VII Усебеларускі народны сход — найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае «стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду». Створаны рэжымам Лукашэнкі для замацавання ўласнай улады ў краіне падчас палітычнага крызісу 2020-х гадоў шляхам ператварэння агульнага сходу прадстаўнікоў урада і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, які існаваў з 1996 года, у т.зв. «орган народаўладдзя». Адпаведны статус быў замацаваны зменамі ў Канстытуцыю Беларусі, унесенымі рэжымам у лютым 2022 года.

Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь на падставе рашэнняў абласных Саветаў дэпутатаў, рашэнняў вышэйшых органаў суб’ектаў грамадзянскага грамадства 16 красавіка 2024 года зацвердзіла вынікі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.

Ад мясцовых Саветаў дэпутатаў у склад Усебеларускага народнага сходу абрана 290 дэлегатаў, з іх: 52 дэлегаты ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Брэсцкай вобласці; 44 дэлегаты ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Віцебскай вобласці; 55 дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Гомельскай вобласці; 38 дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Гродзенскай вобласці; 60 дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Мінскай вобласці; 41 дэлегат ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Магілёўскай вобласці; 60 дэпутатаў ад Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Ад суб’ектаў грамадзянскай супольнасці ў склад Усебеларускага народнага сходу выбраны 400 дэлегатаў, з іх па 80 дэлегатаў ад кожнага з суб’ектаў грамадзянскай супольнасці: Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў; Грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»; Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын»; Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь»; Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу таксама з’яўляюцца: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь; прадстаўнікі заканадаўчай улады (члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь); прадстаўнікі выканаўчай улады (Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь, яго намеснікі і іншыя члены Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь; старшыні абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў; старшыні раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) выканаўчых камітэтаў); прадстаўнікі судовай улады (Старшыня, намеснік Старшыні і суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь; Старшыня, намеснікі Старшыні і суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь).

Першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу сёмага склікання прайшло 24—25 красавіка 2024 года ў горадзе Мінску.

Ад мясцовых Саветаў дэпутатаў