Надзея Гаўрылаўна Бранавец (нар. , пас. Маяк, Слуцкі раён, Мінская вобласць) — беларуская мастачка, працуе ў галіне станковага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу і графікі.
Біяграфія Нарадзілася года ў пасёлку Маяк Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. З 1957 года жыла ў Мінску, працавала рэтушоркай у друкарні і займалася ў студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам В. К. Гоманава. У 1958 годзе паступіла на мастацкі факультэт Маскоўскага паліграфічнага інстытута, аднак праз два гады працягнула навучанне ўжо ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, які скончыла ў 1967 годзе па спецыяльнасці «графіка». Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 1962, паводле іншых звестак — з 1967 года.
З 1968 года жыве ў Баранавічах, дзе працуе ў мастацка-вытворчых майстэрнях Мастацкага фонду Беларусі. Таксама займалася выкладчыцкай дзейнасцю: была кіраўніцай студыі выяўленчага мастацтва пры Доме афіцэраў, пазней працавала ў дзіцячай мастацкай школе.
Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 года. Творчай майстэрняй для Надзеі Бранавец становіцца і яе родная хата ў вёсцы Маяк, дзе яна стварае працы ў тэхніках алею і акварэлі на тэмы мясцовых краявідаў і вобразаў аднавяскоўцаў. У 1987 годзе ў Слуцку ў кінатэатры «Цэнтральны» і ў Маяцкім доме культуры адбыліся яе персанальныя выстаўкі пад назвай «Вобразы мілыя роднага краю».
Жыве ў г. Баранавічы.
Творчасць Працуе ў галіне станковага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу (вітраж, сграфіта, фрэска), а таксама графікі, кніжнай ілюстрацыі. Сярод асноўных твораў — палотны «Партрэт маці»; «Мікола Гусоўскі» (1988), «Партрэт дзяўчыны» (захоўваецца ў Брэсцкім краязнаўчым музеі), серыя «Мой родны кут» — у тэхніцы алейнага жывапісу. Працавала і ў тэхніцы акварэлі. Большасць графічных твораў выканана ў змешанай тэхніцы, сярод якіх — «Партрэт Цёткі», што захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Зрабіла ілюстрацыі да твораў Цёткі (А. Пашкевіч).
Асноўныя манументальныя творы: дванаццаць кампазіцый «Поры года» (1988, рэстаран вакзала «Баранавічы Палескія»), выкананых у тэхніцы літога каляровага вітража на цэментнай аснове, шэсць вітражоў «Музы» (1981, музычнае вучылішча, г. Баранавічы), «Алхімікі» (аптэка № 146, г. Баранавічы), «Жыццё» (аптэка № 142, г. Брэст), роспіс «Песня пра Беларусь» (1992, крамa «Кветкі», г. Баранавічы), роспісы «Чатыры поры года» і «Беларуская полька» (1985—1986, Цэнтральны палац грамадзянскіх абрадаў, г. Баранавічы);.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Мастакі Беларусі XX стагоддзя Катэгорыя:Мастакі-вітражысты Беларусі Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Беларусі