Юзаф Монтвіл () — віленскі банкір і прадпрымальнік; грамадскі дзеяч, філантроп і мецэнат. Дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ІІІ склікання.
Біяграфія Паходзіў з сям’і польскіх землеўладальнікаў Станіслава Мацея Монтвіла і Аляксандры з ДаўгялаўKozłowski E. Montwiłł Józef (1850—1911) // Polski Słownik Biograficzny. — T. XXI. — 1976. — S. 673—674..
У 1866 годзе скончыў Віленскую гімназію, у 1872 — юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, пазней вывучаў сацыялогію і эканоміку ва ўніверсітэтах Берліна, Вены і Кракава. Некаторы час ён кіраваў сямейным маёнткам у Шатах (Ковенская губерня).
У 1885 г. пачаў працаваць дырэктарам Землеўласніцкага банка ў Вільні. Неўзабаве ён таксама стаў членам кіраўніцтва мясцовага Камерцыйнага банка. У 1893—1905 гг. быў членам Віленскай гарадской думы, у 1897 г. быў абраны гарадскім старшынёй, але царскія ўлады не зацвердзілі яго на гэтай пасадзе.
Быў вядомы сваёй грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю. Заснаваў, сярод іншага, ткацкую школу «Бірута» ў Шатах і мастацкае таварыства «Лютня», удзельнічаў у стварэнні Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, Таварыства сяброў навукі, Таварыства музея навукі і мастацтва, Таварыства апекі над дзяўчатамі, Таварыства апекі над дзецьмі і Таварыства ўладкавання кватэр, быў старшынёй гарадской думы нагляду за апекай над беднымі і Наглядальнай рады Польскага таварыства «Oświata».
У 1907 годзе ён стаў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ІІІ склікання ад Вільні. Узначаліў у Думе Польска-Літоўска-беларускае кола, удзельнічаў у працы фінансавай і аграрнай камісій. Паводле сваіх поглядаў, належаў да краёўцаў кансерватыўна-ліберальнага кірунку, падтрымліваў ідэю аўтаноміі для зямель гістарычнай Літвы, выступаў за пашырэнне мясцовага самакіравання, некаторае пашырэнне сялянскага землеўладання за кошт памешчыцкіх земляўСмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — C. 146—147, 149, 152, 168—169, 263.. Выступаў у думе з патрабаваннямі адмены абмежавальных законаў у беларускіх і літоўскіх губернях. У 1908 годзе ўступіў у Саюз краёвай працы, які ставіў мэтай садзейнічанне гаспадарчаму і культурнаму развіццю краю.
У 1908 годзе прыняў удзел у Славянскім з’ездзе ў Празе. Напрыканцы жыцця ініцыяваў будаўніцтва Польскага дома ў Вільні.
Памёр 20 лютага 1911 года ў Вільні пасля кароткай хваробы ў Вільні і быў пахаваны на могілках Росы.
Уласнай сям’і не меў. Брат, Станіслаў Монтвіл (1841—1916), быў удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў.
Крыніцы
Літаратура Государственная дума Российской империи: 1906—1917 / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва: РОССПЭН, 2008. Запруднік Я. Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917 гг.) // АРСНЕ. — 2009. − № 1−2 (76−77), с. 43-217. Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. Kozłowski E. Montwiłł Józef (1850—1911) // Polski Słownik Biograficzny. — T. XXI. — 1976. — S. 673—674. Posłowie polscy w parlamencie rosyjskim 1906—1917: słownik biograficzny / Cz. Brzoza, K. Stepan. — Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2001. Wierzchowski M. Sprawy Polski w III i IV Dumie Państwowej, Warszawa 1966.
Спасылкі
Катэгорыя:Памерлі ў 1911 годзе Катэгорыя:Пахаваныя на могілках Роса Катэгорыя:Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі III склікання Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1850 годзе