Ве́ра Аро́мкэ Эмку́ль (; 15 траўня 1919, Уэлен, Магаданская вобласць, Чукоцкая аўтаномная акруга — 1985, Уэлен) — чукоцкая мастачка-гравёр, майстарка рэльефнай разьбы па косці. Першая задакументаваная жанчына-гравёр на Чукотцы. Заслужаны мастак РСФСР (1969). Лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі РСФСР імя І. Я. Рэпіна (1976).

Жыццяпіс Нарадзілася ў 1919 годзе ва Уэлене ў сям’і марскога паляўнічага і разьбяра Аромкэ, аднаго з заснавальнікаў Уэленскай кастарэзнай майстэрні. Маці Кіунэут займалася хатняй гаспадаркай. Аромкэ марыў пра сына, якому можна перадаць мастацтва марскога промыслу і разьбы па косці, і дзяўчынка, якая нарадзілася, атрымала імя Эмкуль ( — «пустое», «не нагружанае надзеяй»). Пасля ў сям’і разьбяра нарадзіліся восем хлопчыкаў, але ўсе яны неўзабаве памерлі. Мастацтву разьбы па косці Эмкуль вучылася ў бацькі. У 1935—1971 гадах працавала ў бацькоўскай кастарэзнай майстэрні.

Прымала ўдзел у акруговых, абласных і рэгіянальных выставах: «Савецкі Далёкі Усход» (Уладзівасток, 1967, 1974; Улан-Удэ, 1969); «Савецкая Расія» (Масква, 1967, 1970, 1975), «Па роднай краіне» (Масква, 1972), «Чукоцка-эскімоская разьба і гравюра па косці» (Масква, 1977), і таксама выставах твораў народнага мастацтва за мяжой.

Член Саюза мастакоў СССР, заслужаны мастак РСФСР. Лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі РСФСР імя І. Я. Рэпіна (1976).

Памерла на радзіме ва Уэлене ў 1985 годзе.

Творчасць Да сярэдзіны ў 1930-х гадоў разьба і гравіроўка па косці на Чукотцы традыцыйна лічыліся мужчынскімі заняткамі. Вера Эмкуль, якая нарадзілася ў сям’і разьбяра, стала першай задакументаванай чукчанкай, якая засвоіла прафесію гравёра. З пятнаццаці гадоў пачала працаваць ва Уэленскай кастарэзнай майстэрні. Першая праца Эмкуль у тэхніцы гравіроўкі была незвычайная — роспіс на маржовым ікле ў выглядзе нацыянальнага арнаменту.

1940-я гады былі часам станаўлення мастачкі. Акрамя метаду каляровай гравіроўкі маржовага ікла Эмкуль асвоіла і тэхніку рэльефнай разьбы па косці.

Т. Б. Мітлянская адзначае сюжэтную разнастайнасць кампазіцый Эмкуль. Значнае месца ў творчасці гравёра займаюць традыцыйныя чукоцкія сюжэты — свет мора і тундры (творы «У тундры і моры», «Алені і ваўкі», «Чукоцкае лета»), праца паляўнічых і аленяводаў («Паляванне на маржоў»), паказана таксама жыццё тагачаснай Чукоткі («Будаўніцтва ва Уэлене», «Праца і адпачынак чукоцкай калгасніцы», «Свята ў берагавым паселішчы»). Многія гравюры прысвечаны сюжэтам нацыянальнага фальклору і чукоцкіх народных казак.

У ліку мастацкіх асаблівасцяў гравюр Мітлянская ўказвае «дакладны малюнак, майстэрства кампазіцыі, разнастайнасць настрою». Для прац Эмкуль уласцівыя буйнамаштабныя выявы, што «робіць яе дакладны малюнак асабліва выразным і лёгка чытэльным».

Іншай асаблівасцю работ гравёра Мітлянская называе разнастайнасць прыёмаў: «у адным выпадку актыўна гучыць колер, у іншым — усё пабудавана на контурным малюнку». Разнастайнымі з’яўляюцца працы і па настроі: «Адны эмацыйныя, насычаны бурным пачуццём, запалам барацьбы, імклівасцю бегу; іншыя — лірычныя, сузіральныя і нават маюць эпічны характар».

З прац Веры Эмкуль, якія прадстаўляюць «вялікую цікавасць па сваёй мастацкай значнасці, па эмацыйнай манеры трактоўкі сюжэту», Мітлянская вылучае гравюру «Алені і ваўкі» (1956): Мастачка па-майстэрску перадае трывожны стан імкліва гнанага аленевага статка, пераследаванага ваўкамі. Першае ўражанне — дывановае запаўненне прасторы ікла, рытм чорна-шэрых плям з узорным сілуэтам. Затым глядач адрознівае мноства разнастайных выяў аленяў: тых, што бягуць наперад, тых, што раптоўна спыніліся з закінутымі рагамі, тых, распластаных у імклівым бегу. Найскладанейшая шматфігурная кампазіцыя вырашаецца мастачкай з вялізным майстэрствам. У выявах аленяў няма паўтораў; разам з тым яны выкананы ў адным стылі, падпарадкаваны адзінаму рытму, выказваюць адно пачуццё — страх. Выдатна ведаючы жывёл, Эмкуль перадае выразным малюнкам іхнія самыя складаныя ракурсы і рухі.

У 1960—1970-х гадах Вера Эмкуль выхавала некалькі пакаленняў майстроў-гравёраў, у ліку яе вучняў — Надзя Краснова, Галіна Тынатваль, Алена Янку.

Узнагароды і ганаровыя званні Заслужаны мастак РСФСР (1969) Дзяржаўная прэмія РСФСР імя І. Я. Рэпіна — «за стварэнне высокамастацкіх твораў народнага мастацтва з косці» (1976) Залаты медаль ВДНГ

Спадчына Працы Веры Эмкуль знаходзяцца ў Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Інстытута этналогіі РАН, Расійскім этнаграфічным музеі, маскоўскім Музеі Усходу, Усерасійскім музеі дэкаратыўнага мастацтва, Магаданскім абласным краязнаўчым музеі, музейным цэнтры «Спадчына Чукоткі» (Анадыр), Сергіева-Пасадскім дзяржаўным гісторыка-мастацкім музеі-запаведніку, музеі Уэленскай кастарэзнай майстэрні.

Дынастыя Пачатая з майстра Аромкэ дынастыя кастарэзаў і гравёраў працягнулася ў наступных пакаленнях. Атрыманае ў спадчыну ад бацькі мастацтва разьбы па косці Вера Эмкуль перадала сваім дзецям, якія сталі членамі Саюза мастакоў, — гравёру, заслужанай мастачцы Расійскай Федэрацыі Лідзіі Цяюцінай (1945—2012), разьбяру Віктару Цяюціну (нар. 1940), гравёру Таццяне Іванаўне Цяюцінай (нар. 1950), пазней мастацтва перайшло да яе ўнучкі Таццяне Львоўне Цяюцінай (нар. 1968).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Першыя жанчыны ў прафесіі Катэгорыя:Члены Саюза мастакоў СССР Катэгорыя:Мастачкі СССР Катэгорыя:Уэленская кастарэзная майстэрня