King's Field III () — ролевая відэагульня ад першай асобы на сярэдневяковую тэматыку, распрацаваная кампаніяй FromSoftware для PlayStation у 1996 годзе. Гэта трэцяя гульня ў серыі King's Field і апошняя для арыгінальнай PlayStation. Гульня выйшла 21 чэрвеня 1996 года ў Японіі і 20 лістапада 1996 года ў Паўночнай Амерыцы. Англамоўная версія была перанумаравана і перайменавана на King's Field II, паколькі арыгінальная King's Field была выпушчана толькі ў Японіі.
Ацэнкі і водгукі Пасля выхаду гульні, японскі гульнявы часопіс Famitsu ацаніў яе на 28 пунктаў з 40.
Водгукі пра King's Field III хвалілі вялізныя памеры гульнявога свету і як следства вялікую трываласць гульні і крытыкавалі павольны рух і бой персанажаў. Пры гэтым ацэнка крытыкаў раздзялілася. З чатырох рэцэнзентаў Electronic Gaming Monthly, Шон Сміт высока ацаніў некаторыя элементы гульні, але прызнаў яе геймплэй занадта нудным, Дэн Хсу і Крыспін Боер рэкамендавалі гульню праз геймплэй ад першай асобы і шматлікія паляпшэнні ў параўнанні з папярэднімі гульнямі серыі, а Sushi-X сцвярджаў, што гульня апярэдзіла свой час, выкарыстоўваючы дызайн і механікі, якія стварылі б добрую будучыню для RPG, але працуе надта павольна на сучасным абсталяванні. Art Angel з GamePro адзначыў паляпшэнне ў параўнанні з King's Field II, але заўважыў, што павольны, незбалансаваны бой застаецца істотным недахопам, адзначаючы, што «усё на экране выглядае так, нібы яно рухаецца пад вадой. Блізкі бой супраць істоты нізкага ўзроўню можа заняць да пяці хвілін». На сканчэнне ён выказаў надзею, што далейшых гульняў у серыі не будзе. Грэг Касавін з GameSpot таксама меркаваў, што паляпшэнне ў параўнанні з King's Field II было недастатковым, але ў першую чаргу таму, што распрацоўшчыкі больш дапрацавалі пачатковую задуму, чым уводзілі новыя механікі. Ён прыйшоў да высновы: «Першая гульня серыі King's Field была цудоўнай гульнёй, а яе працягі сталі яшчэ лепшымі. Гэта захапляльнае, нелінейнае падарожжа, напоўненае да краёў мячамі, чарадзействам і сакрэтамі». Крытык з Next Generation сказаў, што злучэнне жанру экшн і RPG прыводзіць да таго, што гульня з’яўляецца павярхоўнай і нуднай паводле стандартаў абодвух жанраў, хаця ён меркаваў, што гэта ўсё роўна можа быць прымальна для гульцоў, якім падабаецца яе павольны тэмп.
Крыніцы
Катэгорыя:Відэагульні 1996 года