Вайра Віке-Фрэйбэрга (; ) — латвійскі дзяржаўны дзеяч, Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі з 8 ліпеня 1999 года да 7 ліпеня 2007 года. Спецпасланнік Генеральнага сакратара ААН, віцэ-старшыня Групы экспертаў па доўгатэрміновай будучыні Еўрапейскага Саюза.

Біяграфія Нарадзілася 1 снежня 1937 года ў Рызе (Латвія).

31 снежня 1944 года сям’я збегла ў Германію ад савецкіх войскаў. Пачатковую адукацыю атрымала ў латышскай школе ў лагеры бежанцаў у Любеку (Германія) і ў французскай жаночай гімназіі ў Касабланцы (Марока).

У 1953 годзе сям’я перасялілася ў Канаду, дзе Вайра працавала клеркам у банку і сартавальніцай лістоў.

У Канадзе вучылася ва ўніверсітэце Таронта і ўніверсітэце McGill, дзе ў 1965 годзе атрымала доктарскую ступень па псіхалогіі.

Між 1965 і 1998 гадамі выкладала псіхалогію ў Манрэальскім універсітэце. У гэты час актыўна ўдзельнічала ў жыцці латышскай грамады Канады, шмат яе даследаванняў былі прысвечаны традыцыйнаму латышскаму фальклору, дайнам.

Займала пасаду прэзідэнта Канадскага псіхалагічнага таварыства, Федэрацыі грамадскіх навук Канады і Аб’яднання па развіцці вывучэння краін Балтыі. Узначальвала Навуковы савет Канады, з’яўляецца членам Савета жанчын-лідараў свету. У 1999 годзе абрана ў члены Акадэміі навук Латвіі.

У 1998 годзе вярнулася ў Латвію, дзе ўзначаліла Інстытут Латвіі — арганізацыю, што займаецца прамоцыяй Латвіі за мяжой.

У 1999 годзе была абрана Презідэнтам Латвійскай Рэспублікі. Спачатку не вылучала сваёй кандыдатуры, але Сейм не здолеў абраць прэзідэнта з заяўленых кандыдатаў, таму Віке-Фрэйбэрга, як вельмі паважаная ў грамадстве дзяячка, не звязаная з пэўнай палітычнай сілай, стала кампрамісным кандыдатам.

Падчас двух прэзідэнцкіх тэрмінаў мела высокую папулярнасць, яе рэйтынг сягаў 70-85 %. Праводзіла актыўную знешнюю палітыку, запомнілася рэзкімі выказваннямі ў бок Расіі і актыўнымі дзеяннямі па далучэнні Латвіі да НАТА і Еўрапейскага Саюза (членства ў абедзвюх арганізацыях атрымана Латвіяй у 2004 годзе). Падтрымала амерыканскую кампанію ў Іраку ў 2003 годзе.

Сям’я Муж — Імантс Фрэйбергс (1934—2026), прэзідэнт Латвійскай асацыяцыі інфармацыйных тэхналогій і тэлекамунікацый. Сужэнцы ажаніліся ў 1960 годзе. Старэйшы сын Карліс жыве ў Латвіі, дачка Індра працуе ў Лондане. Малодшы сын пары Іварс (нар. і пам. 1966) памёр праз два дні пасля нараджэння.

Крыніцы

Спасылкі

Афіцыйны сайт В. Віке-Фрэйбэрга на афіцыйным сайце прэзідэнта Латвіі

Катэгорыя:Выкладчыкі ВНУ Канады Катэгорыя:Жанчыны-прэзідэнты Катэгорыя:Прэзідэнты Латвіі Катэгорыя:Палітыкі-эмігранты Катэгорыя:Ганаровыя дактары Бакінскага дзяржаўнага ўніверсітэта Катэгорыя:Кавалеры ордэна Ізабелы Каталічкі з ланцугом