Васі́ль Алякса́ндравіч Пашко́ў (; ) — расійскі рэлігійны дзеяч. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік руху евангельскіх хрысціян Расіі.
Біяграфія Васіль Пашкоў належаў да дваранскага роду Пашковых, які паходзіць ад паляка Рыгора Пашкевіча, што прыехаў у Масковію за часам Івана Грознага. Бацька, Аляксандр Пашкоў, даслужыўся да генеральскага чыну расійскага войска. Васіль нарадзіўся, калі бацька душыў паўстанне на землях Рэчы Паспалітай. Меў яшчэ дзвюх сёстраў — Кацярыну і Вольгу. У 1849 годзе скончыў Пажаскі корпус і залічаны ў кавалергардскі полк карнетам. У 1858 годзе звольнены, за гады службы атрымаў ордэн Святога Станіслава 3-й ступені і медаль «У памяць вайны 1853—1856» на Андрэеўскай стужцы за ўдзел у Крымскай вайне.
Дзякуючы шлюбу з Аляксандрай Чарнышовай-Круглікавай павялічыў родавыя ўладанні маёнткамі Чарнышовых у Маскоўскай і Санкт-Пецярбургскай губернях. Валодаў трынаццаццю маёнткамі ў розных губернях, а таксама чатырма заводамі па выплаўцы медзі на Урале.
Пасля прыезду ў Пецярбург англійскага лорда Грэнвіля Рэдстака навярнуўся ў евангельскае хрысціянства, а праз некалькі гадоў пераняў пасля Рэдстака кіраўніцтва рухам «рэдстакістаў». У доме Пашковых ладзіліся евангелізацыйныя сходы. Удзельнікі руху адчынялі танныя смаі для студэнтаў, гарбатні для рабочых, начоўкі для бяздомнікаў, майстэрні для жанчын, школы для бедных дзяцей, выдавалі хрысціянскую літаратуру, распаўсюджвалі Новы Запавет. У 1884 годзе Пашкоў разам з іншым паслядоўнікам лорда Рэдстака Мадэстам Корфам склікалі ў Пецярбургу сход прадстаўнікоў розных пратэстанцкіх дэнамінацый дзеля аб’яднання. Аднак праз 6 дзён усіх дэлегатаў арыштавала паліцыя.
Пасля далучэння да евангельскага руху простага люду Руская праваслаўная царква назвала пашкоўцаў «сектантамі» і «ератыкамі» і пачала патрабаваць ад уладаў прыняць меры супраць пропаведзяў Пашкова. З 1878 года жандармерыя спрабавала абмежаваць евангелісцкія сходы. Кульмінацыяй стаў разгон з'езду 1884 года: Васіль Пашкоў і Мадэст Корф былі вымушаны эміграваць з Расіі. Жыў спачатку ў Лондане, шмат вандраваў па Брытаніі, Францыі, Аўстрыі, Італіі, Германіі. Памёр у Парыжы, пахаваны на пратэстанцкіх могілках у Рыме.
Сям’я Жонка — графіня Аляксандра Чарнышова-Круглікава, фрэйліна імператарскага двара, старэйшая дачка ўдзельніка вайны 1812 года палкоўніка Івана Круглікава і графіні Соф'і Чарнышовай. Разам з сястрой Лізаветай яна далучылася да руху Грэнвіля Рэдстака і пазнаёміла з ім свайго мужа.
У шлюбе мелі сына Аляксандра і трох дачок — Соф'ю, Вольгу і Марыю.
У 1886 годзе Аляксандра паехала з дзецьмі да мужа ў эміграцыю. Удавеўшы, вярнулася з дочкамі Вольгай і Марыяй у Расію. Памерла ў Францыі, пахаваная ў Версалі.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Евангельскія хрысціяне Катэгорыя:Рэлігійныя эмігранты Катэгорыя:Выпускнікі Пажаскага корпуса Васіль Аляксандравіч Катэгорыя:Кавалергарды