«Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (ДАБМ) — сістэматызаваны збор лінгвістычных карт, якія пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстроўваюць размяшчэнне разнастайных асаблівасцей беларускай народнай мовы на тэрыторыі Беларусі; першы атлас асобнай нацыянальнай мовы сярод славянскіх народаў.
Атлас выдадзены ў 1963 годзе. Паказвае рэальны стан беларускіх гаворак у сярэдзіне XX стагоддзя, дэманструе іх прасторавае ўзаемаразмяшчэнне і характар узаемаадносін паміж сабой, дае выразнае ўяўленне пра фанетычную сістэму, граматычную структуру і лексічныя асаблівасці мясцовага маўлення, ілюструе сувязі і кантакты беларускіх гаворак з рускімі, украінскімі і балтыйскімі дыялектамі.
Гісторыя стварэння На Першай рэспубліканскай дыялекталагічнай канферэнцыі ў АН БССР (1948) быў прыняты агульны план стварэння дыялекталагічнага атласа беларускай народнай мовы. Меркавалася сабраць звесткі пра гаворкі жыхароў прыкладна 1500 вёсак Беларусі раўнамерна на адлегласці 10-15 км адна ад адной. На пачатку 1950 года АН БССР была выдадзена «Праграма па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання дыялекталагічнага атласа беларускай мовы», якая стала канчатковай асновай па збіранні матэрыялаў для ДАБМ. Яны былі сабраны ў асноўным на працягу 1950—1955 гадоў шляхам экспедыцыйных выездаў дыялекталагічных атрадаў, у склад якіх уваходзілі вучоныя-дыялектолагі, выкладчыкі-філолагі вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, спецыяльна падрыхтаваныя да гэтай работы студэнты. Збіральніцкай працай кіравалі Н. Т. Вайтовіч, М. А. Жыдовіч, Ю. Ф. Мацкевіч.
Структура Атлас надрукаваны ў дзвюх частках.
Першая — кніга-альбом лінгвістычных і даведачных карт — змяшчае 7 дапаможных (гістарычна-адміністрацыйных) і 338 лінгвістычных карт, у тым ліку 64 фанетычныя, 115 марфалагічных, 17 акцэнталагічных, 21 сінтаксічную і 121 лексічную.
У другой асобнай кнізе надрукаваны спісы даследаваных населеных пунктаў са звесткамі пра іх і навуковых прац па беларускай дыялекталогіі з часоў яе зараджэння да выхаду атласа, а таксама грунтоўны тэарэтычны артыкул Р.І. Аванесава па лінгвагеаграфіі і неабходныя каментарыі да кожнай з 338 лінгвістычных карт.
Пазней матэрыялы атласа былі прааналізаваны і абагульнены ў працы «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кнігі 1—2, 1968—1969).
Узнагароды За комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі калектыву аўтараў (Г.У. Арашонкава, М.В. Бірыла, Н.Т. Вайтовіч, І.М. Гайдукевіч, А.П. Груца, З.Ф. Краўчанка, А.А. Крывіцкі, Ю.Ф. Мацкевіч, А.Р. Мурашка, Я.М. Рамановіч, А.І. Чабярук, В.М. Шэлег) і рэдактараў (Р.І. Аванесаў, К. Крапіва, Ю.Ф. Мацкевіч) прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР у 1971 годзе.
Крыніцы
Літаратура Міхайлаў, П. А. «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.
Спасылкі
Катэгорыя:Атласы беларускай мовы