзе Беларусі, паўднёвая мяжа праходзіць прыблізна па лініі ад Свіры на паўночным захадзе да Бягомля і далей на паўднёвы ўсход да Бабруйска і Гомеля. Гаворкі мясцовых жыхароў на акрэсленай тэрыторыі адрозніваюцца ад іншых беларускіх гаворак шматлікімі асаблівасцямі на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы.
Класіфікацыя У межах паўночна-ўсходняга дыялекту большасць навукоўцаў вылучаюць 3 асобныя групы гаворак: усходнемагілёўскую; віцебскую; полацкую.
Яны адрозніваюцца паміж сабою некаторымі моўнымі рысамі фанетычнага, граматычнага і лексічнага характару.
Асаблівасці
Фанетыка Дысімілятыўнае аканне ў першым пераднаціскным складзе пасля цвёрдых зычных. Пры гэтым тыпе акання ў першым складзе перад націскам галосны гук [а] на месцы [а], [о], [э] вымаўляецца тады, калі ў наступным складзе пад націскам знаходзіцца любы галосны гук, акрамя [а]. Калі ж пад націскам [а], то ў першым складзе перад націскам на месцы [а], [о], [э] вымаўляецца не галосны [а], як у літаратурнай мове, а гукі [ы], [ъ]: [вады́], [наγ’і́], [травы́], [ваду́], [наγу́], [траву́], [вадо́й], [наγо́й], [траво́й], [ваz’э́], [наз’э́], [трав’э́], але [въда́] або [выда́], [нъγа́] або [ныγа́], [тръва́] або [трыва́]. Дысімілятыўнае яканне ў першым пераднаціскным складзе, гэта значыць вымаўленне гука [і] у першым складзе перад націскам на месцы [а], [о|, [э], калі ў наступным складзе перад націскам выступае гук [а]. Калі ж пад націскам любы іншы галосны гук, акрамя [а], то ў першым складзе перад націскам пасля мяккіх зычных на месцы [а], [о], [э] вымаўляецца |а]: [з’амл’і́], [в’асны́], [з’амл’о́й], [в’асно́й], [з’амл’у́], [в’асну́], але [з’імл’а́], [в’існа́]. Галосны гук [е] пад націскам у адпаведнасці з былым ѣ: [л’эс], [л’э́та], [у⁀ваz’э́]. Галосны гук [о] пад націскам у закрытых складах: год, кот, паро́г, сало́дкі, садо́ў. Ужыванне ў розных лексіка-граматычных умовах як цвёрдага зычнага гука [р], так і мяккага [р’]: [ры́ба], [рак], [рука́], [гр’і́ва], [пр’а́ма], [кр’ук]. Падаўжэнне зычных у адпаведнасці з ранейшым спалучэннем падобных непадоўжаных зычных з [й], гэта значыць наяўнасць у становішчы паміж галоснымі гукамі спалучэнняў аднолькавых мяккіх або цвёрдых зычных: [суz’:а́], [в’ас’э́л’:э], [с’н’іда́н’:э], [кас’:о́], [збо́ж:а], [су́ч:а], [зац’і́ш:а], у тым ліку і ў новай, запазычанай лексіцы: [гр’іл’:а́ж], [зас’іда́н’:а]. Асіміляцыя зычных у спалучэнні [дн]: [ан:а́] — анна́, [тру́н:а] — тру́нна, [хало́н:а] — хало́нна, [спан’:і́ца] — спанні́ца. Захаванне элементаў цокання, гэта значыць ужыванне зычнага гука [ц] на месцы [ч]: [дацка́], [п’э́цка], [ца́ста], [цо́рны]. Паслядоўнае вымаўленне зычнага гука [в] перад націскнымі галоснымі [у], [о] у пачатку слова або пасля галоснага ў сярэдзіне яго: ву́ха, ву́ліца, во́ка, Во́рша, [паво́дл’а], паву́к.
Марфалогія
Назоўнік У назоўніках мужчынскага роду пад націскам канчатак -ам у давальным склоне (дуба́м, брата́м, куста́м) і -ах у месным склоне множнага ліку (у дуба́х, [пъ⁀бръта́х], у куста́х). У канструкцыях з вінавальным склонам, як і ў літаратурнай мове, формы неадушаўлёных назоўнікаў вінавальнага склону супадаюць з назоўным склонам: знайшо́ў грыб, назу́біў серп. Наяўнасць формы назоўнікаў жаночага роду ў творным склоне адзіночнага ліку з канчаткамі -ой, -ай: гаро́й, сцяно́й, ха́тай, ва́тай. Ужыванне назоўнікаў ніякага роду ў назоўным склоне множнага ліку з канчаткам -ы, (-і): бало́ты, во́кны, палі́, дзе́ці. Ужыванне назоўнікаў мужчынскага роду ў назоўным склоне множнага ліку з канчаткам -ы, (-і): гады́, нажы́, стагі́, [къвал’і].
Прыметнік і займеннік Пераважнае пашырэнне канчаткаў -ой (-ъй) у прыметніках і займенніках у творным склоне адзіночнага ліку жаночага роду: круто́й, той, [йой], [но́въй], [ус’а́къй]. Канчатак -ым(-ім) у месным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду ў прыметніках і займенніках: на круты́м, у маі́м, у тым. Наяўнасць у прыметніках мужчынскага роду ў назоўным склоне адзіночнага ліку канчаткаў -ый (-ій), -эй (-ей): стары́й, злый, сі́ній, кре́пкій, сляпэ́й, таўстэ́й, глухе́й, плахе́й.
Дзеяслоў Супадзенне формаў дзеясловаў першага і другога спражэнняў у трэцяй асобе адзіночнага ліку і ўжыванне іх з фіналлю -ць: ідзе́ць, бярэ́ць, пі́шыць, ка́жаць. Наяўнасць ў першай асобе множнага ліку дзеясловаў загаднага ладу канчатка -ом (-ём): нясём, дадзём, ядзём. Адсутнасць [л’] пасля губнога зычнага асновы ў асабовых формах дзеясловаў цяперашняга часу першага спражэння: сы́пеш, сы́пім, сы́пюць. Дзеясловы другога спражэння ў трэцяй асобе множнага ліку не пад націскам маюць канчатак -уць (-юць): ка́жуць, рэ́жуць, хо́дзюць, во́зюць. Дзеясловы з нерухомым націскам на канчатку ў форме другой асобы множнага ліку маюць канчатак -о (-ё): ідзіцё, глядзіцё. Часціца -ся ў зваротных дзеясловах: смія́ліся, купа́ліся. Ужыванне скарочанага суфікса ў інфінітыўных формах дзеяслова: несь, клась, або несць, класць.
Акцэнталогія У галіне акцэнталогіі гаворкам паўночна-ўсходняга дыялекту ўласціва перамяшчэнне націску да канца слова ў назоўніках (аму́т, скірда́, зярно́), прыметніках (акуратны́, блізкі́, прасты́, сыты́, таўсты́), прыслоўях (вінно́, даясна́, навідку́, пешака́, ціхама́) і да пачатку слова ў некаторых дзеясловах (заро́біць, збе́руць, по́рацца, ро́біць, ле́чыць).
Лексіка У галіне лексікі — ужыванне спецыфічных слоў (ву́тка ‘качка’, пу́ня ‘будынак для захоўвання сена’, ла́пік ‘заплатка; невялічкі кавалак зямлі’, дзірва́н, абло́га ‘назвы ворнай зямлі, якая некалькі гадоў не апрацоўвалася’).
Літаратура
Катэгорыя:Паўночна-ўсходні дыялект беларускай мовы