Ёст Людвік Дэцый (, сапраўднае імя Ёдак Дзіц (Dietz); нар. каля 1485, г. Вісембург, Эльзас — ) — польскі гісторык, эканаміст, дыпламат.
Біяграфія Паходзіў з мяшчан. У 15 гадоў перасяліўся ў Маравію, займаўся гандлем, праблемамі горнай і манетнай справы. Прыкладна з 1507 г. у Кракаве, сакратаром банкіра Я. Бонера, з 1520 г. — сакратар караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. З даручэннямі Бонера і Жыгімонта шмат разоў выязджаў у розныя краіны, галоўным чынам, у Італію.
З 1525 г. удзельнічаў у правядзенні грашовай рэформы, загадваў манетнымі дварамі ў Кракаве і Торуні. З 1535 г. займаўся прадпрымальніцтвам у Сілезіі і Кракаўскай зямлі.
У палітычным жыцці быў прыхільнікам Габсбургаў, падтрымліваў цесныя сувязі з прускім герцагам Альбрэхтам, перапісваўся з гуманістамі і грамадскімі дзеячамі, у тым ліку з Эразмам Ратэрдамскім, М. Лютэрам.
Набыў вядомасць як мецэнат і кнігавыдавец. У 1521 г. у Кракаве разам з 2-м выданнем «Хронікі палякаў» Марціна з Мехава надрукаваны на лацінскай мове гістарычныя творы Дэцыя «Пра старажытных палякаў» («De vetustatibus Polonorum», кампіляцыя сачыненняў розных аўтараў), «Пра фамілію Ягелонаў» («De Jagellonum familia», апрацаваныя вытрымкі з працы Мацея з Мехава), «Пра часы караля Жыгімонта» («De Sigismundi regis temporibus»). Апошняя кніга — арыгінальны твор пра першыя гады панавання Жыгімонта Старога (1506—17), у якой утрымліваюцца каштоўныя звесткі пра войны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім, мяцеж Глінскіх 1508 г. У 1527 г. выдаў апісанне перамогі над татарамі ў бітве на Альшаніцы (1527).
Крыніцы
Літаратура Decjusz, Jost Ludwik. Contenta: De vetustatibus Polonorum liber I; De Iagellonum familia liber II; De Sigismundi regis temporibus liber III. — 1521 Jodok Ludwik Decjusz — Księga o czasach króla Zygmunta, przekład zespołowy pod kierunkiem K. Kumanieckiego, wstęp T. Bieńkowski, «Biblioteka Meandra» 28, PWN, Warszawa 1960 Hirschberg A. O życiu i pismach J.L.Decjusza. Lwów, 1874. Валерый Пазднякоў. Ёст Людвік Дэцый. // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БЭ, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с — ISBN 985-11-0314-4 °C. 614
Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:гісторыкі Польшчы Катэгорыя:Дыпламаты Рэчы Паспалітай