Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў» (МГА «БАСА») — незалежнае аб’яднанне студэнтаў-архітэктараў у Беларусі. Дзейнічала з 1993 г. па 2022 г.
МГА «БАСА» аб’яднала студэнтаў-архітэктараў усіх тэхнічных універсітэтаў краіны. Займалася нефармальнай адукацыяй і абменам досведам. Студэнты арганізоўвалі лекцыі беларускіх і замежных архітэктараў, праводзілі архітэктурныя форумы і школы, удзельнічалі ў Еўрапейскай асамблеі студэнтаў-архітэктараў і іншых міжнародных архітэктурных мерапрыемствах, займаліся вывучэннем і папулярызацыяй нацыянальнай культуры і архітэктуры.
Эмблема — чорны квадрат мастака Малевіча з мадулорам Ле Карбюзье, які вырываецца з яго. Гэта сімвалізуе імкненне выйсці за межы звычайнага светаўспрымання і паглядзець на праблемы грамадства з іншага боку для больш эфектыўнага іхняга вырашэння.
Гісторыя
Стварэнне У 1990 годзе студэнты архітэктурнага факультэта Беларускай політэхнічнай акадэміі ўпершыню далучылася да ўдзелу ў Еўрапейскай асамблеі студэнтаў-архітэктараў (EASA). Але зусім хутка зразумелі, што недастаткова толькі ўдзельнічаць у еўрапейскіх сустрэчах, знаходзіць ды ўжываць штосьці новае, але і самім быць рухавікамі новых ідэяў у краіне. На EASA ў 1992 годзе нацыянальнымі каардынатарамі Беларусі і Польшчы была прапанаваная ідэя правядзення сумеснай студэнцкай асамблеі «Яднанне» на тэрыторыі дзвюх краінаў. Тады падавалася, што ў хуткім часе не стане межаў паміж дзвюма краінамі, не павінна быць і межаў для творчасці. Перадпачатак падрыхтоўкі да асамблеі стаў пачатковым пунктам, калі было вырашана пераўтварыць беларускую секцыю EASA на асобную арганізацыю. Для польскіх студэнтаў-архітэктараў гэта таксама з’явілася штуршком да стварэння Агульнапольскага саюза студэнтаў-архітэктараў (OSSA) у 1997 годзе.
Першая ўстаноўчая канферэнцыя МГА «БАСА» адбылася 1 снежня 1993 года па ініцыятыве тых жа студэнтаў-архітэктараў БПІ, і ўжо 9 лютага 1994 г. БАСА была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь (перарэгістраваная 07 лютага 2006 г., пасведчанне аб рэгістрацыі № 01356).
Ліквідацыя Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь 18 траўня 2022 г. ліквідаваў МГА «БАСА», па выніку «інвентарызацыі», якая праводзілася «органамі юстыцыі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі» пасля палітычных пратэстаў 2020 г. Асацыяцыя была выключаная з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб 08.01.2024 гhttps://www.svaboda.org/a/31900881.htmlhttps://euroradio.fm/vyarhouny-sud-likvidavau-belaruskuyu-asacyyacyyu-studentau-arhitektarau.
Кірункі працы Асноўныя кірункі працы МГА «БАСА» ў 1993—2022 гадах: правядзенне архітэктурных вандровак па беларускіх помніках і памятных мясцінах; даследаванне, інвентарызацыя помнікаў архітэктуры і ўдзел у аднаўленчых работах; грамадскі кантроль за захаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцей; правядзенне мастацкіх пленэраў, майстэрняў, майстар-класаў, выставаў; правядзенне творчых сустрэч, лекцый, семінараў, дыскусій; абмен досведам паміж студэнтамі-архітэктарамі розных беларускіх ВНУ і студэнтамі іншых сумежных спецыяльнасцей; удзел у міжнародных архітэктурных форумах і асамблеях; арганізацыя прыезду замежных лектараў, выкладчыкаў і студэнтаў для ўдзелу ў мерапрыемствах і абмену досведам; правядзенне адукацыйных Форумаў і школаў; летнія валанцёрскія акцыі па даследаванні і захаванні культурнай спадчыны — Летнікі; правядзенне праглядаў фільмаў на архітэктурную тэматыку з адкрытай дыскусіяй і абмеркаваннем — АРХкіно; папулярызацыя нацыянальнай культуры і архітэктуры; папулярызацыя сучасных падыходаў да архітэктурнай адукацыі і праектавання; стварэнне вучэбна-метадычнай літаратуры; выданне студэнцкай архітэктурнай газеты "Архітэктоніка". Летнікі Самым рэгулярным і масавым кірункам дзейнасці сталі валанцёрскія Летнікі МГА «БАСА».
Летнікі – гэта летнія студэнцкія акцыі, галоўнымі мэтамі якіх было развіццё архітэктурнай навукі і адукацыі праз даследаванне і захаванне матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны і фармаванне супольных каштоўнасцяў на прынцыпах пачуцця адказнасці і гістарычнае памяці.
Студэнты ладзілі выязныя мерапрыемствы на 7-20 дзён у нейкай гістарычнай мясціне, каб правесці вывучэнне, кансервацыю, ці далучыцца да аднаўленчых прац на гістарычным аб’екце. Асноўныя працы спалучаліся з тэматычнымі лекцыямі, дыскусіямі, творчымі майстэрнямі, пленэрамі, экскурсіямі, знаёмствам і абменам досведам са студэнтамі архітэктурных і іншых сумежных спецыяльнасцяў з іншых ВНУ.
Першы архітэктурны летнік «Альба» адбыўся ў Нясвіжы ў 1998 г. Летнікі ладзіліся штогод да самай ліквідацыі арганізацыі. Асноўнымі месцамі правядзення сталі Любча, Крэва, Строчыцы, Лынтупы, Альба, Мураванка, Гальшаны, Шчорсы, Косава.
Форумы
Мэтай правядзення форумаў было стымуляванне актыўнасці студэнцкай архітэктурнай суполкі, стварэнне ўмоў для самаадукацыі студэнтаў. Форумы ўяўлялі інтэнсіўную 5-6 дзённую праграму, якая складалася з групавой працы над канцэптуальнай праектнай задачай у кантэксце вызначанага месца і агульнай тэмы мерапрыемства, а таксама інтэнсіва лекцый. Праца ў групах вялася пад кіраўніцтвам вядомых беларускіх і замежных цьютараў (архітэктараў, рэстаўратараў, дызайнераў, мастакоў), якія арганізоўвалі супольную працу ўдзельнікаў, прапаноўвалі методыку вырашэння задач, стымулявалі і падтрымлівалі ініцыятыву, кантралявалі вынік і прэзентацыю матэрыялу.
Першы форм ArchEVOLUTION адбыўся ў Брэсце ў 2006 г.
Выдавецкая дзейнасць МГА «БАСА» выпускала газету «Архітэктоніка». Газета была заснаваная Андрусём Асмалоўскім у 1997 г. (Гомельская філія МГА «БАСА») і выходзіла з перапынкамі да 2010 г. Агулам было выдадзена 16 нумароў. З развіццём інтэрната адукацыйныя і інфармацыйныя матэрыялы пачалі распаўсюджвацца праз асноўныя сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-выданні.
Крыніцы
Спасылкі Статут МГА «БАСА» Старонка на Фэйсбуку Старонка ў VK Архітэктоніка — газета МГА «БАСА»
Катэгорыя:Беларускія грамадскія арганізацыі Катэгорыя:Маладзёжныя арганізацыі Катэгорыя:Архітэктура Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі Беларусі, ліквідаваныя рэжымам Лукашэнкі (2021)