Паву́к — прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыцыйнае ўпрыгожанне інтэр’ера беларускага народнага жылля. Павукоў падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце).

Найбольш пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напрыклад, утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш.

У аснове рамбічнага павука 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі павука меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага павука, — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў.

Зорчатыя павукі мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама павукі накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі.

Арыгінальны павук пачатку 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў.

Выйшлі з народнага ўжытку ў 1950-я гг. Вырабляюцца сувенірныя павукі.

У іншых краінах Традыцыя стварэння саламяных падвесных канструкцый характэрная для многіх народаў Паўночнай і Усходняй Еўропы, дзе вырошчванне збожжавых культур адыгрывала ключавую ролю ў жыцці.

У Скандынавіі і краінах Балтыі гэтыя ўпрыгажэнні вядомыя як himmeli (ад германскага Himmel — неба). Фінскія хімелі адрозніваюцца строгай геаметрыяй і мінімалізмам. Раней іх рабілі пасля жніва, каб забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе. Сёння хімелі з’яўляюцца папулярным элементам сучаснага скандынаўскага дызайну.

Літаратура

Лобачевская О. А., Кузнецова Н. М. Возьми простую соломку. Мн., 1988; Сахута Я. М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997; Лабачэўская В. А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

Спасылкі

Катэгорыя:Беларускае народнае мастацтва Катэгорыя:Саломапляценне