Іспанскае пытанне () — праблема адносін паміж Франкісцкай Іспаніяй і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у перыяд з 1945 па 1955 год.

Перадгісторыя У 1936—1939 гадах у Іспаніі ішла грамадзянская вайна, перамогу ў якой атрымаў Франсіска Франка, шмат у чым дзякуючы нямецкай і італьянскай падтрымцы.

З пачаткам Другой сусветнай вайны рэжым Франка абвясціў нейтралітэт. На фоне перамог Германіі ў Еўропе ў 1940 годзе іспанскія войскі занялі міжнародную зону Танжэр. Яна была ўключана ў іспанскі пратэктарат Марока. Падчас нямецка-савецкай вайны Іспанія накіравала на Усходні фронт падраздзяленне добраахвотнікаў — так званую «Блакітную дывізію».

У 1943 годзе, калі поспех спадарожнічаў антыгітлераўскай кааліцыі, Франка перайшоў да строгага выканання нейтралітэту і адклікаў Блакітную дывізію.

З-за сімпатый афіцыйнага Мадрыда да краін Восі пасля вайны Іспанія трапіла ў міжнародную ізаляцыю.

Міжнародная ізаляцыя На канферэнцыі 1945 года ў Сан-Францыска, па ініцыятыве дэлегацый Аўстраліі і Мексікі, была прынятая прапанова, паводле якой Іспанія не магла стаць членам ААН, паколькі яе рэжым усталяваны сілавым спосабам. Гэта рашэнне збольшага пралабіравана прадстаўнікамі Іспанскай рэспубліканскай партыі, што ў час грамадзянскай вайны выступала супраць прыхільнікаў Франка.

На Патсдамскай канферэнцыі тры дзяржавы-пераможцы (Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія і Савецкі Саюз) заявілі, што не прымуць краіну ў ААН пры яе цяперашнім кіраўніцтве.

У ААН пытанне Іспаніі было закранута па ініцыятыве польскай дэлегацыі. 29 красавіка 1946 года Савет Бяспекі прыняў рэзалюцыю 4, у якой адзначыў сваё «аднадушнае маральнае асуджэнне рэжыму Франка»United Nations Security Council Resolution 4.

У перыяд з мая па чэрвень 1946 года Савет Бяспекі правёў даследаванне палітычнай сітуацыі ў Іспаніі, у выніку чаго прыйшоў да наступных высноў: Рэжым Франка, які ўсталяваны пры падтрымцы Германіі і Італіі, меў фашысцкі характар; Мадрыд дапамог дзяржавам Восі, накіраваўшы Блакітную дывізію ў Савецкі Саюз і захапіўшы Танжэр у 1940 годзе.

12 снежня 1946 года Генасамблея прыняла рэзалюцыю 39, якая выключыла ўрад Іспаніі з міжнародных арганізацый і канферэнцый пад эгідай ААН. Акрамя таго, рэзалюцыя рэкамендавала Савету Бяспекі прыняць неабходныя меры, калі на працягу «разумнага часу» не будзе створаны новы ўрад. Рэкамендавалася неадкладна адклікаць паслоў, акрэдытаваных у краіне. Рэзалюцыя была прынятая 34 галасамі «за», 6 «супраць», 13 устрымаліся, 1 не галасаваў. Гэта зрабіла немагчымым удзел афіцыйнага Мадрыда ў міжнародных справах.

Аднак дадзеныя санкцыі не паўплывалі ні на ўнутраную абстаноўку ў краіне, ні на яе міжнародныя сувязі. Некаторыя дзяржавы (асабліва Аргенціна) не выканалі рэкамендацыі аб адкліканні сваіх паслоў, а многія іншыя проста пакінулі свае дэлегацыі ў якасці часовых павераных.

Змена становішча Ва ўмовах Халоднай вайны геаграфічнае становішча і антыкамуністычная палітыка краіны прымусілі заходнія дзяржавы змяніць сваё стаўленне да Франка. Пазней Джярждэпартамент ЗША заявіў, што рэзалюцыя 39 была правальнай. Тым не менш, франкісцкі рэжым працягвалі асуджаць. Злучаныя Штаты нават выключылі Іспанію з плана Маршала і не запрасілі яе ў НАТА.

4 лістапада 1950 года Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю 386, якая адмяніла рэкамендацыю аб адкліканні паслоў і забарону Іспаніі быць членам міжнародных устаноў, створаных або звязаных з ААН. Рэзалюцыя была прынятая 38 галасамі «за», 10 «супраць», 12 устрымаліся.

Рэзалюцыя 386 праклала шлях для далучэння дзяржавы да сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Працэс пачаўся ў 1951 годзе з уключэння краіны ў Сусветны паштовы саюз, Міжнародны саюз электрасувязі і СААЗ. Цалкам ён быў завершаны ўступленнем Іспаніі ў ААН 14 снежня 1955 года.

Гл. таксама Іспанія ў Другой сусветнай вайне

Заўвагі

Спасылкі

Катэгорыя:Наступствы Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Знешняя палітыка Іспаніі Катэгорыя:Гісторыя Іспаніі Катэгорыя:Арганізацыя Аб’яднаных Нацый