Фрыдрых Ёзэф Фенц (, , Газен, Аўстра-Венгрыя — , Беларусь) — адзін з кіраўнікоў германскага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, групенфюрар СА.

Біяграфія Нарадзіўся 5 снежня 1892 года ў Газене, Аўстра-Венгрыя. З 1 верасня 1912 года фенрых 4-га пяхотнага палка «Гох-унд-Дойчмейстэр» Аўстра-Венгерскай арміі. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Улетку 1914 года ўзведзены ў лейтэнанты, 1 ліпеня 1915 года ў обер-лейтэнанты. Пасля дэмабілізацыі ў 1918 годзе ўступіў у добраахвотніцкі корпус. 1 лютага 1928 года ўступіў у НСДАП (квіток № 81 622).

З канца 1933 года камандзір групы СА «Зюдмарк» у Аўстрыі. У 1934 годзе быў арыштаваны і высланы ў Югаславію. З красавіка 1934 года ў Мюнхене знаходзіўся ў падраздзяленні Hilfswerks Nordwest, якое складалася з аўстрыйскіх членаў НСДАП.

З 1936 года брыгадэфюрар СА, намеснік камандзіра і начальнік штаба групы СА «Курпфальц» (са штаб-кватэрай у Мангейме). З 1 студзеня 1937 года камандзір групы СА «Курпфальц». З 1 снежня 1939 года ў чыне капітана праходзіў ваенную службу ў Грацы.

З 1941 года гаўпткамісар галоўнай акругі Баранавічы. Як піша Егуда Баўэр, «нягледзячы на сваю высокую пасаду, ён практычна ніколі не згадваецца» ў сведчаннях, звязаных з забойствам яўрэяў. Тым не менш, 4 ліпеня 1942 года па прамым загадзе Фенца немцы расстралялі 13 яўрэйскіх урачоў і дантыстаў, якія абслугоўвалі не толькі яўрэйскае, але і беларускае насельніцтва.

17 лютага 1943 года Фенц з некаторымі іншымі высокапастаўленымі нацыстамі адправіўся на паляванне на кабаноў у Машукоўскі лес. Група партызан пад камандаваннем Кірыла Арлоўскага арганізавала засаду. У баі з партызанамі Фенц быў забіты. За гэту аперацыю Кірылу Арлоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Узнагароды Жалезны крыж 2-га класа (1914) Крыж Ваенных заслуг (Аўстра-Венгрыя) 3-га класа з мячамі Сілезскі арол Ганаровы крыж ветэрана вайны Крыж ваенных заслуг 2-й ступені з мячамі Залаты партыйны знак НСДАП

Крыніцы

Літаратура Ермаков А. М. Вермахт против евреев. Война на уничтожение . , 2009. 416 с Erich Stockhorst: Fünftausend Köpfe. Blick + Bild Verlag, 1967 Christian Gerlach: Kalkulierte Morde. Hamburger Edition, 1999. ISBN 3-930908-54-9

Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Аўстра-Венгрыя) Катэгорыя:Члены фрайкора Катэгорыя:Члены НСДАП Катэгорыя:Афіцэры СА Катэгорыя:Кіраўнікі акупацыйнага рэжыму нацысцкай Германіі Катэгорыя:Постаці Халакоста ў Беларусі Катэгорыя:Злачынцы Халакоста Катэгорыя:Загінулі ў баях Другой сусветнай вайны